10 красавіка 2026
10 красавіка дырэктар Офіса ў Літве Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з кіраўніцай Дэпартамента міграцыі Індрэ Гаспэрэ.
Ад імя Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі падзякаваў Дэпартаменту міграцыі за працу і асобна — за дапамогу ў легалізацыі былых палітзняволеных, якіх вывезлі з Беларусі ў Літву.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя актуальныя пытанні, звязаныя з міграцыйнымі працэдурамі, легалізацыяй і выклікамі, з якімі сутыкаюцца заяўнікі. На сённяшні момант амаль 50 тысячаў беларусаў маюць у Літве віды на жыхарства.
Па выніках сустрэчы адзначана:
— У чэрвені плануецца правядзенне агульнай сустрэчы з удзелам зацікаўленых арганізацыяў. Разглядаецца магчымасць правядзення мерапрыемства на пляцоўцы Дэпартамента міграцыі. На сустрэчу таксама будуць запрошаныя прадстаўнікі беларускіх і літоўскіх арганізацыяў, у тым ліку — прафесійных супольнасцяў.
— Разглядаецца магчымасць увядзення больш празрыстай сістэмы адсочвання статусу заяваў і тэрмінаў іх разгляду. Плануецца, што абноўленая сістэма дазволіць лепш адлюстроўваць статус знаходжання заяўнікаў і знізіць рызыкі непаразуменняў адносна іх права законнага знаходжання ў Літве.
— Пакуль заява разглядаецца, меры прымусовага выезду з краіны не будуць прымяняцца: перыяд разгляду з’яўляецца падставай для вашага легальнага знаходжання ў Літве.
— Таксама падчас сустрэчы былі ўзнятыя асобныя пытанні атрымання праязнога дакумента замежніка беларусамі, якія не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь і атрымаць пашпарт.
Падчас сустрэчы кіраўніцы Дэпартамента таксама быў перададзены дакумент ад юрыдычнага дэпартамента Офіса Святланы Ціханоўскай з актуальнай праблематыкай па легалізацыі беларусаў у Літве. Пытанні, узнятыя ў дакуменце, будуць уважліва вывучаныя.
❗️ Рэкамендацыя: падавайце дакументы загадзя — прыкладна за 6 месяцаў да заканчэння бягучага статусу.
Калі ў вас тэрміновы выпадак, які патрабуе аператыўнай рэакцыі, Вы можаце звярнуцца па дапамогу ў юрыдычны дэпартамент нашага Офіса: legal@tsikhanouskaya.org. На падставе аб’ектыўных крытэраў інфармацыя пра Ваш кейс можа быць перададзеная ў Дэпартамент міграцыі ў належным працэсуальным парадку.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
09 красавіка 2026
9 красавіка 2026 года адбылася рабочая сустрэча намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Паўла Латушкі і кіраўніка прававой камісіі Каардынацыйнай Рады Міхаіла Кірылюка з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF). У сустрэчы таксама ўзяў удзел прадстаўнік Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы.
У цэнтры абмеркавання падчас сустрэчы былі праблемы банкаўскага абслугоўвання грамадзян Беларусі, якія пражываюць у Польшчы і якія тычацца:
былых палітвязняў і іншых асобаў, якія чакаюць міжнароднай абароны;
асобаў, якія праходзяць працэдуру легалізацыі свайго знаходжання (чакаюць атрымання дазволу на жыхарства, у тым ліку яго падаўжэння);
грамадзян з пратэрмінаванымі пашпартамі (падаўжэнне якіх аб’ектыўна немагчымае) і без пашпартоў зусім;
іншых катэгорый грамадзян Беларусі.
Павел Латушка праінфармаваў прадстаўнікоў органаў фінансавага нагляду Польшчы пра тое, што беларусы часта сутыкаюцца з праблемамі:
адмоў у адкрыцці рахункаў у польскіх банках;
абмежаванняў у карыстанні банкаўскімі мабільнымі прыладамі;
блакавання сродкаў на рахунках;
і інш.
Польскаму боку былі прадстаўлены канкрэтныя кейсы беларусаў, якія сутыкнуліся з цяжкасцямі пры абслугоўванні ў банках. Гэтыя прыклады былі сабраны ў тым ліку праз чат-бот НАУ, а таксама прадстаўлены Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» (агулам больш за 40 кейсаў).
Прадстаўнікі Камісіі фінансавага нагляду Польшчы і Генеральнага інспектара фінансавай інфармацыі Міністэрства фінансаў Польшчы адзначылі, што пачнуць унутрыведамасныя працэдуры па ўзгадненню магчымых рашэнняў, якія могуць прывесці да зняцця часткі цяжкасцяў з адкрыццём і функцыянаваннем банкаўскіх рахункаў, з Упраўленнем па справах замежнікаў, Міністэрствам унутраных спраў і Нацыянальнай падатковай адміністрацыяй Польшчы.
Камісія фінансавага нагляду Польшчы паведаміла, што па выніках папярэдняй камунікацыі НАУ з KNF да польскіх банкаў ужо даведзена інфармацыя пра неабходнасць прызнання часовага пасведчання асобы замежніка (TZTC) у якасці дакумента, які пацвярджае асобу. На дадзены момант банкі завяршаюць адаптацыю ўнутраных працэдур, у тым ліку праграмнага забеспячэння, для практычнага прымянення пры абслугоўванні грамадзян Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, асобныя банкі ўжо пачалі адкрываць рахункі на падставе TZTC.
«У сувязі з праблемай трактоўкі абмежаванняў ЕС, якія ўплываюць на выкарыстанне мабільнага банкінгу грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі Еўрасаюза, мы накіруем адпаведныя звароты ў Нацыянальную падатковую адміністрацыю, якая гэтаксама як KNF мае права трактаваць нормы права ў фінансавай сферы, а таксама паўторна ў Еўрапейскую камісію.
Работа па абароне правоў беларусаў за мяжой працягнецца. Мы і далей адкрытыя да вашых зваротаў, і праблем і гатовыя працаваць над іх вырашэннем. Пра прынятыя рашэнні польскага боку будзем інфармаваць», — адзначыў Павел Латушка.
Крыніца: НАУ
07 красавіка 2026
7 красавіка падчас візіту ў Мадрыд Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Іспаніі Педра Санчэсам.
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета падзякавала за падтрымку свабоднай Беларусі, паслядоўную дапамогу Украіне і прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Яна таксама выказала ўдзячнасць за вырашэнне праблемаў з легалізацыяй: дзякуючы працы Офіса і беларускай дыяспары ў Іспаніі ўрад пачаў прызнаваць пратэрмінаваныя беларускія пашпарты, а таксама адзначыла падтрымку з боку ўсіх іспанскіх інстытуцыяў.
Ціханоўская распавяла пра працэс вызвалення палітвязняў, а таксама пра складанасці, з якімі яны сутыкаюцца пасля вызвалення або прымусовага выдварэння з краіны. Яна падкрэсліла, што амерыканскі трэк мае гуманітарны характар, аднак важна не толькі вызваляць людзей з турмаў, але і перадухіляць з’яўленне новых палітвязняў, а таксама ствараць умовы для дэмакратызацыі.
Асобна абмеркавалі сітуацыю ва Украіне і новыя адносіны з украінскай уладай. Ціханоўская распавяла пра сустрэчу з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і адзначыла, што новая дынаміка супрацоўніцтва можа паўплываць на сітуацыю ў Беларусі, а таксама дапамагчы ў практычным вырашэнні шэрагу пытанняў.
Таксама Ціханоўская распавяла пра працу дэмакратычных сілаў Беларусі і грамадзянскай супольнасці, дзейнасць Міжнароднага гуманітарнага фонду. Акрамя таго, бакі абмеркавалі праблемы беларусаў у Іспаніі і магчымыя шляхі іх вырашэння.
Удзел у сустрэчы таксама бралі дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі і Таццяна Марыніч — прадстаўніца беларускай супольнасці ў Мадрыдзе і заснавальніца Imaguru, намінаваная на пасаду Кіраўніцы Офіса дэмакратычных сілаў у Мадрыдзе.
«Прэм’ер выдатна ведае нашыя праблемы, і запэўніў мяне, што пазіцыя Іспаніі застаецца нязменнай.Іспанія выразна раздзяляе беларусаў і рэжым, Беларусь і Расію, будзе падтрымліваць тых, хто тут у Іспаніі знайшоў бяспечны прытулак. Мы шмат гаварылі пра палітвязняў, Украіну, адносіны з ЗША, і канешне, што яшчэ з Іспаніяй мы можам зрабіць разам.
Нам важна каб еўрапейская пазіцыя заставалася паслядоўнай, каб дабіцца сістэмных пераменаў у Беларусі. Іспанія сама праходзіла праз дыктатуру, яе падтрымка нам важная сёння, а досвед Іспаніі спатрэбіцца Беларусі ў будучыні», — адзначыла Ціханоўская па выніках сустрэчы.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
06 красавіка 2026
сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца ў крытычным стане: не слабеюць дзяржаўны тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, палітычных апанентаў, удзельнікаў пратэсных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў;
няма падстаў гаварыць аб паляпшэнні сітуацыі, паказчыкі рэпрэсій знаходзяцца на высокім узроўні, параўнальным з папярэднімі гадамі: колькасць палітвязняў знаходзіцца на ўзроўні пачатку 2022 года, не сціхаюць рэпрэсіі ўсіх відаў, высокімі тэмпамі папаўняюцца спісы і пералікі, якія з'яўляюцца адпраўным пунктам пераследу апанентаў рэжыму і іншадумцаў; арганізацыям грамадзянскай супольнасці нанесены непапраўныя страты: ліквідаваныя і не маюць шанцаў у найбліжэйшай будучыні аднавіць дзейнасць у Беларусі ўсе апазіцыйныя партыі і палітычныя арганізацыі, ліквідаваныя або выціснутыя за мяжу праваабарончыя і іншыя патэнцыйна непрымальныя для рэжыму арганізацыі; рэжым адкрыта ажыццяўляе дэпартацыі і трансгранічны пераслед па палітычнай прыкмеце; дэмантаваны канстытуцыйныя гарантыі бяз'ядзернага і нейтральнага статусу Беларусі, дзяржава па-ранейшаму ўцягнута ў несправядлівую вайну; катаванні і акты забароненага абыходжання не расследаваны і больш за тое – працягваюцца;
на канец сакавіка 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 911 палітвязняў, сярод іх – 118 жанчын. Колькасць палітвязняў упершыню за больш чым чатыры гады не перавышае тысячы чалавек – гэта вынік вызвалення 250 палітвязняў па выніках перамоўнага працэсу паміж кіраўніцтвам Беларусі і ЗША;
пры гэтым колькасць былых палітвязняў склала 3660 чалавек, а агульная вядомая праваабаронцам колькасць людзей, якіх пазбаўлялі волі па палітычных матывах, склала з траўня 2020 года 4570 чалавек;
за месяц праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 46 чалавек і запатрабавалі рэабілітацыі яшчэ 78 былых палітвязняў, пра пераслед якіх стала вядома пасля іх вызвалення;
сябры ПЦ "Вясна" Валянцін Стэфановіч і Марыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка вызваленыя і гвалтоўна вывезеныя за межы Беларусі; праваабаронца Віталь Чопік, асуджаны да пазбаўлення волі за грамадзянскае назіранне ў судах, утрымліваецца ў зняволенні;
працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі;
праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць, збіраюць і сістэматызуюць факты прымянення катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання ў працэсе адбыцця крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання па палітычна матываваных справах;
свабода асацыяцый і свабода выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаюцца атакам уладаў: іншадумцы і ўдзельнікі грамадскіх ініцыятыў рэгулярна падвяргаюцца адвольным арыштам і пераследу; улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі;
рэгулярна папаўняюцца спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фармаванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій;
12 сакавіка Пракуратура Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) пачала расследаванне магчымых злачынстваў уладаў Беларусі супраць чалавечнасці;
у Савеце па правах чалавека на 61-й сесіі адбылося галасаванне па праекце рэзалюцыі "Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі". У выніку мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі падоўжаны яшчэ на адзін год.
12 сакавіка Пракуратура Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) пачала расследаваннедзеянняў уладаўБеларусі. Расследаванне датычыцца магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, уключаючы прымусовую дэпартацыю апазіцыянераў, здзейсненых з траўня 2020 года. Хоць Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай МУС, расследаванне ініцыявана Літвой, на тэрыторыі якой апынуліся пераследуемыя беларускія грамадзяне.
Таксама, 12 сакавіка адбыўся інтэрактыўны дыялог з Групай незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (GIE Belarus) у рамках 61 сесіі Савета па правах чалавека ААН, дзе група прадставіла свой даклад.
18 сакавіка адбылося зацвярджэнне падагульняючага даклада Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) па Беларусі ў рамках чацвёртага цыкла ў рамках 61 сесіі Савета па правах чалавека ААН. Улады Беларусі зацвердзілі толькі 166 з 332 рэкамендацый, назваўшы многія рэкамендацыі палітызаванымі.
12 сакавіка старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі сустрэўся з Фолькерам Цюркам, Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека.
Статыстыка
З траўня 2020 года, з пачатку маштабнай рэпрэсіўнай кампаніі, накіраванай на ўтрыманне ўлады А. Лукашэнкі падчас і пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якая пасля распаўсюдзілася на ўсіх, каго дзейныя ўлады лічаць да сябе нелаяльнымі, мінімум 9 594 чалавекі сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам, а мінімум 8 304 чалавекі былі асуджаныя, у тым ліку завочна.
Дадзеныя паказчыкі працягваюць расці кожны месяц, хаця праваабаронцы істотна абмежаваныя ў магчымасцях атрымання інфармацыі аб пераследах.
Па стане на 31 сакавіка ў няволі застаюцца 911 палітвязняў, з іх 118 жанчын. Колькасць палітвязняў упершыню з пачатку 2022 года не перавышае тысячы чалавек – гэта вынік маштабнага вызвалення паводле вынікаў перамоўнага працэсу паміж кіраўніцтвам Беларусі і ЗША. Колькасць былых палітвязняў склала 3660 чалавек.
Цягам сакавіка праваабаронцы прызналі палітвязнямі 46 чалавек і запатрабавалірэабілітацыі яшчэ 78 былых палітвязняў, пра пераслед якіх стала вядома пасля іх вызвалення.
Праваабаронцам вядома пра 168 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост ці абставіны зняволення.
З сярэдзіны 2024 года былі вызваленыя ў парадку памілавання каля 840 палітвязняў. Да 2024 года рэжым толькі аднойчы ў 2021 годзе вызваліў з папраўчых устаноў або змякчыў пакаранні для 13 палітвязняў шляхам памілавання; адзінкавыя вызваленні палітвязняў раней за тэрмін адбываліся ў выніку дыпламатычных дамоўленасцяў. Сярод усіх вызваленых у парадку памілавання за гэты час – больш за 10 асуджаных да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, якіх праваабаронцы не адносяць да ліку палітвязняў.
Становішча палітвязняў
Аб фізічным і псіхалагічным стане палітвязняў, якія застаюцца ў няволі, працягваюць паступаць трывожныя звесткі. Так, у калоніях па-ранейшаму ўтрымліваюць Вацлава Арэшку і Вольгу Чукараву, якія страцілі зрок у зняволенні. Па паведамленні DissidentBY у цяжкім стане знаходзіцца Жанна Аўрамчык. З'явілася таксама інфармацыя пра як мінімум трэцюю спробу суіцыду Сцяпана Латыпава, якога пастаянна змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ.
Супраць Алены Маліноўскай была ўзбуджана новая крымінальная справа, пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення волі яе не вызвалілі і змясцілі пад варту. Мінскі гарадскі суд 6 сакавіка прызначыў жанчыне чатыры гады і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі. Праз тое, што Алена знаходзіцца за кратамі ўжо больш за чатыры гады — гэты тэрмін быў залічаны судом у тэрмін прысуду, таму яе вызвалілі падчас суда. Таксама супраць Валянціны Навумавай, якая знаходзіцца пад вартай, узбуджана новая крымінальная справа.
Працягваецца практыка падаўжэння тэрміну зняволення і ўзмацнення жорсткасці ўмоў утрымання: за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы" па арт. 411 КК асуджаны Ціхан Осіпаўда дадатковых аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі, і Мікіта Дранец да дадатковага аднаго года пазбаўлення волі. Мікалая Аўтуховіча зноў перавялі на турэмны рэжым.
3 сакавіка стала вядома аб змякчэнні пакарання і вызваленні Наталлі Бачурынскай, раней асуджанай да трох гадоў пазбаўлення волі.
5 сакавіка было абвешчана аб памілаванні 15 палітвязняў, у асноўным жанчын.
19 сакавіка, пасля візіту спецпасланніка ЗША Джона Коўла ў Мінск, улады Беларусі аб'явілі аб памілаванні 250 асуджаных па палітычных матывах, 15 з іх былі дэпартаваны ў Літву. Не менш за восем памілаваных —асуджаныя да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, якіх праваабаронцы не адносяць да ліку палітвязняў. Як мінімум адзін чалавек, згаданы ў спісе, не вызвалены да канца месяца: пра Дзмітрыя Наважылава вядома, што ён застаўся ў калоніі, аднак вызвалены іншы палітвязень з сугучным прозвішчам.
Пераслед былых палітвязняў і іх блізкіх
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць розныя формы пераследу і ціску ў дачыненні да былых палітвязняў і іх блізкіх, як тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, так і вымушанных з'ехаць з краіны.
17 сакавіка была затрымана без тлумачэння падставаў і ў той жа дзень вызвалена Марына Адамовіч, жонка былога палітвязня Мікалая Статкевіча.
Да сваякоў дэпартаваных палітвязняў, якія засталіся ў Беларусі, прыходзяць супрацоўнікі міліцыі, шукаючы іх. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што былыя палітвязні лічацца вызваленымі ў звычайным парадку, у сувязі з чым у дачыненні да іх ажыццяўляюцца меры прафілактычнага назірання. Некаторым дэпартаваным па пошце прыходзяць позвы ў ваенкамат.
Дэпартаваным палітвязням прызнаюць пашпарты несапраўднымі.
Па паведамленні ініцыятывы "Ружовыя Касынкі", пакінутым у Беларусі памілаваным 19 сакавіка палітвязням забараняюць карыстацца банкаўскімі картамі, афармляць SIM-карты і дапускаць любыя правапарушэнне пад пагрозай пазбаўлення волі. Гэта звязана з уключэннем гэтых палітвязняў у "спіс тэрарыстаў".
З дэпартаванага палітвязня Ігара Карнея судовыя выканаўцы патрабуюць выплаты запазычанасці, верагодна за не выдадзеную турэмную форму.
Праваабаронца Віталь Чопік застаецца ў няволі больш за два гады, ён быў прыгавораны да сямі гадоў пазбаўлення волі за перадачу інфармацыі аб палітычна матываваных судах праваабаронцам "Вясны".
19 сакавіка ўлады Беларусі абвясцілі аб вызваленні 250 палітвязняў і дэпартавалі з іх 15 чалавек ў Літву, у тым ліку праваабаронцаў "Вясны" Валянціна Стэфановіча (1709 дзён няволі) і Марфу Рабкову (2009 дзён няволі), а таксама праваабаронцу Human Constanta Насту Лойку (1239 дзён няволі).
Праваабарончая арганізацыя "Human Constanta" была абвешчаная ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем", сярод кіраўнікоў/удзельнікаў была названа Наста Лойка, якая знаходзілася яшчэ ў няволі на той момант.
Таксама была абвешчаны ў Беларусі "экстрэмісцкім фармаваннем" Беларускі ПЭН, праваабарончая арганізацыя, якая адстойвае свабоду выказванняў і культурныя правы.
Сацсеткі трох міжнародных праваабарончых арганізацый – Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), Міжнароднага таварыства правоў чалавека (Internationale Gesellschaft für Menschenrechte/International Society forHuman Rights) і Міжнароднага Фонду Дамоў Правоў Чалавека (Human Rights House Foundation) – былі прызнаныя ў Беларусі "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Працягваецца пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў, пратэсных ініцыятыў і іншадумцаў.
19 сакавіка быў вынесены прысуд і прызначаны пакаранні ад васьмі да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў дачыненні да шасці жанчын — абвінавачаных па справе "дваровых чатаў", групавых чатаў жыхароў двара ці раёна, якія часта аб'ядноўвалі намаганні для сумесных пратэсных акцый падчас масавых вулічных пратэстаў 2020 года, служылі дыскусійнымі пляцоўкамі. Агулам вядома пра 50 асуджаных за ўдзел у "дваровых чатах", 39 з якіх — жанчыны.
Пад забаронай і пагрозай пераследу застаюцца любыя мірныя сходы, у тэматыцы якіх улады могуць бачыць праяву нелаяльнасці, у тым ліку розныя праявы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
21 сакавіка, у закрытым двары адной з рэстарацыяў Гомеля адбылося святкаванне беларускага традыцыйнага абраду "Гуканне вясны". Мерапрыемства, у якім бралі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, было папярэдне ўзгоднена з мясцовымі ўладамі. Тым не менш, некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства былі адміністрацыйна затрыманыя па арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).
Пераслед свабоды мірных сходаў носіць і трансгранічны характар. Следчы камітэт трэці год запар апублікаваў папярэджанне з пагрозамі ў адрас беларусаў за мяжой, якія плануюць узяць удзел у акцыях да Дня Волі 25 сакавіка, пагражаючы пераследам і канфіскацыяй маёмасці. Паведамлялася, што, верагодна, беларускія спецслужбы за грашовую ўзнагароду арганізавалі фота- і відэаздымку ўдзельнікаў мірных сходаў. У далейшым гэтыя кадры выкарыстоўваліся для ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў сходаў і іх запалохвання. Акрамя таго, да 25 сакавіка ў Беларусі быў абмежаваны доступ да асобных сайтаў па-за межамі краіны.
Сітуацыя са свабодай асацыяцый застаецца крытычнай. Па дадзеных Lawtrend, з 2020 года мінімум 2012 грамадскіх арганізацый былі ліквідаваныя або пачалі працэс ліквідацыі.
Шматлікія ліквідаваныя і незарэгістраваныя грамадскія арганізацыі адвольна прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Напрыклад, у сакавіку "экстрэмістым фармаваннем" быў прызнаны фонд "Spadcyna Belarusi", які займаецца развіццём беларускай супольнасці і культуры.
Праваабаронцам стала вядома, што 16 сакавіка быў затрыманы ксёндз Анатоль Парахневіч, пробашч парафіі ў Альковічах.
У сярэдзіне сакавіка таксама былі затрыманыя яшчэ шэсць чалавек: пяцёра з іх хрысціянскія вернікі, двое — прасвітары евангельскіх цэркваў. Вядома, што двух затрыманых вызвалілі пасля допытаў, чацвёра да гэтага часу застаюцца за кратамі. Таксама былі затрыманыя пяць украінскіх уцекачоў, якім дапамагалі цэрквы.
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі крымінальнага пераследу і пазбаўлення волі за рэалізацыю свабоды выказвання меркавання.
Працягваюць выносіцца крымінальныя прысуды па абвінавачаннях у абразе А. Лукашэнкі. Так, у Віцебску заведзена крымінальная справа супраць 39-гадовага мужчыны за два каментары ў Telegram трохгадовай даўніны. Супраць Маргарыты Ляўчук завочна ўзбуджаначарговая крымінальная справа. Да абмежавання волі была асуджаная 69-гадовая Вольга Ціханавецкая за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" і абразу А. Лукашэнкі.
Рэзанансным стаў выпадак пераследу суджанцаў са Слоніма за "лайк" у сацсетцы "Аднакласнікі" з 2016 года. Telegram-канал "Суды, затрыманні. Гродна і вобласць" апублікаваў відэа, дзе мужчына расказвае, што на яго ціснуць праваахоўныя органы. Пазней паведамлялася, што ягоная жонка была затрыманая, а ў дачыненні да самога мужчыны заведзена крымінальная справа.
У дачыненні да Кацярыны Ваданосавай завочна ўзбуджана крымінальная справа аб рэабілітацыі нацызму. Нагодай стаў сюжэт з аўтарскай інтэрпрэтацыяй і ацэнкамі гісторыі замаху на Вільгельма Кубэ, кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.
Кааліцыя беларускіх праваабарончых арганізацыяў зрабіла заяву аб сістэматычнай канфіскацыі і знікненні аўтарскіх рукапісаў палітвязняў. У ліку іншых, аб адабранні рукапісаў паведамлялі Алесь Бяляцкі, Максім Знак і Павел Севярынец. Праваабаронцы заклікалі супольнасць да публічнага абмеркавання гэтай практыкі і адвакатавання праблемы.
У сакавіку, як і ў папярэднія месяцы, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі папаўнялі ў пазасудовым парадку пералікі і спісы, якія маркіруюць фізічных асоб, арганізацыі, ініцыятывы і інфармацыйныя матэрыялы як адносныя да экстрэмізму і тэрарызму.
У пераліку тэрарыстаў на канец сакавіка лічыцца 1424 чалавекі, з іх 689 — грамадзяне Беларусі, адвольна ўнесеныя туды па палітычных матывах. Таксама па палітычных матывах у пералік унесены некалькі замежнікаў: шэсць украінцаў, тры грамадзяніна РФ, па адным грамадзяніне Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі. У сакавіку ў пералік былі ўнесены чатыры чалавекі. Туды, напрыклад, унеслі палітвязня Віталя Абадзенку, асуджанага, верагодна, за намер ваяваць на баку Украіны. Пералік тэрарыстычных арганізацый налічвае 484 пазіцыі, з іх шэсць пазіцый - адвольна ўнесеныя туды беларускія палітычныя і пратэсныя ініцыятывы; у бягучым месяцы ён не папаўняўся.
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на канец месяца налічвае 2 082 старонкі — каля 9100 адзінак інфармацыйных матэрыялаў. Туды ўносіліся Telegram-каналы, старонкі ў сацсетках, Youtube-каналы, музычныя творы, кнігі, выявы. У сакавіку ён быў дапоўнены новымі пазіцыямі на падставе 129 рашэнняў суда.
У прыватнасці, рашэннем суда Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ад 31 сакавіка 2026 года экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаны акаўнт у сацыяльнай сетцы "Instagram" Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) https://www.instagram.com/fidh.
"Вясна" апублікавала даклад аб пашырэнні спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў "Калі экстрэмізмам называюць словы. Як барацьбу з неанацызмам і распальваннем нянавісці падмянілі палітычнай цэнзурай". У даклад увайшлі аналіз існуючых забарон, магчымых механізмаў змены спісу і палітыкі забарон агулам, а таксама кароткі агляд існуючых рэгіянальных практык.
Пералік экстрэмісцкіх фармаванняў быў папоўнены васьмю грамадскімі арганізацыямі, ініцыятывамі і культурнымі праектамі; гэта найвышэйшы паказчык за апошнія 10 месяцаў. Экстрэмісцкімі фармаваннямі былі прызнаныя праваабарончыя арганізацыі "Human Constanta" і Беларускі ПЭН (рашэнне прынята ў лютым, унесены ў пералік у сакавіку), фонд "Spadcyna Belarusi", кінафестываль "Паўночнае ззянне".
У якасці "кааліцыйнага" экстрэмісцкага фармавання былі названы тры беларускія незалежныя кніжныя выдавецтвы, якія працуюць у выгнанні: "Kamunikat.оrg", "Lohvinau Publishing House", "Andrei YanushkevichPublishing".
Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці ў сакавіку папоўніўся 95 новымі імёнамі. На канец сакавіка там 6448 імёнаў асуджаных па палітычных матывах.
Праваабаронцы фіксавалі вялікую колькасць крымінальных спраў аб садзейнічанні экстрэмізму: прысуд да абмежавання волі вядомай рэгбісткі Марыі Шакуры ў Мінску, асуджаны IT-спецыяліста Андрэй Кулікоў у Гомелі, асуджаны Антон Казачэнка ў Рэчыцы, асуджана касметалогія Вольга Корбут і іншыя.
Па абвінавачанні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні асуджаны да васьмі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі Сяргей Даронін па справе "дваровых чатаў".
Па "справе Гаюна", паводле абвінавачанняў за перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі, вядома 183 фігуранты справы, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам, іх рэальная колькасць нашмат большая. Затрыманым прад'яўляюцца абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Па наяўнай інфармацыі, у асноўным суды прызначаюць у якасці пакарання абмежаванне волі, аднак часта прызначаецца пазбаўленне волі. У тым ліку, стала вядома аб асуджэнні Антона Казачэнкі да чатырох гадоў абмежавання волі.
Пяць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны супраць расейскай агрэсіі, – Вадзім Кабанчук, Павел Шурмей, Аляксей Кавальчук, Аляксей Назараў і Дзяніс Прохараў – 5 сакавіка былі завочна асуджаныя да пазбаўлення волі ад 12 да 25 гадоў і знаходзяцца ў вышуку.
Праваабаронцы працягваюць атрымліваць і дакументаваць інфармацыю аб катаваннях і іншых відах жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання. Часта гэтыя звесткі перадаюцца пад умовай іх неразгалошвання. Таксама не выдаюцца матэрыялы дакументавання. Разам з тым, многія былыя палітвязні, апынуўшыся ў бяспечным становішчы, распавядаюць "Вясне" падрабязнасці катаванняў і забароненага абыходжання, які суправаджаў іх палітычна матываваны пераслед для публікацыі на інфармацыйных рэсурсах.
Палітыка і пісьменніка Паўла Севярынца затрымалі сёмага чэрвеня 2020 года каля яго дома. Амаль два месяцы яго ўтрымлівалі аднаго ў карцары ІЧУ ў нечалавечых умовах. Жахлівае масавае збіццё пратэстоўцаў у дворыку ізалятара на Акрэсціна пасля прэзідэнцкіх выбараў Павел назіраў праз вакно камеры. Палітыка асудзілі на сем гадоў калоніі за "падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках". Тэрмін палітвязень адбываў спачатку ў ПК № 17, затым у гродзенскай турме № 1. Павел распавёў "Вясне", як у чэрвені 2020 года на Акрэсціна рыхтавалі камеры для масавых затрыманняў, як у ШІЗА ад пастаяннага холаду арганізм пачынае жэрці сам сябе, а таксама пра турэмны фальклор пра Паўла Севярынца і царкоўныя гурткі ў няволі.
Былая палітзняволеная Вікторыя Кульша, якая яшчэ тры месяцы таму была ўпэўненая: наперадзе не свабода, а суд паводле ўжо сёмай крымінальнай справы. У 2021 годзе яе асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі, але тэрмін ператварыўся ў амаль бясконцы — у зняволенні яе чатыры разы асудзілі паводле артыкула 411 КК, кожны раз дадаючы па годзе. Амаль увесь гэты час яна правяла ў ШІЗА і ПКТ. "Вясна" паразмаўляла з Вікторыяй пра пяць гадоў зняволення, пра ціск у ПК-24, пра медычную дапамогу, якую адкладалі да крытычнага стану, пра галадоўкі, падчас якіх у яе пачыналі адмаўляць ныркі, ды пра пастаяннае адчуванне, што тэрмін можа стаць бясконцым.
Валянцін Панасік далучыўся да пратэсту пасля таго, як дзявятага жніўня 2020 года пабачыў на ўласныя вочы гвалт сілавікоў падчас разгону пратэстоўцаў. Гарадзенец стаў пісаць гнеўныя інтэрнэт-каментары ў бок сілавікоў, а ў жніўні 2021 года яго жорстка затрымаў АМАП і ГУБАЗіК. Палітвязня асудзілі на шэсць гадоў калоніі, якія ён адбываў у бабруйскай калоніі, а затым у магілёўскай турме. Валянцін распавёў "Вясне" пра збіццё сілавікамі падчас затрымання, жорсткія ўмовы ўтрымання ў ШІЗА бабруйскай калоніі, а таксама пра тое, як рамантаваў кнігі ў магілёўскай турме № 4.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец сакавіка 2026 года ў зняволенні знаходзяцца 24 супрацоўнікі медыя.
Суды ў адносінах да супрацоўнікаў медыя выносяць суровыя прысуды, мэтай якіх з'яўляецца прымус журналістаў да спынення распаўсюджвання інфармацыі, якая змяшчае крытыку рэжыму. Зноў і зноў журналістаў адвольна абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.
Судовы працэс над палітвязнем журналістам Паўлам Дабравольскім пачаўся 27 лютага ў Мінскім гарадскім судзе. Яму ставілі ў віну "здраду дзяржаве" (арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму абставіны абвінавачання невядомыя. Раней Павел працаваў як на беларускія, так і на замежныя медыя, у тым ліку ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі). Як стала вядома "Позірку", у выніку журналіст прысуджаны да дзевяці гадоў пазбаўлення волі.
Журналістку Ціну Палынскую і яе дачку Маргарыту Рабіновіч асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожную. Суд прызнаў іх вінаватымі ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). Асуджаныя былі затрыманыя ў траўні 2025 года і змешчаныя пад варту. Факт наяўнасці ў Ціна Палынскай непаўналетняй дачкі, не з'явілася падставай для прымянення больш мяккай меры стрымання. 13 кастрычніка 2025 года стала вядома, што памёр муж Ціны — пісьменнік Алесь Палынскі.
4 сакавіка суд вынес прысуд музыку, радыёвядучым і лідэру гурта "Палац" Алегу Хаменку. Яго прызналі вінаватым па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" за супрацоўніцтва з рэдакцыяй "Беларускае Радыё Рацыя". У выніку яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры больш за 20 000 рублёў.
19 сакавіка сярод дэпартаваных палітвязняў апынуліся журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева) і блогер Эдуард Пальчыс. Вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі ў Беларусі — Алег Супрунюк, Аляксандр Марчанка, Валерыя Касцюгова, Антон Казельскі.
У сакавіку рашэннямі судоў была прызнана экстрэмісцкай прадукцыя некаторых рэсурсаў буйных замежных СМІ — BBC і Deutsche Welle.
Праваабарончы цэнтр "Вясна", кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" і "Прававая ініцыятыва" прадставілі сумесны даклад Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытанні аб пазасудовых пакараннях, пакараннях без належнага судовага разбору або адвольных пакараннях Морысу Тыдбал-Бінцу. У дакладзе разглядаецца праблема смяротнага пакарання ў Беларусі з пункту гледжання забароны катаванняў і іншых формаў жорсткага абыходжання.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
03 красавіка 2026
Стала вядома, што пашпарт заснавальніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага прызнаны нядзейсным. Дакумент дзейнічаў да 2028 года.
Нагадаем, праваабаронцу вызвалілі і прымусова выправадзілі ў Літву 13 снежня 2025 года. У Вільні яму аддалі пашпарт, але цяпер згодна з сістэмай МУС Беларусі ён лічыцца несапраўдным. Нядаўна стала вядома, што недзейсным прызналі таксама пашпарт праваабаронцы "Вясны" Уладзя Лабковіча.
Сам Алесь Бяляцкі расцэньвае гэтае рашэнне як адвольнае і незаконнае:
"Гэта чарговая форма транснацыянальных рэпрэсій, скіраваная на тое, каб ускладніць жыццё дэпартаваным палітвязням па-за межамі краіны. Улады рытуальна адразаюць нашыя сувязі з Беларуссю. Марная справа, бо Беларусь заўсёды будзе ў нашых дзеях і сэрцах".
Ануляванне пашпартоў выдвараных з Беларусі палітвязняў становіцца сістэмнай практыкай - улады анулююць пашпарты палітвязняў, якіх пасля вызвалення дэпартавалі з Беларусі ў верасні і снежні мінулага года. Пра гэта праваабаронцам распавялі самі былыя палітзняволеныя. Пры гэтым, нагадаем, шэрагу палітвязняў пры выдварэнні адразу не вярнулі пашпарты. "Вясна" сабрала ўсё, што вядома пра ануляванне пашпартоў выдвараным палітвязням на дадзены момант.
"Адзін з былых палітвязняў, вызваленых разам са мной, правяраў сябе па базе крымінальнага вышуку. Аказалася, што яго пашпарт несапраўдны".
Пасля гэтага статус сваіх дакументаў на сайце МУС спраўдзілі і іншыя палітзняволеныя, вызваленыя і выправаджаныя з Беларусі ў верасні.
"Тыя, з кім камунікую з нашай групы, таксама праверылі. Аказалася, ва ўсіх пашпарты несапраўдныя. Я думаю, такая сітуацыя абсалютна ва ўсіх, хто выехаў з дакументамі, — а гэта каля 20–25 чалавек".
Пашпарт у былога палітвязня быў прыдатны да 2031 года, але па стане на 30 сакавіка 2026 года ён ужо не лічыцца сапраўдным. Суразмоўца адзначае, што ануляваць дакумент маглі пасля Новага года, бо ў лістападзе мінулага года ён яшчэ паспяхова ім карыстаўся.
Беларускія ўлады прызналі "нядзейсным" пашпарт праваабаронцы "Вясны" і былога палітвязня Уладзя Лабковіча. Нягледзячы на тое, што дакумент быў сапраўдны да 2027 года, яго афіцыйна анулявалі.
Нагадаем, пасля вызвалення з калоніі, дзе Уладзь адбываў сямігадовы тэрмін за сваю дзейнасць, 13 снежня 2025 года яго прымусова выправадзілі ва Украіну. Пры дэпартацыі пашпарт праваабаронцу так і не вярнулі — замест яго выдалі толькі даведку без тэрміну дзеяння.
Сам праваабаронца лічыць гэтае рашэнне чарговым доказам злачынстваў рэжыму:
"Відавочна, што гэта працяг рэпрэсій і незаконных дзеянняў уладаў Беларусі — нават калі зыходзіць з іх уласнага заканадаўства. Гэта фармальнае афармленне прымусовай дэпартацыі. Такія крокі яшчэ больш абгрунтоўваюць базу для працэсу ў Міжнародным крымінальным судзе па факце незаконнай дэпартацыі палітвязняў".
Нядзейсным аказаўся пашпарт і ў блогера Зміцера Казлова ("Шэрага Ката"), якога вызвалілі і дэпартавалі з Беларусі ў верасні мінулага года. Пашпарт у яго дзейнічаў да 2032 года — ён яго мяняў у бабруйскай калоніі ў 2022 годзе.
"Незразумела дакладна, калі гэта было зроблена, бо мы толькі цяпер пра гэта даведаліся. Літаральна тыдзень таму я ездзіў у Варшаву і лятаў у Брусэль — у мяне правяралі дакументы, і праблем не было ніякіх. Магчыма, гэта не ўплывае на еўрапейскія праверкі, бо ў базы МУС Беларусі там не глядзяць. Але трэба разумець, што пры больш глыбокай праверцы гэта патэнцыйная рызыка сур'ёзных праблем. Таксама ўсё залежыць ад таго, у якую краіну ты патрапіш з такім пашпартам. Калі гэта будзе краіна не настолькі лаяльная і дэмакратычная, то могуць нават затрымаць і выдаць Беларусі. Гэта сапраўды высокая рызыка. Гэта яшчэ адно злачынства Лукашэнкі, здзейсненае нароўні з дэпартацыяй, за якую супраць яго заведзена крымінальная справа ў Міжнародным крымінальным судзе. Зрабіўшы гэты захад з нашымі пашпартамі, рэжым чарговы раз пацвердзіў свае злачынныя намеры", — адзначае Зміцер.
Праваабаронцам "Вясны" вядома, што такая ж сітуацыя з пашпартамі і ў былых палітвязняў, вызваленых і вывезеных з Беларусі ў снежні мінулага года.
Эдуарда вызвалілі і дэпартавалі ў Літву летась 19 сакавіка. Яму не аддалі пашпарт, а цяпер анулявалі яго. Пра гэта ён напісаў у Facebook:
"Іронія лесу. Да 2020 году я быў праціўнікам з'езду з Беларусі і набыцця пашпартоў іншых краін.
І вось учора дайшла інфармацыя аб тым, што МУС абнуляваў мой і пашпарт іншых вязняў, якіх вызвалілі. Мала таго, што яго скралі, але яшчэ і прызналі нягодным. Гэта напэўна нешта новае ў параўнанні з мінулымі вызваленнямі.
То бок мы зараз нейкія міжнародна-юрыдычныя "бамжы" і ў лічбавы век, дзе знікаюць наяўныя грошы, нам жадаюць зрабіць весела. І калі б не дапамога Літвы (вялізны ёй ДЗЯКУЙ, пачынаючы з вельмі чалавечых памежнікаў, якія дапамагалі нам усім 19 сакавіка), то мы б нагадвалi герояў Рэмарка ў ваенныя часы.
Таму трэба рыхтавацца да падобных сцэнароў у будучыні і з іншымі вязнямі".
Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва пракаментавала сітуацыю:
"Калі правяраеш статус дакумента на сайце МУС, пазначана толькі, што пашпарт недзейсны, а на якой падставе — не ўдакладняецца. Усе магчымыя падставы прызнання пашпарта недзейсным пералічаны ў п. 8 Указа "Аб дакументаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь" ад 3 чэрвеня 2008 г. № 294. Сярод іх: адсутнасць абавязковых даных, заканчэнне тэрміну, непрыдатнасць для выкарыстання, заява аб страце, змена імя, смерць або рашэнне МУС ці консульства. Рашэнне МУС ці консульства прымаецца ў выпадку выдачы новага пашпарта, выяўлення ілжывых звестак пры афармленні або страты права на карыстанне пашпартам. Адзіная падстава страты права карыстання пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — гэта спыненне грамадзянства ці адмена рашэння аб яго набыцці.
Хутчэй за ўсё, пашпарты дэпартаваных палітвязняў былі прызнаны недзейснымі на падставе «непрыдатнасці для выкарыстання». Такая фармулёўка звычайна выкарыстоўваецца, калі пашпарт прамок, парваўся ці на ім сцёрліся асабістыя даныя. Напэўна, гэта крок для афармлення задняй датай нявыдачы пашпартоў падчас дэпартацый. Пашпарты — гэта бланкі строгай справаздачнасці, яны ляжаць у асабістых справах у калоніях, і з імі трэба нешта рабіць.
Але нават такое бюракратычнае дзеянне становіцца працягам пераследу, яшчэ адным крокам для стварэння ўмоў, калі немагчыма нармальна вярнуцца ў краіну. Гэта можна расцэньваць як адміністрацыйны механізм замацавання ўладамі Беларусі адвольнай дэпартацыі сваіх грамадзян".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
03 красавіка 2026
31 сакавіка – 1 красавіка дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі па даручэнні Святланы Ціханоўскай наведаў Вашынгтон з працоўным візітам.
У цэнтры ўвагі перамоваў было пытанне вызвалення палітычных зняволеных, а таксама ўзмацненне падтрымкі беларускай супольнасці і дэмакратычных ініцыятываў.
Адбыліся сустрэчы з Эндзі Бэйкерам (намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША), Чарльзам Маклафлінам (памочнікам прэзідэнта ЗША і дырэктарам па пытаннях Еўропы), Джонам Коўлам (спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі), Крысам Смітам (намеснікам памочніка дзяржаўнага сакратара па справах Усходняй Еўропы).
Акрамя таго, з
– Джэймі МакФлаем, прэзідэнтам Freedom House;
– Алінай Паляковай — прэзідэнткай і генеральнай дырэктаркай Center for European Policy Analysis (CEPA);
– Тамарай Кофман — прэзідэнткай NDI;
– Дэйманам Уілсанам — генеральным дырэктарам National Endowment for Democracy (NED);
– Дэміянам Мэрфі — старшым віцэ-прэзідэнтам па нацыянальнай бяспецы і міжнароднай палітыцы ў арганізацыі Center for American Progress;
– Эрыкам Грын — старшым экспертам Carnegie Endowment for International Peace;
– і ў Кангрэсе ЗША.
Дзяніс Кучынскі:
«Мы шчыра ўдзячныя Злучаным Штатам Амерыкі за намаганні, якія спрыялі вызваленню палітвязняў. За апошні год былі вызваленыя з турмаў больш за 500 чалавек — гэта больш за 500 выратаваных жыццяў.
Таксама важна захаваць прынцыповую пазіцыю еўрапейскага падыходу ў дачыненні да рэжыму. Тут неабходны баланс роляў — такія сумесныя дзеянні даюць вынік».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
02 красавіка 2026
Падчас мерапрыемства, арганізаванага Народным консульствам Беларусі ў Шатландыі, ішла размова пра тое, як змяняецца разуменне нацыі і ідэнтычнасці ў перыяды вайны, палітычных крызісаў і грамадскіх трансфармацый, а таксама пра ролю мовы, культуры, грамадзянскага ўдзелу і досведу жыцця ў эміграцыі.
Зміцер Лукашук (беларускі журналіст Euroradio) распавёў чаму грамадствы шукаюць і фармулююць нацыянальную ідэю і якое значэнне для гэтага маюць мова, гістарычная памяць і культурныя наратывы.
Lyn Jardine (кандыдатка ад SNP па акрузе Edinburgh North Western на выбарах у парламент Шатландыі 2026 года) падзялілася шатландскім поглядам на нацыянальную ідэнтычнасць, дэмакратычную дыскусію і грамадзянскі ўдзел.
Наталія Безбородова (украінская антраполаг і валанцёрка) расказала пра тое, як вайна змяніла ўкраінскую нацыянальную ідэнтычнасць, узмацніла пачуццё салідарнасці і пераасэнсавала адносіны паміж грамадзянамі і дзяржавай.
Падчас сустрэчы ўсе жадаючыя маглі зрабіць добраахвотныя ахвяраванні ў падтрымку ўкраінскіх абаронцаў і беларусаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
01 красавіка 2026
31 сакавіка ў Вільні прайшло ўрачыстае ўзняцце бела-чырвона-белага сцяга каля Сейма Літвы. Гэтая цырымонія — частка ўшанавання 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Да акцыі далучыліся Святлана Ціханоўская, спікер Сейма Літвы Юозас Олекас, намеснік маршала Сената Польшчы Міхал Каміньскі, дэпутаты Сейма і беларуская дыяспара. Распачалася цырымонія з хвіліны маўчання ў памяць пра тых, хто аддаў жыццё за вольную Беларусь.
Святлана Ціханоўская:
«Сёння каля Сейма Літвы мы ўздымаем бел-чырвона-белы сцяг — сімвал нашай волі і няскоранасці.
Гэты сцяг нагадвае, што ёсць іншая Беларусь, несавецкая, нерасейская. Што беларусы — не роўна рэжым. Ён яднае беларусаў: і тых, хто ў выгнанні, і тых, хто дома.
На мінулым тыдні ён лунаў у сотнях гарадоў па ўсім свеце, дзе жывуць беларусы.
У Беларусі сёння такое ўявіць немагчыма. За сцяг караюць гадамі турмы, але ведаю, што многія яго сакрэтна захоўваюць дома. І прыйдзе момант, калі мы ўздымем яго над нашымі гарадамі, і ён вернецца на нашыя вуліцы».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
01 красавіка 2026
Грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс паехаў у Беларусь да сваякоў — яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.
Пра гэта паведамляе Dissidentby. Паводле інфармацыі, грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс паехаў у Беларусь восенню 2024 году. Яго затрымалі ў лістападзе 2024 году, абвінавацілі паводле арт. 358 ("шпіянаж") і арт. 358-1 ("агентурная дзейнасць"), і 11 сакавіка 2026 году асудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
31 сакавіка 2026
Учора стала вядома, што наш сайт www.belarusabroad.org трапіў у так званы "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Нагадаем, што раней шматлікія сацыяльныя сеткі Народных амбасадаў Беларусі ў розных краінах, а таксама наш чат у тэлеграм ужо былі прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі", а сама ініцыятыва Народныя амбасады Беларусі прызнана "экстрэмісцкім фармаваннем.
У адказ на гэтае мы працягнем сваю працу на карысць беларусаў і беларусак і будзем рабіць усё магчымае, каб у рэжымных пасольствах тэлефоны маўчалі.
Жыве Беларусь!
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
26 сакавіка 2026
Як стала вядома праваабаронцам, у ліпені 2025 года палітзняволенага жыхара "Плошчы Перамен" Сцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію № 22 "Воўчыя норы", дзе адразу змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым – у памяшканне камернага тыпу. Там Сцяпан парэзаў сабе вены, і там жа яго зашывалі.
У ПКТ палітвязень утрымліваўся ў дрэнных умовах: у камеры не было нават разеткі, кіпень давалі двойчы на дзень. Прыкладна ў верасні 2025 года Сцяпана зноў перавялі ў турму. Сам Сцяпан нібы казаў, што не бачыць сэнсу жыцця і не вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.
Нагадаем, арбарыста Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года каля ягонага дома на "Плошчы Перамен". 16 жніўня 2021 года палітвязня асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту (ч. 1 і 2 арт. 342 КК), "супраціў міліцыянтам" (ч. 2 арт. 363 КК) і "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры" (ч. 4 арт. 209 КК) на восем гадоў і шэсць месяцаў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму. Палітвязень на судзе не прызнаў віну ні па адным эпізодзе.
Першую спробу самагубства Сцяпан Латыпаў здзейсніў летам 2021 года наўпрост у судовай зале. Тады мужчына ўтыкнуў асадку сабе ў шыю. Яго прааперавалі ў шпіталі, пасля чаго змясцілі ў СІЗА № 1.
У калоніі Сцяпан увесь час зазнаваў ціск з боку адміністрацыі калоніі – мужчыну змяшчалі ў ШІЗА і ПКТ. На знак пратэсту супраць ціску адміністрацыі Сцяпан глытаў лязо і зноў рэзаў сабе вены. Пасля гэтага, восенню 2022 года Сцяпану змянілі рэжым утрымання і перавялі на два гады ў магілёўскую турму № 4.
Народная амбасада Беларусі ў Італіі ў сувязі з гэтым абвяшчае флэшмоб салідарнасці!
"Сцяпан Латыпаў — у небяспецы. Яго трэба ратаваць зараз.
Заклікаем вас:
адзначайце U.S. Embassy Minsk і амбасады ЗША ў вашых краінах у сваіх пастах і сторыс, патрабуйце неадкладнага вызвалення Сцяпана Латыпава. Дзяліцеся допісам у трэдс і іншых сацсетках.
Давайце разам узмацнім ціск і зробім усё магчымае, каб дамагчыся яго вызвалення.
Свабоду Сцяпану Латыпаву!"
#FreeLatypau #StandWithBelarus
Крыніцы: ПЦ "Вясна" і Народныя амбасады Беларусі
27 сакавіка 2026
25 сакавіка — гэта асаблівая дата для беларусаў. Гэта дзень, каштоўны сваёй гісторыяй, пачуццём адзінства і імкненнем да свабоды і незалежнасці.
Акрамя таго, гэтая дата знакавая дзякуючы падтрымцы, якую беларусы атрымліваюць ад міжнароднай супольнасці. Учора палітыкі, дыпламаты, урады дэмакратычных краінаў і міжнародныя арганізацыі выказалі сваю салідарнасць з беларусамі і ў чарговы раз прадэманстравалі сваю пазіцыю да беларусаў і да рэжыму.
Офіс Святланы Ціханоўскай падрыхтаваў падборку выказванняў міжнародных партнёраў з нагоды свята.
«Незалежнасць — не абстракцыя, а каштоўнасць, якую трэба штодзённа абараняць ад знешняга ціску і ўнутранага аслаблення. Беларусы поўныя рашучасці заставацца гаспадарамі свайго лёсу і будаваць вольную, дэмакратычную і еўрапейскую будучыню сваёй краіны».https://www.europarl.europa.eu/delegations/en/d-by/documents/communiques
«Сёння мы адзначаем Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, вядомы як Дзень Волі. У гэты дзень у 1918 годзе Беларусь абвясціла незалежнасць. Для мільёнаў беларусаў гэтая гадавіна стала магутным сімвалам пратэсту супраць прыгнятальнай дыктатуры. І мы карыстаемся гэтай магчымасцю, каб ізноў пацвердзіць нашае падтрыманне ўсім беларусам, якія змагаюцца за свабодную і дэмакратычную краіну».
«У #BelarusFreedomDay мы выказваем поўную салідарнасць з народам Беларусі ў яго імкненні да свабоды, годнасці і асноўных правоў. Мы #StandWithBelarus, яе грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных прафсаюзаў і незалежных СМІ ў іх працы дзеля свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».https://x.com/EU_EESC/status/2036692053791498505
«У Дзень Волі Беларусі мы зноў пацвярджаем салідарнасць ЕС з беларускім народам. Беларусы адзначаюць абвяшчэнне незалежнасці 1918 года і сваё непахіснае імкненне да свабоднай і дэмакратычнай краіны. ЕС будзе і надалей падтрымліваць дэмакратычную, суверэнную і незалежную Беларусь». https://x.com/eu_eeas/status/2036714861523317224?s=20
«У Дзень Волі Беларусі мы віншуем усіх, хто падтрымлівае надзею на будучую суверэнную і дэмакратычную Беларусь. Мы і надалей будзем падтрымліваць беларускі народ у іх змаганні за свабоду і дэмакратыю». https://x.com/eu_enlargement_/status/2036720515683869164?s=46
«Гэты дзень нагадвае нам, што надзея на дэмакратычную, суверэнную і еўрапейскую Беларусь ніколі не павінна згасаць». https://x.com/EP_ForeignAff/status/2036844805439770673
«Сёння, у Дзень Волі Беларусі, мы стаім побач з беларускім народам. Для многіх гэты дзень сімвалізуе іх дзяржаўнасць і непахісную надзею на свабодную і дэмакратычную краіну. Мы верым, што #СвабоднаяБеларусь без дыктатара Лукашэнкі магчымая, і будзем і надалей падтрымліваць такую будучыню». https://x.com/EPPGroup/status/2036729977102553332https://x.com/EPPGroup/status/2036761274550198341?s=20https://x.com/eppgroup/status/2036797825304977899?s=46
«Як дакладчык Еўрапарламента па Беларусі, я думаю пра Дзень Незалежнасці. Дыктатар Лукашэнка не жадае незалежнасці, падпарадкаваўся Пуціну і прапануе сваю краіну як пляцоўку для расійскіх ваенных злачынстваў. Мы падтрымліваем абраную прэзідэнтку Святлану Ціханоўскую».https://x.com/HBrandstaetter/status/2036723789728301306?s=20
«Сёння адзначаецца Дзень Волі Беларусі — свята, якое рэжым Лукашэнкі не прызнае і якое нагадвае, што Беларусь з’яўляецца незалежнай і суверэннай дзяржавай, а беларусы патрабуюць свабоды. Сімвалічна сёння таксама праходзіць пятая гадавіна зняволення нашага непахіснага суайчынніка, Андрэя Пачобута. Рэжым Лукашэнкі баіцца свабоды, баіцца вольных людзей. Таму ён спрабуе яе задушыць — фальсіфікуючы гісторыю, змагаючыся з памяццю і пераследуючы тых, каго не ў стане пазбавіць свабоды, тых, хто мае смеласць казаць праўду. Але гэтай барацьбы ён не пераможа. Мільёны людзей у сэрцах ціха на Беларусі, мільёны ў Польшчы, а таксама сёння ў Еўрапарламенце кажам: #ЖывеБеларусь! #СвабодуПачобуту!» https://x.com/Kaminski_M_/status/2036835751212528042
«Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю і пятая гадавіна зняволення рэдактара Пачобута. У гэты дзень я выказваю салідарнасць з беларускім народам у іх змаганні за свабоду, дэмакратыю і грамадзянскія правы. У сённяшніх умовах нестабільнай міжнароднай сітуацыі мы часта забываем пра тых, чые змаганні не асвятляюцца штодзённа ў СМІ, але хто церпіць у цішыні і вымушаны жыць у страху — у радзіме або па-за яе межамі — за сябе і сваіх блізкіх. Свабодная і бяспечная Беларусь — гэта дзяржаўны інтарэс Польшчы. Мы таксама не спыняемся ў намаганнях вызваліць рэдактара Пачобута, які за сваю смеласць і змаганне плаціць найвышэйшую цану. Жыве Беларусь!»
https://x.com/michalkobosko/status/2036848305947254892
«Сёння ў Еўрапарламенце, у сувязі з адзначэннем Дня Волі, быў узняты сцяг незалежнай Беларусі. Гэта сімвалічны, але вельмі важны жэст салідарнасці з беларускім народам — з усімі, хто не здаецца ў змаганні за свабоду, годнасць і дэмакратыю. Ініцыятыва была зроблена мной і іншымі членамі Дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. У час, калі рэжым спрабуе выцерці памяць пра Дзень Волі і душыць усе праявы незалежнасці, такія дзеянні маюць асаблівае значэнне. Яны паказваюць, што Еўропа памятае і падтрымлівае вольных беларусаў. Жыве Беларусь!»https://www.facebook.com/mmgosiewska/posts/pfbid02HNmrqBAwcAK79kffceEpRxp3Vq3nQD5iLax5sfg9zrN77voteynaE2JZDXZvmAvDl
«Працяглае супраціўленне рэжыму Лукашэнкі нагадвае нам, што правы чалавека і мясцовая дэмакратыя павінны быць абаронены». https://x.com/coecongress/status/2036726894566027570?s=46
«Сёння дзень, які ведае кожны беларус, — Дзень Волі. І гэта дзень народа, які яшчэ мусіць выпакутаваць і здабыць для сябе сапраўдную незалежнасць і рэальную бяспеку. Беларусь прайшла няпростыя павароты гісторыі, і тое, што ўвагі Еўропы для Беларусі не хапіла ў ключавыя моманты, — гэта факт. Але Беларусь нельга губляць. І дакладна не варта пакідаць па-за ўвагай народ Беларусі. Тое, што Лукашэнка абраў менавіта гэты дзень для паездкі ў Пхеньян — далей ад свайго народа і бліжэй да сваёй мары пра пажыццёвую сямейную ўладу, — вельмі красамоўна сведчыць пра ягоныя намеры. Еўропа — гэта супольнасць вольных народаў. Тут не павінна быць месца спадчынным дыктатурам. Тут не павінна быць месца рэжымам, якія зарабляюць гандлем суверэнітэтам і дапамогай у тэроры ды агрэсіях. Свету патрэбны мір. А значыць, свабода патрэбна ўсім еўрапейскім народам без выключэння. Жадаем волі беларускаму народу і дзякуем тым беларусам, якія стаяць побач з украінцамі ў абароне ад расійскай агрэсіі. Жыве Беларусь!» https://x.com/ZelenskyyUa/status/2036863778940129763
«Віншуем беларусаў 25 сакавіка — у Дзень Волі. Мы стаім побач з беларускім народам у іх змаганні за свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую будучыню. Выказваем салідарнасць з усімі, хто працягвае змагацца за свабоду. Мы глыбока ўдзячныя ўсім беларусам, якія сёння абараняюць Украіну ў радах Узброеных Сіл ад расійскай агрэсіі. Беларусь — гэта не Расія. Беларусы — еўрапейская нацыя, якая заслугоўвае свабоды і абавязкова адновіць яе. Перамога Украіны адкрые шлях да свабоднай Беларусі. Жыве Беларусь!»
https://x.com/MFA_Ukraine/status/2036878726626005041
«Фракцыя Вярхоўнай Рады Украіны «За дэмакратычную Беларусь» цвёрда падтрымлівае беларускіх воінаў з палка Кастуся Каліноўскага і ўсіх, хто змагаецца на франтах побач з украінскімі салдатамі за нашу агульную свабоду, а таксама дэмакратычныя сілы Беларусі і іх лідара @Tsihanouskaya ў іх нястомным імкненні да суверэннай, еўрапейскай Беларусі».https://x.com/goncharenkoua/status/2036729792435736946?s=46
«У Дзень Волі Беларусі мы заклікалі: разарваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі; прызнаць Беларусь тэрыторыяй, занятай Расіяй. Таксама мы заклікалі міжнародную супольнасць узмацніць санкцыі і прыцягнуць да адказнасці ўсіх саўдзельнікаў у вайне супраць Украіны. 25 сакавіка 1918 года — абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, першы крок да дзяржаўнасці. Дзякуем беларусам, якія змагаюцца побач з Украінай, асабліва салдатам палка Кастуся Каліноўскага. Жыве Беларусь! Слава Украіне!» https://x.com/IrynaGerashche2/status/2037084735801897316?s=20
«У Дзень Волі беларусаў мы разам з вамі ўспамінаем і святкуем імкненне да свабоды, якое жыве ў сэрцы кожнага чалавека. Гэты дзень сімвалізуе вашу стойкасць і рашучасць будаваць вольную, дэмакратычную і плюралістычную Беларусь — дзяржаву, дзе павага да правоў чалавека, вяршэнства закона і развіццё грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца не прывілеем абраных, а неад’емнай часткай жыцця для ўсіх. Мужнасць адстойваць свае перакананні ніколі не марная. Яна натхняе змены не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Еўропе». https://lrp.lt/en/media-center/news/the-president-congratulated-belarusians-celebrating-freedom-day/47191
«Беларусы адзначаюць абвяшчэнне незалежнасці 1918 года і сваё непахіснае імкненне да дэмакратычнай краіны. На жаль, сёння 889 чалавек утрымліваюцца за кратамі за свае палітычныя погляды. Мы і надалей падтрымліваем тых, хто змагаецца за свабодную Беларусь. Жыве Беларусь!»https://x.com/lt_mfa_stratcom/status/2036799820807929993?s=46
«Дарагія беларусы! Віншую з Днём незалежнасці. Ваша нацыя жывая – гэта паказаў 2020 год. Рэжымы падаюць, Еўропа аб’ядноўваецца, і Беларусь вернецца як дэмакратычная дзяржава. У вас шмат сяброў».https://x.com/RJukneviciene/status/2036895938245992620
«У Дзень Волі Беларусі #FreedomDay мы зноў успамінаем, што свабода, суверэнітэт і дэмакратыя — гэта не тое, што можна ўспрымаць як данасць. Іх трэба актыўна абараняць штодня, на кожным кроку. Латвія цвёрда падтрымлівае свабодную і дэмакратычную Беларусь у складзе Еўропы. Мы вітаем смеласць беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратычнай будучыні сваёй краіны. Пераслед беларускага народа павінен спыніцца, і ўсе палітычныя вязні павінны быць вызвалены».https://x.com/Latvian_MFA/status/2036758232325099601
«Эстонія ведае, што рэпрэсіі не могуць загасіць надзею. Мы стаім побач з непахісным духам беларусаў і іх змаганнем за свабоднае і дэмакратычнае грамадства».https://x.com/KristenMichalPM/status/2036843574935884168
«На фоне пастаянных праблем з правамі чалавека і пытанняў дэмакратычнай легітымнасці гэты дзень сімвалізуе годнасць, салідарнасць і падтрымку ўсіх, хто працуе над больш адкрытым і справядлівым грамадствам. Свабода не даецца, яе трэба выхоўваць і абараняць. Эстонія стаіць побач са свабоднай і дэмакратычнай Беларуссю».
https://x.com/MFAestonia/status/2036759194582335556
«Эстонія стаіць побач з непахісным духам беларускага народа ў іх імкненні да свабоднага і дэмакратычнага грамадства. Перажыўшы цяжар камуністычнага рэжыму, мы з’яўляемся доказам таго, што надзея можа выжыць. Ваша будучыня належыць вам».
https://x.com/KarmenLaus/status/2036725195210182708
«Сардэчныя пажаданні нашым беларускім партнёрам і сябрам, якія адзначаюць #ДзеньВолі. Ваша прыхільнасць свабодзе, правам чалавека і нацыянальнай ідэнтычнасці заслугоўвае павагі і салідарнасці. Тут, у Польшчы, мы падтрымліваем суверэнную і мірную Беларусь».https://x.com/AdamHalacinski/status/2036460042514317749?s=20
«Дзень Волі — Freedom Day — нагадвае пра дэмакратычныя імкненні беларусаў да будучыні, у якой Беларусь будзе вызвалена ад прыгнёту і знешняга ўмяшання. Мы стаім з Беларуссю, аб’яднаныя ўніверсальнымі каштоўнасцямі годнасці і правамі чалавека».
https://x.com/CanadaPoland/status/2036751895281143954?s=20
«Жыве свабодная Беларусь 🤍❤️🤍, свабодная Грузія і, вядома, пераможная Украіна!»https://x.com/Mikiashvili_M/status/2036759268716593306?s=20
«#СтаньЗБеларуссю! Гэта наша агульная барацьба! Няхай жыве свабодная Беларусь і свабодная Грузія! 🤍❤️🤍»
https://x.com/Helenkhosh/status/2036759589081788620?s=20
«Улады Прагі ўзнялі бел-чырвона-белыя сцягі. Гэтым жэстам гарадская рада выказала падтрымку дэмакратычнай беларускай апазіцыі і яе барацьбе за свабоду, а таксама салідарнасць з палітычнымі зняволенымі рэжыму Лукашэнкі». https://www.facebook.com/share/p/1GtCgNQmGc/?mibextid=wwXIfr
«У краіне, дзе свабода жорстка прыгнятаецца, Дзень Волі стаў сімвалам супраціву дыктатуры, годнасці і надзеі. Вельмі цаню працу беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Чэхіі. Жадаю ўсім беларусам, каб яны маглі адзначаць Дзень Волі свабодна, у сваёй краіне».https://x.com/Svoboda_Slavek/status/2036861888676413628?s=20
«Свабодная і дэмакратычная Беларусь, якая цалкам уваходзіць у сям’ю еўрапейскіх народаў, — гэта гарызонт, за які мы павінны змагацца супраць прыгнёту Лукашэнкі. Пераслед беларускага народа павінен спыніцца, і ўсе палітычныя вязні павінны быць вызвалены. На сустрэчах з прэзідэнткай Ціханоўскай у Рыме была падкрэслена важнасць захавання высокай увагі Еўропы да Беларусі».https://x.com/GiulioTerzi/status/2036779642502222086
«У Дзень Волі Беларусі #FreedomDay я выказваю поўную салідарнасць з народам Беларусі. Ваша змаганне за дэмакратыю і правасуддзе — гэта і маё змаганне. Змаганне працягваецца да поўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў».
https://x.com/fpetitan/status/2036752294012678576?s=46
«Сёння Дзень Волі. За апошнія месяцы былі вызваленыя некаторыя палітычныя вязні, такія як Марыя Калеснікава і Алесь Бяляцкі. Але больш за 850 чалавек па-ранейшаму ў турмах. Як фракцыя Зялёных у Бундэстагу, мы ўзялі на сябе апякунства над вязнямі і патрабуем іх неадкладнага вызвалення!»
https://x.com/robinwagener/status/2036734335101940220
«Сёння Дзень Волі і Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Швецыя цвёрда стаіць побач з беларускім народам на шляху да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Падтрымка Швецыяй будучай дэмакратычнай Беларусі ў сям’і еўрапейскіх народаў застаецца непахіснай».
https://x.com/MariaStenergard/status/2036856653790802245
«Сёння Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю! Сёння і назаўжды мы #StandWithBelarus».
https://x.com/BjornSoder/status/2036783575027089475
Вялікабрытанія
«У Дзень Волі мы стаім побач з народам Беларусі ў іх працяглым змаганні за свабоду, дэмакратыю і незалежнасць. Я выказваю павагу смеласці дэмакратычных лідараў, такіх як Святлана Ціханоўская, і ўсіх, хто працуе дзеля свабоднай Беларусі». https://x.com/morton_wendy/status/2036738454604648540
«На працягу апошніх шасці гадоў рэжым Лукашэнкі імкнуўся задушыць любое супрацьстаянне. Прыкладна 900 беларускіх палітычных вязняў па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі. Свабодная і больш заможная Беларусь мае вырашальнае значэнне для забеспячэння бяспекі і стабільнасці. NED падтрымлівае беларускі народ у іх змаганні за годнасць, правы і свабоду».
https://x.com/DamonMacWilson/status/2036792370084159715
«У Дзень Волі Беларусі я з нецярпеннем чакаю таго дня, калі ўсе беларускія палітычныя зняволеныя будуць вызваленыя і змогуць ажыццявіць сваю мару аб пабудове квітнеючай дэмакратыі».
https://x.com/SenatorWicker/status/2036883354264465563
«У Дзень Волі Беларусі мы #StandWithBelarus і больш чым 850 палітычных зняволеных, якія несправядліва застаюцца за кратамі. Беларусы будуць працягваць змагацца за сваю дэмакратычную будучыню, а Злучаныя Штаты і свабодны свет будуць працягваць падтрымліваць іх — сёння і кожны дзень».
https://x.com/USRepKeating/status/2036903705019093447
«У Дзень Волі Беларусі я віншую з вызваленнем палітвязняў за апошні год. Але пад рэжымам Лукашэнкі Беларусь працягвае саджаць новых палітвязняў і падтрымліваць вайну Расіі. ЗША павінны падтрымліваць дэмакратычную і суверэнную Беларусь».https://x.com/SFRCdems/status/2036919911444856938
«Беларусы на працягу гісторыі аддавалі жыццё за свабоду і працягваюць барацьбу сёння. Некаторыя ў Беларусі, некаторыя ў выгнанні, а некаторыя змагаюцца побач з украінцамі на фронтах супраць расійскіх акупантаў. Беларусы выбралі свабоду — і яны яе дасягнуць».https://x.com/visegrad24/status/2036751585821303181?s=20
«Сёння Дзень Волі ў Беларусі, але беларусы ўнутры краіны не могуць яго святкаваць. Хоць на мінулым тыдні былі вызваленыя некаторыя палітычныя зняволеныя, значна больш застаюцца за кратамі. Index заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі».
https://x.com/IndexCensorship/status/2036730849735876811?s=20
«У гэты дзень ушанавання і мабілізацыі мы заклікалі міжнародную супольнасць, парламенты і грамадзянскую супольнасць працягваць выказваць сваю падтрымку Беларусі. Змаганне за дэмакратыю ў Беларусі — гэта агульная адказнасць, і Сацыялістычны інтэрнацыянал цвёрда стаіць побач з тымі, хто мірна працуе дзеля свабоднай і дэмакратычнай будучыні».
https://x.com/Soc_Intl/status/2036892302363300250?s=20
Крыніца: Святлана Ціханоўская
25 сакавіка 2026
Прымеркаваная да Дня Волі, выстава асвятляе творчасць беларускіх мастачак, вымушаных пакінуць радзіму. Іх працы раскрываюць тэмы памяці, траўмы, цела, уразлівасці, гвалту, супраціву і аднаўлення. Праект рэалізуецца таксама ў партнёрстве з французскімі мастакамі, якія асэнсоўваюць блізкія тэмы са сваёй
культурнай і грамадзянскай перспектывы.
Saint-Paul-de-Vence, дзе праходзіць выстава, мае асобнае значэнне, бо непасрэдна звязаны з лёсам Марка Шагала - тут ён жыў і быў пахаваны.
Ініцыятарам праекту выступае Народнае консульства Беларусі ў Ніцы ў партнёрстве з La Ligue de la Fraternité і галерэяй SPACE.
📍 Галерэя SPACE, Saint-Paul-de-Vence
📅 25 сакавіка - 2 красавіка
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
24 сакавіка 2026
Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях: «Факт зніжэння колькасці палітычных зняволеных ніжэй за 900 чалавек упершыню за чатыры гады не дае, на жаль, ніякага аптымізму. За гэтым хаваецца працяг рэпрэсіяў. Сістэма не змянілася. Канвеер палітычнага пераследу працуе без спынення.
Пакуль адных вызваляюць — іншых саджаюць і выносяць жорсткія прысуды. Мы бачым новыя хвалі пераследу — супраць вернікаў, святароў, жанчын. Па інфармацыі ад праваабаронцаў Dissidentby, ад 1 лютага 2026 года былі ідэнтыфікаваныя як мінімум 207 чалавек, якія падвяргаюцца крымінальнаму пераследу па палітычных матывах. З іх не менш за 41 ужо знаходзіцца за кратамі.
Гэта замкнёнае кола, кругавая парука рэпрэсіяў, якая не мае нічога агульнага з правам і справядлівасцю.
Без поўнага і безумоўнага спынення рэпрэсій гэтая лічба будзе толькі расці зноў. Адзіны сапраўдны выхад — поўнае спыненне палітычнага пераследу і вызваленне ўсіх палітвязняў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
22 сакавіка 2026
На мерапрыемства сабраліся шведскія палітыкі, замежныя дыпламаты, вядомыя грамадскія дзеячы, а таксама актывісты і актывісткі беларускай дыяспары. Свята стала нагодай яшчэ раз нагадаць пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці і выказаць салідарнасць з беларускім народам у яго змаганні за свабоду і дэмакратыю.
Прыём адкрыўся выкананнем нацыянальных песень Беларускай Народнай Рэспублікі, Украіны і Швецыі. Пасля з прывітальным словам выступіў прадстаўнік Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Васерман. У сваёй прамове ён узгадаў гістарычныя карані беларускай дзяржаўнасці — ад традыцый Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай да паўстанняў канца XVIII і XIX стагоддзяў, якія спрыялі фармаванню беларускай нацыянальнай свядомасці. Асобна была адзначана роля Кастуся Каліноўскага і паўстання 1863 года ў станаўленні сучаснай беларускай нацыі.
У прамове таксама падкрэслівалася, што сапраўдны суверэнітэт магчымы толькі ў дэмакратычнай краіне, дзе ўлада належыць народу. Сёння, калі рэжым лукашэнка трымаецца пры падтрымцы Расеі, пытанне суверэнітэту Беларусі зноў стаіць асабліва востра. Разам з тым дэмакратычны свет працягвае падтрымліваць беларускі народ у яго імкненні вярнуць уладу ў свае рукі.
Госцем і галоўным выступоўцам вечара стаў былы міністр замежных спраў Швецыі Тобіяс Більстрэм — лаўрэат Крыжа добрасуседства, найвышэйшай адзнакі беларускіх дэмакратычных сіл. У сваёй цёплай прамове ён падкрэсліў падтрымку Швецыяй дэмакратычнага руху Беларусі і выказаў шчырую салідарнасць з беларусамі ў іх змаганні за свабоду і дэмакратыю.
Музычная частка вечара была прысвечана беларускай культурнай супраціўнасці. Пасля прыёму адбыўся паўнавартасны канцэрт Лявона Вольскага, які стаў яскравым напамінам пра жывую беларускую культуру і яе ролю ў змаганні за свабоду.
Асобная падзяка была выказана Эстонскаму дому ў Стакгольме, які з самага пачатку дзейнасці Народнай амбасады Беларусі ў Швецыі падтрымлівае беларускія дэмакратычныя ініцыятывы і дэманструе паслядоўную салідарнасць з дэмакратычным супрацівам у Беларусі, ва Украіне і ўсюды, дзе людзі змагаюцца за свабоду.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
19 сакавіка 2026
19 сакавіка ў Мінск прыехаў з візітам спецпасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл, які абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнка сярод іншага вызваленне палітвязняў. Падчас мінулых візітаў спецпасланніка адбыліся дзве хвалі вызваленняў палітзняволеных, большасць якіх прымусова дэпартавалі з Беларусі. У выніку перамоваў рэжым Лукашэнкі памілаваў 250 асобаў у рамках пагаднення, дасягнутага пры пасярэдніцтве ЗША. Пры гэтым 235 чалавек былі вызваленыя ўнутры краіны, а 15 памілаваных палітзняволеных былі дэпартаваныя ў Літву, паведаміла амбасада ЗША ў Вільні.
Пасля перамоваў двух бакоў у медыя пачала з’яўляцца інфармацыя пра вызваленне палітвязняў.
Кацярына Бахвалава (Андрэева);
Барыскевіч Ілля (Kazimier Lachnovič)
15 вызваленых вязняў вывезлі ў Літву без пашпартоў, частцы дазволілі застацца ў Беларусі.
Нагадаем, праваабаронцам стала вядома, што 18 сакавіка з магілёўскай ПК-15 і наваполацкай ПК-1 вывезлі частку палітычных зняволеных.
У мінулыя разы перад масавым вызваленнем палітвязняў іх перавозілі з калоній у мінскі СІЗА КДБ — адтуль ужо пазней вывозілі з краіны.
"Наша мэта — выплаціць мінімум па €1000 кожнаму і кожнай у рамках праграмы падтрымкі палітзняволеных і вызваленых. Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасля вызвалення: знайсці часовае жыллё, набыць адзенне і лекі, аднавіць дакументы. Збор будзе актыўны да 31 сакавіка 2026 года, пасля чаго мы пачнём выплаты".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
18 сакавіка 2026
17 сакавіка дырэктар Офіса ў Вільнюсе Дзяніс Кучынскі і дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве сустрэліся з кіраўніком Камітэта па нацыянальнай бяспецы і адным з лідараў сацыял-дэмакратаў Рымандасам Сінкявічусам у Сейме Літвы.
Асноўныя тэмы сустрэчаў уключалі абмеркаванне заканадаўчых ініцыятываў, якія датычацца беларусаў у Літве. Па выніках перамоваў:
Сацыял-дэмакраты выказалі падтрымку непрыраўноўванню беларусаў да расіянаў у прававым полі Літвы,
Дасягнута разуменне па пытанні валодання нерухомасцю для беларусаў у Літве.
Пачаты дыялог па захаванні права беларусаў на ўдзел у мясцовых выбарах перад прапанаванымі абмежаваннямі.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі, як Літва можа падтрымаць беларусаў у Дзень салідарнасці з Беларуссю, Дзень Волі і ў да 40‑годдзя Чарнобыльскай трагедыі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
12 сакавіка 2026
Міжнародны крымінальны суд 12 сакавіка заявіў пра пачатак расследавання магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, 30 верасня 2024 года ўрад Літвы афіцыйна перадаў у Офіс пракурора МКС у Гаазе матэрыялы, якія датычацца меркаваных трансгранічных злачынстваў супраць беларусаў. Такая працэдура прадугледжана Рымскім статутам. Расследаванне ахоплівае, у прыватнасці, дэпартацыю і пераслед людзей па палітычных матывах, якія маглі здзяйсняцца беларускімі ўладамі.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўдзельнічаў у зборы доказаў, якія тычацца гэтых дзеянняў. Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў важны для беларусаў пачатак расследавання.
Урад Літвы звярнуўся ў МКС, бо Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута. Аднак, паколькі частка меркаваных злачынстваў была здзейснена на тэрыторыі Літвы, якая ўваходзіць у юрысдыкцыю суда, МКС можа разглядаць гэтую справу.
На сайце МКС адзначана:
"Ёсць дастатковыя падставы лічыць, што прымусовыя дзеянні, якія прывялі да дэпартацыі, былі часткай курсу дзеянняў супраць рэальных або меркаваных апанентаў урада Беларусі і ажыццяўляліся ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай або дзеля яе рэалізацыі. Упраўленне прыйшло да высновы, што меркаваныя злачынствы, здзейсненыя ўладамі, былі заахвочаныя або ўхваленыя на найвышэйшым узроўні.
Таксама ёсць дастатковыя падставы лічыць, што гэтыя злачынствы былі здзейсненыя ў рамках шырокамаштабнай і сістэматычнай атакі супраць грамадзянскага насельніцтва, улічваючы іх маштаб, колькасць ахвяр і арганізаваны характар гэтых дзеянняў.
Аб'ём расследавання ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і бягучыя заявы аб злачынствах, здзейсненыя з 1 траўня 2020 года ў Беларусі, пры ўмове, што прынамсі адзін элемент злачынства быў здзейснены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі звароту і рамкамі юрысдыкцыі.".
Юрыст і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка лічыць пачатак расследавання вельмі важным крокам для Беларусі:
"Сёння мы можам упэўнена сказаць: правасуддзе ёсць. І нават адкладзенае правасуддзе — гэта ўсё яшчэ правасуддзе. Мы глыбока ўдзячныя ўраду Літвы за зварот у МКС і падтрымку тых беларусаў, якія аказаліся мэтамі для дзяржаўнага тэрору і закладнікамі рэжыму Лукашэнкі. Мы, праваабаронцы "Вясны", разам з FIDH і юрыдычнай камандай M.A.R.A і НАУ прыклалі ўсе залежныя ад нас намаганні для падтрымкі звароту Літвы і цяпер у камандзе IAPB гатовыя падтрымаць гэтае расследаванне. Гэта, вядома, не ахоплівае ўсіх учыненых рэжымам злачынстваў супраць чалавечнасці, але паспрыяе збору і замацаванню доказаў і далейшаму прасоўванню расследавання ў інтарэсах правасуддзя".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
11 сакавіка 2026
9 сакавіка 2026 года прадстаўнікі ўрада Вялікабрытаніі і беларускіх дэмакратычных сілаў правялі кансультацыі ў Форын Офісе (FCDO) у Лондане. Сустрэча аб’яднала афіцыйных асобаў FCDO і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці і экспертных колаў для абмену меркаваннямі, умацавання супрацоўніцтва і вызначэння практычных крокаў па падтрымцы дэмакратычных пераменаў у Беларусі.
Брытанскую дэлегацыю ўзначаліў дырэктар Дэпартамента Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FCDO Крыс Аллан, а беларускую — галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Падчас кансультацый удзельнікі абмеркавалі падзеі ўнутры Беларусі і праблемы, з якімі сутыкаецца беларускае грамадства ва ўмовах працяглых рэпрэсіяў. Асаблівая ўвага была нададзеная сітуацыі палітвязняў, працяглага палітычнага пераследу і неабходнасці захавання міжнароднага ціску на рэжым. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў таксама вызначылі свае прыярытэты ў пытаннях дэмакратычнага пераходу, падрыхтоўкі інстытутаў і ўмацавання дэмакратычнай устойлівасці.
Другая сесія была прысвечаная пытанням бяспекі, уключаючы рэгіянальную бяспекавую сітуацыю, ролю Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны і больш шырокія рызыкі, звязаныя з мілітарызацыяй краіны. Удзельнікі абмяняліся поглядамі на тое, як міжнародныя партнёры могуць рэагаваць на ўзнікаючыя выклікі бяспекі і падтрымліваць суверэнную і дэмакратычную будучыню Беларусі.
Яшчэ адной ключавой тэмай абмеркавання былі правы чалавека і сацыяльная палітыка, уключаючы доўгатэрміновыя сацыяльныя наступствы рэпрэсіяў і прымусовай эміграцыі для беларускіх сем’яў. Удзельнікі адзначылі псіхалагічныя і эканамічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой, у тым ліку пытанні прававога статусу, доступу на рынак працы і сацыяльнай абароны.
Кансультацыі таксама закранулі ролю культуры, дыяспары і незалежных СМІ ў падтрымцы беларускай дэмакратычнай ідэнтычнасці і ўстойлівасці. Абмяркоўвалі рост беларускай дыяспары з 2020 года, праблемы, з якімі сутыкаюцца супольнасці за мяжой, і шляхі ўмацавання культурніцкага ўдзелу, актыўнасці моладзі і супрацоўніцтва паміж беларускімі і брытанскімі партнёрамі.
Асаблівая ўвага была нададзеная інфармацыйнаму асяроддзю вакол Беларусі, у тым ліку працы незалежных СМІ, што дзейнічаюць у выгнанні, распаўсюджванню прапаганды і дэзынфармацыі рэжыму, а таксама стратэгіям падтрымкі ўстойлівай журналістыкі і процідзеяння варожым наратывам. Прадстаўнікі незалежных СМІ таксама прадэманстравалі свой уплыў на аўдыторыю ў Беларусі, адзначыўшы, што 70% аўдыторыі СМІ ў выгнанні знаходзіцца ўнутры краіны.
Гэта ўжо другія кансультацыі паміж FCDO і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Папярэднія кансультацыі адбыліся 21 сакавіка 2025 года ў Лондане.
Удзельнікі з беларускага боку:
Франак Вячорка, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай;
Леанід Марозаў, Офіс Святланы Ціханоўскай;
Ірына Маклейн, Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК;
Ірэна Кацяловіч, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні АПК;
Марыя А., Беларуская Рада культуры;
Уладзімір Кобец, iSANS;
Матвей Купрэйчык, BelPol;
Ганна Любакова, Atlantic Council;
Аліна Коўшык, Belsat TV;
Мікалай Пачкаеў, Асацыяцыя беларусаў у Вялікабрытаніі;
Алена Карасцялёва, Інстытут глабальнага ўстойлівага развіцця;
Аляксандра Пушкіна, Zerkalo.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
04 сакавіка 2026
4 сакавіка ў Бруселі прайшоў форум «8+100» — пляцоўка для супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з еўрапейскімі палітычнымі партыямі.
Мерапрыемства было арганізавана Еўрапейскім парламентам сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай.
Форум аб’яднаў восем беларускіх дэмакратычных партыяў: Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Партыю Зялёных, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю «Грамада», Партыю БНФ, рух «За Свабоду», Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, рух «Краіна для жыцця», партыю «Нашая партыя» і партыю «Разам» — і больш за 100 еўрапейскіх палітычных партыяў, якія падтрымліваюць легітымныя дэмакратычныя сілы Беларусі. Сярод іх: Еўрапейская народная партыя, Renew Europe, Кансерватары і рэфармісты, партыя Зялёных і Сацыял-дэмакратаў.
У межах форуму ўдзельнікі абмеркавалі два ключавыя стратэгічныя напрамкі: каардынацыю палітыкі ЕС у адносінах да Беларусі і ролю краіны ў будучай архітэктуры еўраатлантычнай бяспекі. Асобная ўвага была нададзена сітуацыі ўнутры Беларусі, вызваленню палітвязняў і супрацьдзеянню гібрыднай агрэсіі Крамля.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
20 лютага 2026
20 лютага, падчас візіту ў Вену, беларуская лідарка выступіла з прамовай на супольным пленарным пасяджэнні трох асноўных камітэтаў АБСЕ.
У сваёй прамове Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на падтрымцы Украіны і неабходнасці спыніць расійскую агрэсію. Таксама яна заклікала Парламенцкую асамблею АБСЕ і краіны-ўдзельніцы не зніжаць увагу да Беларусі: трымаць ціск на рэжым і рыхтавацца да моманту, калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў для пераменаў:
«Сёння Украіна змагаецца за ўсіх нас — за Беларусь, Украіну, Малдову, усю Еўропу. Украіна змагаецца за мір, дэмакратыю і правы чалавека — тыя каштоўнасці, якімі так даражыць АБСЕ.
Важна даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі і спыніць расійскую агрэсію. Калі мы хочам сапраўднага міру ў Еўропе — то мы павінны аслабіць Пуціна і яго паплечніка Лукашэнку.
Вынік гэтай вайны паўплывае і на будучыню Беларусі. Гэта можа адкрыць для нас акно магчымасцяў. І ёсць два сцэнарыі: Беларусь альбо застанецца ў расійскай арбіце, з ядзернай зброяй, войскамі, «Арэшнікамі» — а гэта значыць, пастаянная пагроза для нашых суседзяў. Альбо яна нарэшце вызваліцца. Аднавіць сваю незалежнасць, свабоду і вяршэнства права — і выканае свае абавязацельствы перад АБСЕ.
Мы не павінны дазваляць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь — не Расія. Мы на баку Украіны. Мы — ганарлівая еўрапейская нацыя з уласнай культурай і ідэнтычнасцю».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
19 лютага 2026
19 лютага стала вядома, што на волі апынуліся два палітзняволеныя — Мікалай Статкевіч і Наталля Левая. У палітыка здарыўся інсульт — ён аднаўляецца і пакуль мае праблемы з мовай. Цяпер Мікалай дома ў Беларусі з жонкай. Наталля — ілюстатарка з Брэста, якая зацяжарыла ў калоніі пасля спаткання з мужам. У хуткім часе яна чакае дзіця. Яе памілаваў Лукашэнка. Інфармацыі пра іншых вызваленых палітвязняў у праваабаронцаў няма.
Нагадаем, 11 верасня Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зняволенага. Усіх акрамя Мікалая прымусова перамясцілі з месцаў зняволення на тэрыторыю Літвы. Мікалай адмовіўся ад дэпартацыі, а па дарозе да мяжы з Літвой выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральнай паласе паміж краінамі. Праз некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі, дзе яго затрымалі і зноў змясцілі за краты.
21 студзеня ў Мікалая здарыўся інсульт — амаль месяц ён знаходзіўся ў рэанімацыі.
19 лютага каардынатару грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" ЗміцеруБандарэнку удалося пагаварыць з Мікалаем Статкевічам на волі. У яго сапраўды ёсць пэўныя праблемы з маўленнем. Экс-палітвязень сказаў, што месяц знаходзіўся ў рэанімацыі пасля інсульту і яму патрэбны пэўны час, каб аднавіцца. Мікалай перадаў вялікае прывітанне Андрэю Саннікаву і падзякаваў усім беларусам за падтрымку. На пытанне Зміцера: «Што б ты хацеў сказаць беларусам?» ён адказаў: «Жывіце годна!»
20 лютага прэс-служба Лукашэнкі паведаміла дэталі выхаду на волю раней памілаванага Мікалая Статкевіча.
"Кіраўнік дзяржавы адобрыў просьбу сваякоў асуджанага адпусціць яго пасля хваробы. Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно. Але тады ехаць у "райскі сад" Статкевіч адмовіўся. І вярнуўся ў турму. З тых часоў прайшло нямала часу, у асуджанага пачаліся праблемы са здароўем. У прыватнасці, здарыўся інфаркт галаўнога мозгу", — сказала прэс-сакратарка Эйсмант.
Паведамляецца, што Лукашэнка прыняў рашэнне аб неадкладным пераводзе Мікалая Статкевіча ў бальніцу, дзе была забяспечана ўся неабходная і своечасовая дапамога — яго выратавалі. Затым Лукашэгку паступілі шматлікія звароты — жонкі і родных — з просьбамі адпусціць асуджанага дадому, каб мець магчымасць прыглядаць і даглядаць за ім.
Жонка палітыка Марына Адамовіч распавяла выданню "Новая Газета. Еўропа" падрабязнасці таго, як Мікалай Статкевіч перанёс інсульт у зняволенні:
"Аказваецца, увесь гэты час ён знаходзіўся ў той жа калоніі ў Глыбокім, з якой яго вывезлі ў верасні. Мікалай сказаў, што яго як з калоніі везлі з мяшком на галаве, так і зваротным шляхам, з мяжы ў калонію, з тым жа мяшком на галаве і сцяжкамі на руках. Я пісала туды, у калонію. Я за гэтыя месяцы ездзіла туды тройчы. І мне ніхто нічога не сказаў, не даў ніводнага адказу на мае звароты. Але ён увесь гэты час быў там. А інфаркт у Мікалая здарыўся яшчэ 21 студзеня, і яго ў той жа вечар павезлі ў Мінск", — распавяла Адамовіч.
Мікалаю лекары сапраўды рабілі "усё магчымае, каб выратаваць яго жыццё": тры тыдні рэанімацыі, кармленне праз трубку.
У ліпені 2024 года Наталлю асудзілі за данаты на шэсць гадоў калоніі паводле трох крымінальных артыкулаў: "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці", «фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях» і «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання». 39-гадовая палітзняволеная Наталля Левая ў сакавіку 2026 года чакае нараджэння дзіцяці.
19 лютага прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што Наталлю памілавалі "зыходзячы з прынцыпаў гуманнасці і з улікам жыццёвай сітуацыі асуджанай (жанчына цяжарная)". Асобна адзначана, што прымаўся пад увагу яе асабісты зварот да Лукашэнкі з хадайніцтвам аб памілаванні, дзейнае раскаянне і паводзіны падчас адбыцця пакарання.
Пазней прапагандысты паказалі кадры з памілаванай Наталляй Левай. У калонію да цяжарная жанчыны прыехалі яе маці і муж. На Наталлі была жоўтая бірка, якая зрабілася своеасаблівым сімвалам палітвязняў у Беларусі.
"Больш за ўсё сёння мяне хвалюе Наташа. Адбыўся цуд: пасля спаткання з мужам яна зацяжарыла. Да гэтага пара доўгі час не магла завесці дзяцей. Нараджаць Наташы прыкладна ў сакавіку. Так хочацца, каб гэта адбылося ў іншых умовах", — казала яе былая суседка Марынa Золатава.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
18 лютага 2026
На Міжнародным саміце па правах чалавека і дэмакратыі ў Жэневе кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета выступіла з ключавой прамовай на панэлі «Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі». У сваім выступе Святлана Ціханоўская распавяла пра становішча палітвязняў у краіне, падкрэсліла негатыўнае стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне і нагадала пра неабходнасць адрозніваць рэжым ад беларусаў.
Яна заклікала міжнародную супольнасць:
не нармалізаваць адносіны з рэжымам;
патрабаваць безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў;
узмацняць ціск супраць адказных за катаванні;
падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і сем’і зняволеных;
прыцягнуць рэжым да адказнасці.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
18 лютага 2026
Пра гэта паведамляе асацыяцыя «Талака - Сябры Беларусі ў Даніі»:
“У нас выдатная навіна: пасля двух гадоў настойлівай і інтэнсіўнай працы ў Даніі першы замежны пашпарт (fremmedpas) быў выдадзены грамадзянке Беларусі! Гэтая падзея стала важнай вяхой як для беларускай супольнасці ў Даніі, так і асабліва для беларусаў, якія па палітычных прычынах не могуць звяртацца да ўладаў Беларусі.
Выдача дакументу стала вынікам маштабнай супольнай працы групы актывістаў Талакi. Істотную ролю адыграла падтрымка Святланы Ціханоўскай і яе Офіса, а таксама ўвага з боку дацкіх уладаў і дзяржаўных інстытуцый.
Асаблівае значэнне мелі заявы міністра замежных спраў Даніі Ларса Лёкке Расмусена. Важным фактарам таксама стала ўдзел Омбудсмана дацкага парламента Крысціяна Брытэна Лундблада.
Да працэсу актыўна далучыліся прадстаўнікі дацкіх палітычных партый, у тым ліку члены Moderaterne, SF і Venstre — Ліберальнай партыі Даніі. Асабліва важную падтрымку выказала група салідарнасці SF, якая паслядоўна ўзнімала пытанні абароны правоў беларусаў у Даніі.
Значны ўнёсак зрабілі дацкія сродкі масавай інфармацыі. Асобна варта адзначыць карэспандэнта газеты Berlingske Эміля Ротбёля. Яго публікацыі надалі справе неабходную публічнасць, вывелі праблему на нацыянальны ўзровень абмеркавання і спрыялі больш уважліваму стаўленню з боку адказных інстытуцый.
Таксама значную ўвагу тэме надалі карэспандэнтка Дацкага Радыё Матыльда Кімер і міжнародны каментатар газеты Politiken Міхаэль Ярлнер.
Прафесійную дыскусію ўзмацніў прафесар Енс Ведстэд-Хансен — адзін з вядучых экспертаў Даніі ў галіне міграцыйнага права, прафесар-эмерытус Орхускага ўніверсітэта. Яго ацэнкі падкрэслілі неабходнасць карэктнага прымянення абноўленага заканадаўства, а таксама важнасць прававой вызначанасці і абароны правоў заяўнікаў у справах аб выдачы замежнага пашпарта.
Для беларусаў у Даніі гэтае рашэнне мае не толькі практычнае, але і сімвалічнае значэнне. Пашпарт замежніка дае магчымасць легальна падарожнічаць і вырашаць паўсядзённыя пытанні без рызыкі звароту да беларускіх дзяржаўных органаў. Адначасова гэта пацвярджае, што Данія на практыцы падтрымлівае людзей, якія адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека.
Беларуская супольнасць выказвае шчырую падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у гэтым працэсе і падтрымліваў яго на розных узроўнях. Гэтая вяха стала вынікам салідарнасці, настойлівасці і супрацоўніцтва паміж грамадзянскай супольнасцю, палітыкамі, экспертамі і дацкімі інстытуцыямі“.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
14 лютага 2026
Святлана Ціханоўская сустрэлася з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам, каб абмеркаваць сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі і міжнародныя намаганні па іх вызваленні.
Бакі абмеркавалі працэс вызвалення палітвязняў, гуманітарны трэк ЗША, стан вызваленых пасля турмаў і патрэбы рэпрэсаваных. Ціханоўская падкрэсліла, што гуманітарныя намаганні Злучаных Штатаў неабходна падтрымліваць і працягваць, але пры гэтым важна дабівацца сістэмнай змены палітыкі рэжыму.
Асобна Ціханоўская звярнула ўвагу на прымусовую дэпартацыю, якой часта падвяргаюцца вызваленыя з турмаў. Многіх пазбаўляюць дакументаў і магчымасці вярнуцца дадому. Вызваленыя людзі таксама сутыкаюцца з пагрозай паўторнага пераследу. Яна адзначыла, што міжнародная супольнасць павінна дамагацца не толькі вызвалення людзей, але і поўнага спынення рэпрэсіяў.
Таксама бакі абмеркавалі камунікацыю ААН з Мінскам па пытанні вызвалення палітвязняў і магчымы візіт Вярхоўнага камісара ў Беларусь.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
14 лютага 2026
Падчас другога дня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у панэльнай дыскусіі «Беларусь у цэнтры ўвагі», каб абмеркаваць будучыню Беларусі ва ўмовах новай геапалітычнай рэальнасці. Разам з беларускай лідаркай у дыскусіі ўдзельнічалі міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, сенатар ЗША Пітэр Уэлч і дырэктарка Цэнтра ўсходнееўрапейскіх і міжнародных даследаванняў Гвендолін Засэ.
Святлана Ціханоўская адзначыла ключавыя прыярытэты міжнароднай палітыкі ў адносінах да Беларусі:
– вызваленне палітвязняў без легітымізацыі рэжыму
«Кожнае вызваленне ратуе жыццё, але гуманітарныя вынікі нельга блытаць з палітычнай «нармалізацыяй». Ужо вызвалена каля 300 чалавек, але прынамсі тысяча ўсё яшчэ застаецца за кратамі, і рэпрэсіўная машына працягвае працаваць: замест вызваленых людзей затрымліваюць новых. Гуманітарныя крокі не павінны азначаць прызнанне рэжыму».
– рызыка страты суверэнітэту праз ваенную інтэграцыю з Расіяй
«Еўропа разумее, што пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, гэта будзе пастаянная пагроза бяспецы межаў Еўрапейскага Саюза. Пытанне Беларусі павінна быць часткай усіх перамоваў пра бяспеку ў рэгіёне».
– падтрымка беларусаў у выгнанні
«Беларусы за мяжой — гэта людзі пад палітычным пераследам. Ім патрэбныя стабільны прававы статус, дакументы для падарожжаў, доступ да адукацыі, працы і банкаўскіх паслугаў. Нам трэба балансаваць ціск на рэжым з падтрымкай людзей, каб заставацца моцнай альтэрнатывай «рускаму свету» і падрыхтаваць для беларусаў лепшую будучыню».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
13 лютага 2026
Амаль два гады былы палітвязень Аляксей (імя змененае ў мэтах бяспекі) правёў у калоніі за ўдзел у мірных пратэстах: халодныя камеры штрафных ізалятараў і памяшканняў камернага тыпу, знявагі і пастаянныя пакаранні для палітычных. Пасля вызвалення па заканчэнні тэрміну ён быў вымушаны з'ехаць з краіны праз немагчымасць знайсці працу і міліцэйскі кантроль. Ужо больш за два гады мужчына з сям'ёй жыве ў Італіі. Аляксей распавёў "Вясне" пра холад у бабруйскай калоніі, падтрымку ад Андрэя Пачобута, спа-гатэль у першы дзень на волі, тое, як хутка яму ўдалося аднавіцца пасля зняволення, пошук працы ў новай краіне і чаму ён не распавядае італьянцам пра тое, што сядзеў у турме ў Беларусі.
З моманту вызвалення Аляксея прайшло больш за два з паловай гады — ён кажа, што цяпер імкнецца не ўзгадваць перыяд палітычнага пераследу ў Беларусі.
"Знаходзячыся ў камеры 24 гадзіны, сем дзён на тыдзень, запамінаеш усе дэталі гэтага пакоя да дробязяў. І табе здаецца, што ты іх ніколі не забудзеш. На шчасце, час лекуе. І цяпер, знаходзячыся ў іншай краіне і ў бяспецы, многія моманты турэмнага жыцця сціраюцца з памяці. Іншая краіна, іншая мова, праца, хатнія клопаты... Усё гэта дапамагае сцерці з памяці гэты бруд. Я стараюся не ўспамінаць гэты перыяд жыцця. Так лягчэй..."
Па словах былога палітвязня, яму ўжо практычна ўдалося аднавіцца пасля зняволення:
"Цяпер, праз два з паловай гады, я ўжо магу сказаць, што фізічна і псіхалагічна ўжо амаль аднавіўся. Першыя паўтара года пасля вызвалення былі складаней. Цяпер у памяці часам усплываюць успаміны пра турму і, на жаль, часам сняцца сны пра турму".
Свой тэрмін за пратэсты мужчына адбываў у бабруйскай калоніі. Ён распавядае, што самым складаным там было знаходжанне ў халодным штрафным ізалятары (ШІЗА) і памяшканні камернага тыпу (ПКТ):
"Для мяне самым цяжкім быў холад у зімовы перыяд у ПКТ. Ацяпленне ледзь-ледзь працавала ноччу. Акрамя таго, адміністрацыя калоніі сістэматычна ладзіла скразнякі. Яны называлі гэта "праветрываннем". У бабруйскім ПКТ так зробленыя дзверы ў камеру, што можна засунуць кулак пад іх — так скразнякі з калідора і прыходзілі ў камеру. Я, напрыклад, заўсёды зачыняў дзверы знізу ад скразнякоў анучай, якой мыў падлогу. Гэта крыху ратавала сітуацыю.
Таксама вельмі дрэнна працавала "атаварка" [турэмная крама — заўв. рэд.]. Даводзілася "атаварвацца" са скандалам кожны месяц.
Для некаторых у ПКТ таксама складана было знаходзіцца, бо, як правіла, ты знаходзішся сам-насам 24/7. Але я спакойна праводжу час адзін. І мне ў гэтым пытанні было лягчэй".
Аляксей, распавядаючы пра прадузятае стаўленне да палітвязняў у калоніі ў 2022 годзе, адразу ўспамінае цяжкія этапы:
"З СІЗА ў калонію нас везлі ў спецыяльным вагоне. У гэтым вагоне ўсіх палітычных этапавалі ў кайданках. Незалежна ад тэрміну — адзін, два, пяць гадоў — усе едуць у кайданках. А людзі, асуджаныя паводле іншых цяжкіх артыкулаў і з вялікімі тэрмінамі — 8-13 гадоў — едуць без кайданкоў.
Адразу як з СІЗА трапляеш у калонію, ужо адчуваецца розніца з першых дзён — адразу ўсім палітычным даюць па два парушэнні. Напрыклад, у каранціне каля 70 чалавек — з іх пяць палітычных. Адпаведна, гэтыя пяць чалавек атрымліваюць па два парушэнні, астатнія 65 выходзяць з каранціну без парушэнняў. І гэта паўтараецца сістэматычна. І, вядома ж, палітычнымі пастаянна запоўненыя ШІЗА і ПКТ.
Страшна першы раз было трапіць у ШІЗА. Але першы раз усім страшна — ну а далей усё ідзе, як па масле [смяецца]. Я добра бавіў час сам-насам. Толькі з холадам была праблема. Даводзілася рабіць сістэматычна практыкаванні, каб сагрэцца".
Былы палітвязень адзначае, што больш за ўсё ў зняволенні пацярпела фізічнае здароўе — праз нізкі ўзровень медычнага абслугоўвання:
"У калоніі таблеткі даводзілася выпрошваць. З тэмпературай даводзілася хадзіць на "промку" працаваць. Толькі калі ёсць небяспека, што ты памрэш у калоніі ці табе сапраўды вельмі дрэнна, тады цябе пачынаюць неяк лекаваць".
Аляксей кажа, што дапамагалі захоўваць чалавечую годнасць у жудасных умовах асабістыя перакананні ды падтрымка іншых палітвязняў:
"Мой дэвіз па жыцці: "Заўсёды і ўсюды заставацца чалавекам, як бы ні было цяжка". У свой час я праходзіў тэрміновую службу ў войску ў Беларусі ды прытрымліваўся гэтага дэвізу, і мне гэта дапамагло ў СІЗА і калоніі. Вельмі часта людзі ў складаных сітуацыях губляюць годнасць ці, наадварот, чалавек становіцца іншым, калі яго, напрыклад, прызначаюць начальнікам або павышаюць на пасадзе. Адразу відаць, чаго варты гэты чалавек.
Мне ў нейкі момант нават пашанцавала. У зняволенні я пазнаёміўся з многімі добрымі людзьмі. І можа для кагосьці падасца дзіўным — там я навучыўся многаму. Так, напрыклад, у СІЗА Жодзіна мне ўдалося пабыць тры месяцы з Андрэем Пачобутам. Андрэй сам трымаўся вельмі добра, хоць ён казаў нам і разумеў ужо тады, што ў яго будзе вялікі тэрмін. Але ён не падаў духам і псіхалагічна падтрымліваў многіх хлопцаў парадамі ды цёплымі словамі".
Пра пачатак поўнамаштабнай вайны мужчына даведаўся, знаходзячыся ў следчым ізалятары:
"У СІЗА, акрамя беларускага радыё, нічога няма. Толькі ў некаторых камерах былі тэлевізары. Спачатку мы пачулі пра "СВО" па радыё. Але з гэтых словаў нічога не было зразумела. Потым да аднаго з асуджаных прыходзіў адвакат і ён распавёў усе падрабязнасці".
Былы палітвязень кажа, што абмяркоўвалі гэта з іншымі сукамернікамі, бо гэтая навіна ўзрушыла ўсіх:
"Ніхто не мог паверыць у гэта. Гэта здавалася нейкай казкай. Як у наш час можа быць ваенны канфлікт такога маштабу?!"
На волю Аляксей выйшаў у траўні 2023 года. З калоніі яго сустрэла жонка без дзяцей:
"Мы не паехалі адразу дадому. Жонка зняла гасцініцу са СПА. Як гаворыцца, мяне адмыла, пераапранула і мы на наступны дзень паехалі дадому. У першы дзень я абтэлефанаваў усіх знаёмых і сваякоў — сказаў ім словы падзякі за падтрымку".
Мужчына адзначае, што праз тое, што тэрмін зняволення ў яго быў адносна невялікі, ён досыць хутка вярнуўся да звычайнага жыцця пасля зняволення:
"Цягам месяца я прыйшоў у сябе. Шлейф, вядома, цягнуўся. Але я пачаў актыўна займацца сям'ёй і спортам — гэта ўсё дапамагала "загаіць раны".
Неўзабаве пасля вызвалення Аляксей з сям'ёй пакінуў Беларусь.
"Дзяржава пасля вызвалення не дае вярнуцца да свабоднага жыцця. Пасля вызвалення, усіх палітвязняў ставяць на нагляд. Гэта значыць, табе трэба кожны тыдзень ездзіць адзначацца ў міліцыю. На гэтых адзнаках могуць пагражаць і размаўляць пэўным чынам. Табе сістэматычна тэлефануюць з міліцыі і запрашаюць на розныя гутаркі. Прыязджаюць дадому і правяраюць. Хоць дома табе не абавязкова знаходзіцца. Калі ты з'язджаеш з горада — мусіш папярэджваць. Але галоўнае — гэта цяжкасць уладкавацца на працу. Калі ты ў спісах "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", табе не ўладкавацца ў Беларусі на працу. Усе дырэктары не хочуць цябе браць. Увогуле, дзяржава робіць усё, каб ты з'ехаў пасля вызвалення".
Былы палітвязень кажа, што за гэты час у яго змянілася стаўленне да сітуацыі ў Беларусі:
"У мяне, на жаль, меркаванне, якое многім не падабаецца: нашае грамадства не саспела да канца. Яно не разумее, што ў нашай цяперашняй сітуацыі трэба змагацца за сваю незалежнасць. Так, быў 2020 год, сапраўды людзі прыйшлі на выбары. Так, сапраўды была вялікая яўка і Лукашэнка прайграў, але потым... Людзі не змагаліся за свае галасы. Многія казалі: "Я прагаласаваў супраць яго?! Што вы яшчэ ад мяне хочаце!" Але не было так званай вялікай актыўнай масы, якая б змагалася. Напрыклад, я гляджу на Украіну, так, у іх з гэтай вайной шмат карупцыі, так, шмат мужчын з'ехалі. Але агулам, большая частка краіны ваюе. Людзі данацяць грошы сваім вайскоўцам і вось цягам чатырох гадоў мы бачым, што Украіна выстаяла. Так, у Беларусі "пасаджанае насенне Новай Беларусі", але колькі трэба часу, каб яно прарасло — ніхто не ведае. Хочацца верыць, што гэта здарыцца хутка".
Мужчына пераехаў з сям'ёй у Італію. Самым цяжкім для яго ў інтэграцыі ў іншым грамадстве стала вывучэнне новай мовы:
"Спатрэбілася шмат часу, каб пачаць гаварыць і разумець. Калі з мовай стала лепш, жыццё наладзілася. Дапамагае аднавіцца спакой. У Беларусі пастаянна нейкія негатыўныя навіны: дзяржава працягвае ўсіх непажаданых саджаць у турму; сталая інфляцыя і рост коштаў; сталая хлусня ўладаў. Усё гэта на мяне ціснула. У іншай краіне неяк ідзе ўсё пазітыўна. Усё стабільна. Можна планаваць, падарожнічаць і не парыцца наконт візы. Адчуваеш сябе нашмат вальней у гэтым плане".
Выбудоўваць новыя сацыяльныя сувязі ў іншай краіне было вельмі складана, кажа былы палітвязень:
"Ты прыязджаеш у іншую краіну і практычна нікога не ведаеш з людзей. Ты не ведаеш мовы. У цябе няма працы. Толькі жыццёвы досвед. Але потым павольна ўсё пачынае ўладкоўвацца. Дзеці ідуць у школу, з'яўляюцца знаёмыя бацькі. Суседзі, праца і ўсё наладжваецца. Трэба цярпенне".
Падчас пошукаў працы ў Італіі адразу паўстаў моўны бар'ер:
"Што б хто ні казаў, якім бы ты ні быў спецыялістам, калі ты не размаўляеш на мове той краіны, у якой жывеш, то вельмі складана знайсці працу. У мяне былі вельмі добрыя рэзюмэ і досвед працы, але было дужа складана знайсці працу без ведання мовы. Напрыклад, калі я знаходзіў вакансію ў інтэрнэце і адпраўляў сваё рэзюмэ, а мне ператэлефаноўвалі і пыталіся аб маім вопыце працы або іншыя дэталі маёй прафесійнай дзейнасці, то я не мог гэта растлумачыць на італьянскай. Тады працадаўца не быў зацікаўлены ўзяць мяне на працу. Але калі мне ўдалося палепшыць узровень мовы, я змог знайсці інжынерную працу. Цяпер працую ў офісе, а не рукамі. Па маёй прафесіі пакуль не атрымалася знайсці месца. Працягваю шукаць. Гэта вельмі складана".
Аляксей кажа, што ў Італіі ён не распавядае, што сядзеў у турме паводле палітычных матываў.
"Многія італьянцы нават не ведаюць, дзе знаходзіцца Рэспубліка Беларусь. Яны не ведаюць, якія ў нас падзеі былі ў 2020 годзе. Мы тут пачынаем новае жыццё, і калі нейкаму італьянцу расказаць, што я быў у турме, то гэта адштурхне яго ад мяне. Ён наўрад ці зразумее, чаму я быў у турме, але на нашы ўзаемаадносіны гэта можа паўплываць. Агулам, калі ўзнікае дыялог з італьянцамі пра палітыку, то мы ім расказваем, што ў нас было ў краіне і скідваем спасылкі з ютуба, каб яны паглядзелі на нашы падзеі".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
13 лютага 2026
У межах Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з Камісарам ЕС па пытаннях абароны Андрусам Кубілюсам.
Беларуская лідарка распавяла пра сітуацыю з ядзернай зброяй у Беларусі і адзначыла, што няма прыкметаў змяншэння расійскай вайсковай прысутнасці ў краіне. Наадварот, Расія ўсё больш актыўна выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і беларускую эканоміку для вайсковых патрэбаў.
Святлана Ціханоўская распавяла пра перамовы з амерыканскім бокам наконт гуманітарнага вызвалення палітвязняў. Таксама яна патлумачыла падыход да санкцыйнай палітыкі: амерыканскія санкцыі адпавядаюць гуманітарнаму трэку па вызваленні палітычных зняволеных, а еўрапейскія звязаныя з больш шырокімі палітычнымі зменамі і вызваленнем Беларусі ў цэлым.
Ціханоўская падкрэсліла, што ў камунікацыі з Лукашэнкам неабходна выстаўляць вельмі жорсткія ўмовы, каб не дапусціць сітуацыі, калі рэжым даб’ецца зняцця санкцыяў без дэмакратычных зменаў у Беларусі: «Тое, што рэжым настойліва дамагаецца зняцця санкцыяў, паказвае, што яны працуюць».
Ціханоўская заклікала Еўрасаюз да рашучасці, супрацы і далейшага супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
11 лютага 2026
У Вярхоўнай Радзе Украіны адбылося пасяджэнне дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь», у якім узялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька, прадстаўніца дэмакратычных сілаў Святлана Шаціліна і дырэктар праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў Яраслаў Чарнагор. Падчас пасяджэння Святлана Шаціліна прэзентавала «Місію дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне».
На сустрэчы абмеркавалі:
– заканадаўчыя ініцыятывы па прававым статусе і інтэграцыі беларусаў у Украіне;
– патранаж дэпутатаў над асобнымі кейсамі беларусаў: добраахвотнікі, іх сем’і і валанцёры;
– правядзенне канферэнцыі «Шлях да волі» і Форуму Астрожскіх;
– выкарыстанне досведу Вярхоўнай Рады для падрыхтоўкі пакета праектаў рэформаў і законаў «Пазітыўная альтэрнатыва»;
– далучэнне дэпутатаў да ініцыятывы Libereco;
– супрацоўніцтва з «Місіяй дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне» і ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі магчымасць правядзення сустрэчы Альянсу дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» у 2027 годзе ў Кіеве.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
11 лютага 2026
Старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі даў інтэрв'ю польскаму выданню Newsweek, дзе распавёў пра адчуванне свабоды, холад у штрафным ізалятары, а таксама паразважаў пра легітымізацыю рэжыму і планы на будучыню. Прыводзім некаторыя цытаты з інтэрв'ю.
Алесь Бяляцкі пасля чатырох з паловай гадоў зняволення знаходзіцца на волі ўжо амаль два месяцы. Цяпер ён жыве ў Осла. Адказваючы але пытанне аб адчуваннях на волі, адзначыў, што ўсё яшчэ не можа прыйсці ў сябе ад захаплення.
"Гэта як выйсці на свежае паветра з пакоя, напоўненага якім-небудзь таксічным газам. Дыхаеш на поўныя грудзі, усё здаецца прыгожым, усё цікава. Калі я праходжу міма вітрын крам, мне хочацца што-небудзь купіць. Калі я бачу рэстаран, я думаю паспрабаваць там якую-небудзь страву. Мая жонка павінна мяне абсякаць. "Алесь, хопіць. Пайшлі!" — кажа яна і адводзіць мяне ў бок (смяецца). Пасля многіх гадоў турэмнага рэжыму — пад'ём а 5:00 раніцы, адбой а 22:00 — я нарэшце магу прачынацца і класціся спаць, калі захачу. Наколькі цудоўная свабода, не зразумее ніхто, хто ніколі не сядзеў у турме. Гэта як нарадзіцца нанова".
Праваабаронца лічыць, што ён не падвергнуўся фізічным катаванням, дзякуючы статусу нобелеўскага лаўрэата.
"Я думаю, што ў супрацоўнікаў калоніі была выразная інструкцыя зверху, з Мінска, звяртацца са мной лепш, чым з астатнімі палітвязнямі. Я не скажу, што мяне праз гэта паважалі — яны проста баяліся нашкодзіць мне. Гэта не значыць, што я не пакутаваў. Калі ўжо ў калоніі мяне пасадзілі ў ШІЗА, мяне катавалі холадам. У ШІЗА сядзіш у вельмі тонкай вопратцы, а ўвосень ці ўзімку тэмпература апускаецца да 8-10 градусаў па Цэльсіі. Спаць у такі холад проста немагчыма. Падрэмлеш 15-20 хвілін, і цела за гэты час настолькі астывае, што прачынаешся ад курчаў. Пасля некалькіх бяссонных ад холаду начэй у карцары думаеш толькі пра тое, каб апынуцца ў якім-небудзь цёплым месцы. Я ведаю, пра што кажу, бо я перажыў гэта. У ШІЗА я правёў у агульнай складанасці 38 дзён".
Алесь Бяляцкі адзначае, што ў зняволенні пераканаўся, што сярод персаналу практычна няма людзей, якія вераць у тое, што кажа Лукашэнка, і пераканана падтрымліваюць рэжым.
"Кар'ерысты прэсуюць зняволеных з мэтай прасоўвання па службе, але не вераць у сістэму. Большасць з іх — людзі, якія разглядаюць працу ў калоніі як сродак да існавання. У гэтых адносінах сітуацыя моцна змянілася з маёй папярэдняй адседкі. Тады былі яшчэ ідэйныя супрацоўнікі".
У размове з праваабаронцам журналіст адзначыў, што апошняя група палітычных зняволеных апынулася на волі, таму што Дональд Трамп пайшоў на перамовы з Лукашэнкам. Цаной іх свабоды была адмена часткі санкцый. Адсюль пытанне: хіба амерыканскі прэзідэнт не легітымізуе такім чынам рэжым?
"Амерыканцы прапанавалі перамовы аб вызваленні палітвязняў у абмен на паступовую адмену санкцый, але зусім не таму, што лічаць Беларусь нейкай асабліва важнай краінай у рэгіёне. Я думаю, што галоўная мэта адміністрацыі Трампа — спыніць вайну ва Украіне, а пагадненне з Лукашэнкам, на думку Вашынгтона, можа наблізіць рэалізацыю гэтай мэты, паколькі дыктатар мае нейкі мінімальны ўплыў на Пуціна. Акрамя таго, Белы дом хацеў такім чынам прадухіліць актыўнае ўцягванне Беларусі ў вайну, а такая рызыка была. Яшчэ два-тры гады таму я сам баяўся, што беларускіх жаўнераў адправяць на фронт, а Лукашэнка з хаўрусніка Пуціна стане і ягоным таварышам па зброі.
Адказваючы на пытанне — рэжым вядзе своеасаблівы гандаль людзьмі з пасланнікам Трампа [Джонам Коўлам — рэд.], а да нас, палітвязняў, ставіцца як да тавару. Як вядома, ніхто не пытаецца ў тавару пра тое, ці хоча ён быць прададзеным і за колькі. Паўтару, што без узмацнення жорсткасці санкцый пасля 2022 года да гэтых таргоў ніколі б не дайшло, таму Еўразвяз павінен падтрымліваць ціск на рэжым. Жорсткая палітыка ў адносінах да рэжыму дакладная, я заўсёды яе падтрымліваў і буду працягваць падтрымліваць. Тым больш што з моманту вызвалення нашай групы было арыштавана не менш за сто палітычных зняволеных. Рэжым вызваляе адных, а іншых саджае за краты".
Алесь Бяляцкі верыць, што дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі непазбежныя:
"Сваю апазіцыйную дзейнасць я пачаў у маладосці ў пачатку 80-х... Тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, КПСС валодала непадзельнай уладай, а парадак ахоўваў Варшаўскі дагавор. Часы былі змрочныя, але мы з надзеяй глядзелі на польскую "Салідарнасць". Сёння ў нас больш саюзнікаў, а дзякуючы змене пакаленняў беларускае грамадства больш адкрыта да пераменаў. Фактычны ўзровень падтрымкі рэжыму дасягнуў дна. Гэта хунта, улада якой трымаецца на грубай сіле. Без падтрымкі сілавікоў і войска Лукашэнка б страціў уладу. Рэжым не абрынецца заўтра, але цяперашняя сітуацыя доўга не пратрымаецца. Змены непазбежныя, хоць сёння цяжка прадказаць, што будзе трыгерам. Важна, каб мы былі да іх гатовыя. Што тычыцца мяне, я буду займацца тым, чым і да 2021 года — абаронай правоў чалавека і дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтаму сусветная грамадскасць будзе больш цікавіцца Беларуссю".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
06 лютага 2026
Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі здзейсніў працоўны візіт у Вашынгтон.
СЛУХАННІ Ў КАНГРЭССЕ
3 лютага Дзяніс Кучынскі выступіў на слуханнях Камісіі па правах чалавека Кангрэсу ЗША, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі. Слуханні адбыліся пад старшынствам кангрэсмена Крыстафера Сміта. Разам з Кучынскім удзел у слуханнях узялі Сяргей Ціханоўскі, прадстаўнік Freedom House Віціс Юрконіс і міжнародная юрыстка ў галіне правоў чалавека Жасмін Кэмэран.
Падчас слуханняў Дзяніс Кучынскі распавёў пра сітуацыю з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Ён апісаў умовы іх ўтрымання як сістэмнае катаванне: холад, ізаляцыю, рэжым інкамунікада, адсутнасць сувязі з роднымі, ціск на сем’і, адвакатаў: знаходжанне ў ШІЗА:
«Умовы ўтрымання палітычных зняволеных пагаршаюцца, а не паляпшаюцца. Многія з іх нядаўна былі змешчаныя ў ізалятары часовага ўтрымання без ацяплення пры цяперашніх тэмпературах у Беларусі да -30°C. Гэта сапраўднае катаванне. Адзін з пацярпелых — Арцём Лябедзькі, сын дарадцы прэзідэнткі Ціханоўскай. Жыццё Арцёма было зламана проста таму, што яго сям’я выступала за дэмакратыю».
Асобную ўвагу Дзяніс Кучынскі звярнуў на становішча жанчын-палітвязняў, назваўшы яго надзвычайным нават у межах агульнай крызіснай сітуацыі. Ён перадаў сведчанні Марыны Золатавай, якая пасля вызвалення заклікала звярнуць асаблівую ўвагу на жанчын, што знаходзяцца за кратамі даўжэй за ўсіх, маюць цяжкія захворванні або знаходзяцца ў сталым узросце:
«Яе пасланне было тэрміновым і ясным: мы павінны засяродзіць увагу на тых, хто знаходзіцца ў зняволенні даўжэй за ўсіх, на тых, у каго сур’ёзныя захворванні, і на пажылых жанчын. Адным з такіх выпадкаў з’яўляецца Ірына Мельхер, 70-гадовая жанчына з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем. А таксама мая калега па ўніверсітэце, праваабаронца Марфа Рабкова, якой прысудзілі 15 гадоў турэмнага зняволення», — адзначыў дыпламатычны дарадца.
У сваім выступе Дзяніс Кучынскі заклікаў узмацніць намаганні дзеля вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, правесці чарговы раўнд Стратэгічнага дыялогу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і працягваць сістэмную падтрымку беларускіх дэмакратычных інстытутаў.
Цалкам прамову можна прачытаць па спасылцы.
СУСТРЭЧЫ Ў БЕЛЫМ ДОМЕ
У межах візіту Дзяніс Кучынскі правёў дзве сустрэчы ў Белым доме — са старэйшым памочнікам прэзідэнта ЗША і дырэктарам па пытаннях Еўропы Чарльзам Маклафлінам, а таксама са старэйшым дарадцам віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса Спіра Баласам.
Падчас сустрэч абмяркоўваўся працяг ранейшых дамоўленасцяў з амерыканскім бокам, гуманітарныя намаганні дзеля вызвалення палітычных зняволеных, а таксама ўплыў перамоваў вакол Украіны на сітуацыю ў Беларусі і рост гібрыдных пагроз з боку рэжыму для краін ЕС. Дыпламатычны дарадца Ціханоўскай перадаў у Белы дом праект прапановы Аб’яднанага пераходнага кабінета аб магчымай ролі ЗША як міжнароднага медыятара ў будучых дэмакратычных пераўтварэннях у Беларусі.
Ад імя Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі падзякаваў адміністрацыі ЗША за канкрэтныя вынікі ў гуманітарным напрамку і перадаў у Белы дом прапановы Аб’яднанага пераходнага кабінета аб магчымай ролі ЗША як міжнароднага медыятара.
Падрабязней пра сустрэчы ў Белым доме.
ІНШЫЯ СУСТРЭЧЫ
Акрамя слуханняў у Кангрэсе, падчас трохдзённага візіту ў Вашынгтон Дзяніс Кучынскі правёў шырокі шэраг дыпламатычных сустрэч з міжнароднымі партнёрамі і прадстаўнікамі ўладаў ЗША. Таксама прайшлі брыфінгі і сустрэчы з камандамі сенатараў і кангрэсменаў ЗША.
Адбыліся сустрэчы з:
– амбасадаркай ЕС Йовитай Нелюпшене,
– амбасадарам Літвы ў ЗША Гедымінасам Варвуолісам.
– амбасадаркай Нарвегіі, былой міністаркай замежных справаў Аннікен Хюітфельд.
Асноўны фокус сустрэч — сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі, узмацненне міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі і каардынацыя далейшых дзеянняў у падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў.
Таксама Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчы з кіраўніцтвам National Endowment for Democracy і прэзідэнтам International Republican Institute Дэніелам Твайнінгам, дзе абмяркоўвалася доўгатэрміновая падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных інстытутаў.
Ад імя Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі падзякаваў прэзідэнту ЗША Дональд Трамп і яго адміністрацыі за канкрэтныя вынікі ў гуманітарным напрамку, у тым ліку за вызваленне групы палітычных зняволеных 13 снежня, а таксама за працу спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі Джон Коўл.
Дзяніс Кучынскі:
«Візіт у Вашынгтон пацвердзіў: падтрымка беларускага народа, барацьба за вызваленне палітычных зняволеных і аднаўленне дэмакратыі ў Беларусі застаюцца важнай часткай міжнароднага парадку дня.
У той час, калі гуманітарныя крокі ЗША спрыяюць вызваленню палітычных зняволеных, Еўрапейскі кірунак са скаардынаваным ціскам застаецца ключавым для забеспячэння сістэмных зменаў у Беларусі. Гэтая салідарнасць і прынцыповасць маюць вырашальнае значэнне для будучыні свабоднай і суверэннай Беларусі».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
06 лютага 2026
Аляксей (імя зменена ў мэтах бяспекі) жыў у абласным горадзе і працаваў на складзе камплектоўшчыкам. У 2020-2022 гадах адначасова хадзіў на курсы тэсціроўшчыка і на польскай мовы, хацеў атрымаць карту паляка. Мужчына далучыўся да пратэстаў і актыўна выказваў сваё меркаванне на грамадска-палітычныя падзеі ў інтэрнэт-каментарах. Аляксея затрымалі 2022 годзе, пасля чаго збівалі і пагражалі згвалціць жонку. Праз год палітвязня асудзілі па дыфамацыйных артыкулах на тры гады калоніі.
Аляксей распавёў "Вясне" пра затрыманне са збіццём і пагрозы яго сям’і, пра нечаканую дапамогу следчай, а таксама пра спробу вярбоўкі КДБ як умову памілавання.
Перад пратэснымі падзеямі 2020 года Аляксей, як і шмат іншых беларусаў, меў звычайнае жыццё: працаваў на складзе камплектоўшчыкам і адначасова хадзіў на курсы польскай мовы і тэсціроўшчыка, каб уладкавацца ў IT і пераехаць у Польшчу. Як распавядае суразмоўца, на той момант у яго падрос сын, і Аляксей хацеў змяніць сваё жыццё ў лепшы бок.
У 2020 годзе першыя тры самыя спякотныя дні пратэстаў Аляксей на акцыі не выходзіў, але сачыў за навінамі праз інтэрнэт.
"Тады ж паўсюль абрубілі інтэрнэт. Перад гэтым я паспеў сцягнуць некалькі проксі-сервераў і дома глядзеў навіны, што адбываецца ў Мінску.
Яшчэ калі затрымалі Віктара Бабарыку, я паехаў у цэнтр горада ў спадзеве, што людзі выйдуць на пратэсты, абыйшоў усе месцы, але нідзе нікога не было. Я тады на гэта пакрыўдзіўся. Вашага кандыдата пасадзілі ў турму, а нібы нічога не здарылася. Таму ў першых днях пратэстаў я не ўдзельнічаў. Калі ўжо перасталі масава збіваць людзей на вуліцах, мы з сям’ёю збіраліся на пратэсты ў цэнтры горада. Таксама хадзілі маршам да СІЗА, дзе я пазней сам апынуўся. Але агулам у нашым горадзе не было нейкага моцнага руху".
Аляксея затрымалі ў красавіку 2022 года. У той дзень Аляксей у свой выходны разам з жонкай быў дома і збіраўся забіраць сына з дзіцячага садка.
"Хтосьці пачаў званіць у дамафон. Калі мы нікога не чакаем, то звычайна не падымаем. Пазней пачалі званіць ужо ў дзеры кватэры. Нейкі мужчына прадставіўся ўчастковым. Сказаў, што апытвае суседзяў, бо ў суседнім доме ў дзяўчынкі скралі ровар. Я адкрыў дзверы і чую на лесвіцы грукат. Гляджу, а на мяне бяжыць натоўп чалавек 7-10 сілавікоў у бронекамізэльках, касках і свеціць ліхтарыкамі ў вочы. Захоплівалі, як нейкага Усаму бен Ладана. Я не чакаў, што за каментар мяне будуць затрымліваць, як нейкага мафіозі. Я адразу стаў да сцяны, бо ведаў, што яны садысты і ўдарыць па твары ім дастаўляе асобную асалоду".
Аляксея адразу скруцілі і паклалі на падлогу. Ён назваў затрыманне "цыркам" за што сілавікі яго дадаткова збілі па нырках. Тэлефон жонкі Аляксея дадаткова праверылі на месцы, але жанчыну затрымліваць не сталі.
Як распавядае суразмоўца, сілавікі кінулі яго ў бус на падлогу паміж крэслаў, а на спіну Аляксею паставілі ногі.
"У мяне папрасілі пароль ад тэлефону. Я сказаў, што не дам. За гэта на мяне адразу пасыпаліся ўдары. Па нырках добра надавалі. Пасля ныркі балелі яшчэ цягам году. Цягалі за бараду і крычалі: "Зараз адарву табе бараду. Калі ты такі герой, зараз вернемся да цябе дамоў і анальна згвалцім тваю жонку. Тады паглядзім, ці разблакуеш тэлефон". Яны адмыслова абіралі месцы, куды біць, каб не заставалася слядоў. Ад кайданкоў, якія вельмі моцна зацягнулі, засталіся сляды. Шэсць месяцаў пасля балелі рукі.
Абражалі мяне натаўцам. Я ім казаў, што пісаў антываенныя каментары. Сілавікі казалі, што на нас усіх не трэба так шмат марнаваць часу: "Вы фашысты. Трэба ўвогуле ўзрываць вашыя дамы разам з вашымі сем’ямі, выводзіць на вуліцу і расстрэльваць”. Карацей, там такая страшная плыня свядомасці была". Гэтыя ўсе пагрозы казаў нейкі малады практыкант, малодшы лейтэнант ГУБАЗіК. Таксама казаў, што, калі мы супраць прэзідэнта, то нас усіх сем’ямі трэба высылаць на лагерныя працы дзеля дабра радзімы".
Увесь дзень Аляксея вазілі па розных сілавых установах, а ўвечары змясцілі ў ІЧУ, дзе мужчына правёў трое сутак.
"Цікава, што спачатку мне выдалі пасцельную бялізну. Хутка сілавікі вяртаюцца і кажуць: "Вяртай назад, бо мы не паглядзелі, па якім ты артыкуле затрыманы". Ноччу кожныя тры гадзіны мяне будзілі на праверкі. Апраналі кайданкі, выводзілі ў калідор на расцяжку і пыталі імя і прозвішча. Сусед па камеры падзяліўся са мною сваім паліто. Прыйшлі супрацоўнікі і сказалі, што калі ён яшчэ раз падзеліцца, то пасцельную бялізну забяруць і ў суседа. То я далей ужо спаў проста на жалезных нарах".
Пасля сутак у ІЧУ Аляксея павезлі ў Следчы камітэт абіраць меру ўтрымання. Як распавядае суразмоўца, яму пашчасціла і следчая прызначыла яму да суда хатні арышт замест СІЗА.
"Я там разыграў драму, расплакаўся ў кабінеце, казаў, што дома чакае сын. А следчай была жанчына гадоў 50. Я з 10 да 19 гадзіны чакаў у кабінеце, пакуль следчая ездзіла ў пракуратуру штосьці высвятляць. У выніку яна вярнулася і сказала, што мяне адпускаюць дамоў. Гэта, канешне, было дзіўна. Як я пазней даведаўся, толькі дваіх чалавек з такімі артыкуламі адпраўлялі пад хатні арышт: нейкую шматдзетную маці і мяне".
Следчая прыбрала з абвінавачвання Аляксея “распальванне варожасці” (арт. 130 КК). Але пазней у ягонай справе пачалі мяняцца следчыя і гэты артыкул зноў вярнулі.
"За паўгода змянілася пяць следчых, пакуль я быў на хатнім арышце. Акрамя вяртання 130 артыкула, мне ўзмацнілі "паклёп на прэзідэнта" – першую частку артыкула замянілі на другую. Пракурор сказаў, што з такімі артыкуламі ніякага хатняга арышту, і маўляў, трэба мяне адправіць у СІЗА.
На хатнім арышце да мяне ноччу пастаянна прыязджалі міліцыянты. У гадзіны тры ночы любілі прыехаць. Мне дазвалялася ездзіць на працу днём, але толькі ў межах горада. У непрацоўны час я мог выходзіць не далей за 200 метраў ад дома".
Аляксей загадзя адзначыў дзень народзінаў сына і напачатку лістапада 2023 года яго змясцілі ў СІЗА, дзе ён правёў да суда яшчэ паўгода.
"На працы раптам патэлілі, што трэба выйсці распісацца ў нейкім дакуменце. Але я ўжо ведаў, што мяне затрымаюць і тыдзень хадзіў на працу з сабраным заплечнікам".
Цягам 2020-2022 гадоў Аляксей пакінуў даволі шмат інтэрнэт-каментароў на палітычную і антываенную тэматыку. З гэтай нагоды яму двойчы прызначалі лінгвістычную экспертызу. За тое, што мужчына назваў Лукашэнку ўпыром, яго абвінавацілі ў "абразе Лукашэнкі" (арт. 368 КК). Хаця за "фашыста" так нічога не прад’явілі, кажа суразмоўца.
Як пазней Аляксею распавядалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, яго знайшлі па ягоных антываенных каментарах.
"Яны знайшлі гэтыя каментары, якія я пісаў пасля пачатку вайны. Капнулі глыбей, а там невычэрпная крыніца. "Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі" (арт. 367 КК) мне далі за тое, што напісаў каментар пра ваенныя парады і масавыя мерапрыемствы падчас пандэміі COVID-19. Тады я напісаў, што Лукашэнка "масавы забойца". Мне далі другую частку гэтага артыкула, бо я нібы абвінаваціў яго ў цяжкім злачынстве. Беларускіх сілавікоў я назваў “ланцуговымі псамі рэжыму” і “ахоўнікамі Драздоў”. За гэта мяне абвінавацілі ў "распальванні варожасці" (арт. 130 КК). Яны палічылі, што я назваў сілавікоў сабакамі, і праз гэта распаліў нянавісць да супрацоўнікаў міліцыі".
Да таго ж Аляксей назваў расійскіх жаўнераў на тэрыторыі Украіны "фашысцкімі захопнікамі", што таксама стала падставай для абвінавачвання ў арт. 130 КК.
У выніку ў лютым 2023 года Аляксея асудзілі паводле ч. 2 арт. 367, арт. 368 і арт. 130 Крымінальнага кодэкса на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Пракурор па прозвішчу Астапенка прасіў прызначыць палітвязню чатыры гады зняволення.
"Я абраў тактыку поўнага прызнання віны. Граў ролю ідыёта, нібы інтэрнэтамі карыстацца не ўмею, здуру туды залез і на эмоцыях напісаў каментары. На судзе ў мяне пыталі, каго я меў на ўвазе, калі пісаў "вусаты фюрэр". Я, канешне, сказаў, што меў на ўвазе Адольфа Гітлера". А мне сказалі, што, маўляў, не трэба маніць, усе ведаюць, каго я меў на ўвазе. То-бок, доказы былі такога ўзроўню: "Вы хлусіце. Мы ўсё ведаем, як было насамрэч". Маю адвакатку на той момант пазбавілі ліцэнзіі за тое, што дапамагала палітвязням, і мне далі дзяржаўнага абаронцу. Яна ўвогуле ніяк сябе не праяўляла і нават апеляцыю напісала з памылкамі".
Напрыканцы суда пракурор стаў зачытваць не толькі тыя інтэрнэт-каментары, якія бралі на лінгвістычную экспертызу, а ўвогуле ўсе, якія пакідаў Аляксей.
"Як казалі падчас працэсу, нягледзячы на тое, што з боку лінгвістычнай камісіі адсутнічае пацверджанне абразлівасці каментароў, паводле ўнутранага пераканання суда мае каментары будуць лічыцца ўсё роўна абразлівымі.
Пракурор зачытваў каментары, некаторыя з якіх былі даволі смешнымі, і глядзеў на маю рэакцыю, ці буду смяяцца. Напрыклад, быў такі: "Если есть упоминание про ел*у, пе*дак и рот, можешь смело быть уверен, пишет русский патриот". Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму смяяцца больш было некаму".
Праз пэўны час пасля абвяшчэння прысуду, калі Аляксей яшчэ знаходзіўся ў СІЗА, у ягоным тэлефоне знайшлі фотаздымак. На ім мужчына разам з сынам на фоне танка – помніка вызваліцелям ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – жартаўліва паказваюць у камеру языкі. За гэты здымак Аляксея хацелі дадаткова абвінаваціць у "рэабілітацыі нацызму", але падчас далейшага разбіральніцтва гэтае абвінавачванне знялі, распавядае суразмоўца.
Па прыбыцці ў калонію ўсім палітычным адразу даюць адно ці два парушэнні, кажа Аляксей. Палітвязняў выклікаюць да начальніка карантыну, ён кажа: “Вы самі ўсё добра разумееце” і прапануе аформіць парушэнне, што вязень нібы не павітаўся з супрацоўнікам калоніі. У выпадку нязгоды, начальнік пагражае залезці ў торбу і знайсці там несупадзенне вопісу рэчаў з рэчамі ў торбе вязня. Гэта чарговае распаўсюджанае парушэнне, якое звычайна выпісваюць палітвязням.
"Начальнік кажа, што яны ўсё роўна знойдуць, да чаго дакалупацца і будзе толькі горш, яшчэ і ў ШІЗА паеду. Праўда, за тыя 17 месяцаў, якія я правёў у калоніі, мне пашчасціла не патрапіць у ШІЗА".
Першае парушэнне Аляксею далі за тое, што "не павітаўся". Другое – за тое, што "самавольна пакінуў месца працы", хаця палітвязень фактычна знаходзіўся на сваім месцы працы, кажа суразмоўца.
"Тады было вельмі халодна і ў цэх шмат людзей прыходзіла пагрэцца. А супрацоўнікам гэта не падабалася, яны заходзілі ў цэх і ўсіх выганялі на вуліцу. Яны памылкова запісалі маё прозвішча, хаця я якраз працаваў у тым самым цэху".
Трэцяе парушэнне Аляксею далі за несупадзенне рэчаў у торбе вопісу. Як кажа суразмоўца, прыйшлі яго выпісваць мэтанакіравана і не толькі Аляксею, папярэдне запісаўшы ў спіс шэраг прозвішчаў палітычных. За тое, што вязні часам збіраліся на прамзоне разам і гулялі ў гульню, адгадваючы словы.
"Але гэта не магчыма, каб рэчы супадалі ў торбе. Напрыклад, у цябе ёсць 15 вольных хвілінаў, ты забег у пакой узяць пару цукерак ці яблык. І ты адразу мусіш упісць гэта ў вопіс рэчаў і змяніць колькасць тых цукерак – мінус адна цукерка. Гэта немагчыма адсачыць, бо няма вольнага часу.
У нас агулам было вольных недзе тры гадзіны, размеркаваныя па ўсім дні – тут 15 хвілінаў, там 20. Часам нават даводзілася абіраць – ці ты сёння пойдзеш у прыбіральню "па вялікаму" ці ты сёння паеш. Я думаў, "па вялікаму" я хадзіў учора, значыць сёння я магу паспець паесці. Пасля трох парушэнняў мяне запісалі ў злосныя парушальнікі".
Нягледзячы на тое, што Аляксей не трапляў у ШІЗА, ён, як і ўсе іншыя палітычныя, пастаянна зазнаваў ціск і знаходзіўся пад пільнай увагай адмінітрацыі калоніі.
"Напрыклад, стаяць недзе на прамзоне дзве кампаніі. Адныя з белымі біркамі, другія – палітычныя – з жоўтымі. І ідуць сапрацоўнікі. Канешне ж, яны адразу падыйдуць да палітычных і кагосьці могуць адразу забраць. Той жа момант, калі зімой вязні грэюцца каля батарэі. Падыдуць супрацоўнікі і абавязкова забяруць кагосьці з жоўтай біркай.
Да таго ж, як можна не адчуваць ціску, калі табе там літаральна ўсё забаронена. Ты не можаш вучыцца. У пэўны час у вязняў сталі вымаць слоўнікі і забаранілі вывучаць замежныя мовы. Улічваючы, што замежныя мовы там вывучалі 95% палітычных, то, вядома, што гэтыя рэпрэсіі былі накіраваныя менавіта супраць нас".
Аляксей працаваў у сталярным цэху, дзе выраблялі вялікія скрыні для ракет. Паводле меркаванняў вязняў, гэтыя скрыні экспартавалі ў Расію. Перыядычна вязняў у адзіны выходны дзень – нядзелю – зганялі выносіць будаўнічае смецце ў корпус, які быў на рамонце. Часцей за ўсё на гэтыя працы вадзілі палітвязняў з дзясятым прафулікам, распавядае Аляксей.
"Нават калі так здаралася, што нядзеля была вольнай ад працы, то ў гэты дзень абавязкова ставілі нейкае абавязковае мерапрыемства: прагляд старога чорнабелага фільма, беларускіх навінаў, праслухоўванне лекцый. Проста так пасядзець пачытаць ці напісаць ліст ты ў свой выходны не мог".
Перад памілаваннем у калонію прыязджалі прадстаўнікі пракуратуры і выклікалі палітычных на размовы.
"У размовах яны заходзяць здалёк. Пытаюць, якія тут умовы і ці мы не маем якіх-небудзь скаргаў, як умовы працы і так далей. Дзяжурныя размовы. Пасля яны схілялі пісаць на памілаванне. Пераважна прапаноўвалі тым, каму заставалася сядзець некалькі месяцаў ці тым, у каго "лёгкія" артыкулы. На момант вызвалення мне заставалася сядзець яшчэ сем месяцаў".
Неўзабаве пасля пракурораў да вязняў на размовы прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Яны прапаноўвалі "загладзіць віну перад радзімай".
"Я ім адказваў, што канешне хачу загладзіць. Што буду расціць сына, плаціць падаткі і працаваць. Але яны хацелі нейкага дзейнага раскаяння і дапамогі дзяржаве, то-бок намякалі на супрацоўніцтва. Калі яны папросяць, то камусці патэлефанаваць, штосьці перадаць і так далей. І пагражалі, што калі не буду супрацоўнічаць, то мяне не адпусцяць па памілаванні ці тэрмін можа падоўжыцца. У выніку ад супрацы я адмовіўся".
Вызваленне для Аляксея было нечаканым. Аднойчы раніцай яго без папярэджання выдзярнулі з прамзоны і сказалі сабірацца, бо праз 5 хвілінаў трэба было быць на КПП.
"Іншыя вязні адразу падбеглі, каб аддаць ім мае рэчы: "Мне аддай кепку, мне працоўнае адзенне, мне боты". Я пакінуў іншым амаль усё, нават тэрмабялізну. Забраў нейкі мінімум. Але так рабілі не ўсе. Некаторыя забіралі з сабою нават ежу. Вязні да апошняга не верылі, што іх вызваляюць. Хтосьці думаў, што вязуць на новы этап".
Адразу па вызваленні Аляксею забаранілі выезд з краіны, але пасля выбараў у студзені 2025 года забарону знялі, кажа суразмоўца.
"Я разумеў, што з маім палітычным досведам заставацца ў Беларусі небяспечна. У выпадку чаго, ім нават даказваць нічога не трэба. Я ёсць у "спісе экстрэмістаў". Яны проста могуць прыйсці да мяне і што заўгодна на мяне напісаць. Пагрозы КДБ я таксама добра памятаю. Да даго ж з маімі артыкуламі знайсці працу таксама цяжка ў Беларусі".
У выніку Аляксей з’ехаў з Беларусі і цяпер адаптуецца ў адной з краінаў ЕС.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
06 лютага 2026
На гэтым тыдні Святлана Ціханоўская распачала працу ў Варшаве, дзе неўзабаве адкрыецца Офіс Святланы Ціханоўскай, які будзе працаваць як у Варшаве, так і ў Вільні. У Варшаву пераедзе частка каманды, у прыватнасці тыя, хто валодае польскай мовай і добра ведае польскі кантэкст — галоўны дарадца Франак Вячорка і старэйшы дарадца Аляксандр Дабравольскі, што дапаможа ўзмацніць нашыя стасункі з Польшчай. Цяпер адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай супольнасці, а таксама падрыхтоўка фізічнай прасторы да пачатку працы.
Цягам апошніх дзён Святлана Ціханоўская ўжо сустрэлася з прадстаўнікамі беларускіх грамадскіх прастораў у Варшаве, былымі палітвязнямі, сябрамі Каардынацыйнай Рады, грамадскімі ініцыятывамі, якія дапамагаюць рэпрэсаваным. Ціханоўская наведала шэлтар, сустрэлася з прадстаўнікамі медыясупольнасці, прадстаўнікамі добраахвотніцкага руху. Яна таксама правяла сустрэчы з Віктарам Бабарыкам і яго камандай, а таксама з Паўлам Латушкам і камандай НАУ. У суботу, 7 лютага, Святлана Ціханоўская возьме ўдзел у слуханнях у Каардынацыйнай Радзе.
Разам з адкрыццём Офіса ў Варшаве Офіс у Вільні працягвае працу, захоўваючы рэгістрацыю і дыпламатычную акрэдытацыю.
Святлана Ціханоўская: «Я таксама буду намагацца часта наведваць Літву і хацела б, каб Вільня засталася нашым дыпламатычным цэнтрам працы, роўна як і адным з цэнтраў беларускіх дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці. Менавіта таму вялікая частка маёй каманды, у тым ліку міжнародны дэпартамент, працягне працу ў Літве. Дырэктарам віленскага Офіса будзе мой дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі. У Вільні таксама застануцца дарадцы, якія цягам апошніх гадоў працавалі з літоўскімі калегамі, напрыклад — Анатоль Лябедзька. Таксама ў Вільні застанецца частка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, у прыватнасці прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Зазулінская.
Мы пашыраем дзейнасць на Варшаву, і спадзяюся, нашая прысутнасць тут узмоцніць каардынацыю з польскімі і міжнароднымі саюзнікамі, а таксама з беларускай супольнасцю ў Польшчы. Менавіта ў Польшчы цяпер знаходзіцца найбольшая беларуская супольнасць у выгнанні. Разам з тым мы працягваем працу ў Літве і з літоўскім урадам. Мы ўдзячныя польскаму і літоўскаму ўрадам за няспынную падтрымку нашага руху і салідарнасць».
Разам з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Народным антыкрызісным упраўленнем, Каардынацыйнай Радай, грамадскімі і праваабарончымі ініцыятывамі, міжнароднымі партнёрамі, а таксама арганізацыямі сістэмнай дапамогі Офіс працягне працу дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў. Офіс будзе і надалей працаваць над вырашэннем праблемаў беларусаў за мяжой і ўнутры краіны, прыцягваць увагу да Беларусі, адвакатаваць міжнародную падтрымку незалежных медыя, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў, а таксама набліжаць Беларусь да пераменаў.
Нашыя мэты застаюцца нязменнымі — вольная і незалежная Беларусь, сістэмныя перамены ў краіне і магчымасць для ўсіх беларусаў бяспечна вярнуцца дадому.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
05 лютага 2026
Роўна год таму — 5 лютага 2025 года — быў узламаны бот тэлеграм-канала "Беларускі Гаюн". Неўзабаве пасля гэтага па ўсёй краіне распачалася хваля масавых затрыманняў, якая з часам перарасла ў адну з самых маштабных палітычных крымінальных спраў у Беларусі. Па стане на 5 лютага 2026 года праваабаронцам "Вясны" вядомыя прозвішчы 175 пацверджаных фігурантаў гэтай справы — людзей, затрыманых або ўжо асуджаных за паведамленні ў "экстрэмісцкі" бот пра перасоўванне расійскай ваеннай тэхнікі. Затрыманні і суды па гэтай справе адбываюцца штотыдзень і не спыняюцца дагэтуль. За год змянілася і практыка пакаранняў: калі напачатку фігурантам справы часцей прызначалі пазбаўленне волі, то цяпер — "хатнюю хімію". Акрамя таго, некаторым затрыманым улады прапануюць спыніць крымінальны пераслед у абмен на "добраахвотныя" ахвяраванні на карысць дзяржаўных устаноў.
Праз год пасля пачатку хвалі рэпрэсій за салідарнасць з Украінай "Вясна" аналізуе, каго і чаму працягваюць пераследаваць па справе "Беларускага Гаюна", якія метады ціску выкарыстоўваюць сілавікі і як гэтая справа стала інструментам сістэмнага запалохвання грамадства.
З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы па ўсёй краіне фатаграфавалі калоны расійскай ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі і перадавалі інфармацыю ў праект маніторынгу ваеннай актыўнасці "Беларускі Гаюн" або незалежным СМІ.
Напачатку лютага 2025 года тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн" паведаміў, што іх бот быў узламаны. Там утрымлівалася ўразлівая інфармацыя, у тым ліку асабістыя даныя тых, хто пісаў у бот. Пасля ўзлому кіраўнік маніторынгавага праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт атрымання доступу староннім акаўнтам і заявіў пра спыненне працы "Гаюна". Сам канал быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем" яшчэ ў 2022 годзе. Таму за паведамленні праекту людзей пачалі пераследаваць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Пра першае затрыманне, якое адбылося пасля ўзлому базы "Беларускага Гаюна", стала вядома яшчэ 6 лютага — на наступны дзень пасля атрымання доступу да бота. У гэты дзень у праўладным тэлеграм-канале з'явілася відэа з 42-гадовым супрацоўнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Дома ў яго правялі ператрус.
На сённяшні дзень праваабаронцам "Вясны" вядома ўжо пра як мінімум 175 пацверджаных фігурантаў "справы Гаюна", якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш, але ў праваабаронцаў адсутнічаюць поўныя звесткі пра маштаб рэпрэсій, праз тое, што ўжо некалькі гадоў рэжым Лукашэнкі рознымі спосабамі хавае рэальную карціну рэпрэсій. Вядома, што затрыманні па справе адбываюцца штотыдзень да гэтага часу.
Суды над фігурантамі справы распачаліся летам 2025 года. Па звестках "Вясны", па справе ўжо асудзілі больш за 102 чалавекі, з іх мінімум 31 чалавек быў пазбаўлены волі, 22 чалавекі асуджаныя да "хатняй хіміі", яшчэ 21 чалавек — да "хіміі". Пры гэтым, у большасці выпадкаў асуджаным таксама прызначаюць штрафы памерам ад 500 да 800 базавых велічыняў (прыкладна ад 7 300 да 11 700 даляраў).
Асобна варта адзначыць, што з верасня ў "Спіс экстрэмістаў" МУС пачало масава дадаваць асуджаных за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Пераважная большасць з гэтых людзей праходзяць менавіта па "справе Гаюна". Толькі з пачатку 2026 году ў Спіс дадалі 69 чалавек, асуджаных па арт. 361-4 КК.Паводле сведчанняў былога палітвязня, асуджанага па гэтай справе, з восені большасць вязняў у СІЗА-1 былі за паведамленні ў "Гаюн":
"Усе, хто заязджалі восенню — паводле справы "Гаюна". У адзін дзень з Акрэсціна заехала 40 чалавек па "справе Гаюна". За адзін дзень! Вельмі шмат крымінальных справаў. У СІЗА, я ведаю, нават скончылася месца. Таму пачалі выпускаць пад альтэрнатыўныя меры стрымання: пад залогі, пад даручальніцтвы. Калі мяне затрымлівалі, такіх магчымасцяў не было. Быў нават час, калі ў суседняй камеры сядзелі восем чалавек, усе палітычныя і ўсе па "Гаюне". Я перасякаўся і з жанчынамі па гэтай справе".
З лета 2025 года сваякі палітвязняў пачалі актыўна рабіць "дабрачынныя ўзносы" дзяржаўным арганізацыям. На судзе факт перавода, а ў многіх выпадках разам з чыстасардэчным раскаяннем, залічваюць як "змякчальныя абставіны". Спачатку просьбы заняцца дабрачыннасцю ад палітвязняў пачалі даходзіць у лістах, потым — праз адвакатаў. Цяпер жа гэта набрала масавы характар, бо дае людзям надзею на змякчэнне прысуду.
Але праваабаронцам "Вясны" вядомы выпадак, калі затрыманага па "справе Гаюна" зрабіць "дабрачынны ўзнос" прымусілі сілавікі – каб ён змог выйсці на волю без крымінальнай справы. За адно паведамленне ў бот "Гаюна" яму прапанавалі перавесці некалькі тысяч даляраў у "Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання".
"Яму сказалі: "Калі сам не прыйдзеш заўтра, мы за табой прыедзем". Там сказалі каротка: "Будзеш адмаўляцца — паедзеш [у СІЗА] адразу". Далей далі паперу з нумарам рахунку і некалькі дзён на аплату, а калі не прынясеш, то з усімі выцякаючымі будзе. Ён аплаціў. Ніякіх папер па выніку не далі, толькі вусную згоду: калі аплочвае — яны пра яго забываюцца", —распавяла "Вясне" крыніца, знаёмая з сітуацыяй затрыманага.
Вялікія штрафы і прымусовая "дабрачыннасць" фактычна ператвараюць гэтую справу не толькі ў інструмент рэпрэсій, але і ў механізм прымусовага збору грошай.
У кастрычніку 2025 года Міністэрства замежных спраў Украіны апублікавала заяву ў сувязі з рэпрэсіямі па "справе Гаюна", якія адбываюцца фактычна за салідарнасць з Украінай.
Міністэрства замежных спраў Украіны звярнула ўвагу на інфармацыю "Вясны" пра чарговую хвалю рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзян Беларусі ў межах "справы Гаюна".
"Мы перакананыя, што такія адвольныя затрыманні маюць на мэце стварэнне "абменнага фонду", дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка разлічвае купляць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён кідае ў турмы.
Рэпрэсіі беларускага рэжыму з’яўляюцца сістэмным і грубым парушэннем правоў чалавека і асноватворных міжнародна-прававых дакументаў", такіх як Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Хельсінкскі заключны акт. Масавыя арышты і затрыманні беларусаў па "справе Гаюна" гэта непасрэдна пацвярджаюць".
У МЗС Украіны заклікалі міжнародную супольнасць узмацніць ціск на Лукашэнку і ягоных паплечнікаў.
Юрыстка “Вясны” Віка Рудзянкова адзначае, што антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў Беларусі з’яўляецца выключна інструментальным для рэжыма Лукашэнкі:
"Пераслед па "справе Беларускага Гаюна" — гэта працяг сістэмнага пераследу пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам, які выразна дэманструе, наколькі антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў Беларусі з’яўляецца гумовым і выключна інструментальным. Мы назіраем, як яно можа выкарыстоўвацца па любой ідэалагічнай патрэбе. Так званае "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" ў гэтай справе — гэта спрыянне распаўсюду звестак, і ў гэтым выпадку нават не ацэначных меркаванняў, а проста фактаў: фотаздымкаў ваеннай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі. Людзі проста паведамлялі пра тое, што бачылі на ўласныя вочы. І за гэта рэжым іх знявольвае, катуе і грабіць.
Менавіта ў справе Беларускага Гаюна ў цэнтры гэтай рэпрэсіўнай кампаніі стаіць права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі, што з’яўляецца асновай асноў, калі гаворка ідзе пра пабудову і развіццё дэмакратычнага грамадства. Рэжым ламае лёсы людзей за спробу сказаць праўду і зафіксаваць рэальнасць.
У дадзеным выпадку адбываюцца адваротныя працэсы. Гэта маштабная кампанія, якая знішчае грамадскі кантроль і, тым самым, падрывае грамадскую бяспеку. Гэта, асабліва ў кантэксце ўсіх рэпрэсій, стварае атмасферу страху. У міжнародным праве правоў чалавека гэта называецца chilling effect.
І менавіта таму "справа Беларускага Гаюна" — гэта не проста чарговая хваля рэпрэсій, а сімвал беларускага грамадзянскага супраціву вайне Расіі супраць Украіны, і ўцягненню ў яе Беларусі".
Неўролаг Руслан Бадамшын
У студзені 2026 года ў Мінску адбыўся суд над вядомым лекарам-неўролагам. Паводле інфармацыі "Белых халатаў", палітвязню прызначылі два з паловай гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Па інфармацыі "Вясны", мужчыну затрымалі ў чэрвені 2025 года паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Папярэдне, лекара асудзілі па "справе Беларускага Гаюна".
Мазырчанка Анастасія Грыцкевіч
32-гадовую Анастасію за паведамленні ў бот "Гаюна" асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Анастасія родам з Мазыра, скончыла БДУФК па спецыяльнасці "турызм і гасціннасць", працавала на "Мінск-Арэне". Шмат падарожнічала, любіла спорт - хакей і веласіпедны спорт.
Цяпер яна адбывае прысуд у ПК-4.
Украінка Анастасія Кашчына
34-гадовай жыхарцы Мазыра Анастасіі Кашчынай інкрымінавалі ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Анастасія разам з мужам да 2014 году жыла ў горадзе Лісічанск у Луганскай вобласці Украіны. Пасля таго, як горад у тым годзе апынуўся ў зоне актыўных баявых дзеянняў, жанчына з мужам пераехалі ў Мазыр. Вядома, што там жанчына займалася рамесніцтвам — вырабам дэкаратыўнага мыла ручной работы.
Анастасія была сярод тых 31 грамадзян Украіны, якіх 22 лістапада вызвалілі з беларускіх калоній і вярнулі на радзіму.
Малады зампаліт пагранічнай заставы з Хойнікаў
омельскі абласны суд вынес прысуд па справе 31‑гадовага жыхара Хойнікаў Артур Сыракваша. Яго асудзілі да пазбаўлення волі за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Артур Сыракваша працаваў на мяжы, праз якую расійская тэхніка ішла ва Украіну, намеснікам начальніка пагранічнай заставы "Хойнікі", створанай у 2020 годзе.
Фатографка Дар'я Пучыла
Дар'я скончыла юрыдычны факультэт Мінскага інавацыйнага ўніверсітэта ў 2019 годзе. Яна фатаграфуе як для сябе, гэтак і на замову. Дзяўчына зрабіла апошні пост у інстаграме ў снежні 2024 года. Укантакце была анлайн у апошні раз 7 лютага 2025 года — гэта быў дзень, калі пачаліся затрыманні па справе Гаюна.
Палітзняволеную асудзілі ў 2025 годзе па абвінавачанні ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Цяпер адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4.
Былы выкладчык Вайсковай акадэміі Фёдар Кандыранда
Палітвязень вучыўся ў Вайсковай акадэміі, якую скончыў у 1999 годзе. У Фёдара ёсць жонка і 17‑гадовая дачка.
Са жніўня 2008 года па кастрычнік 2020 года Кандыранда працаваў на пасадзе старшага выкладчыка Вайсковай акадэміі. Усе 12 гадоў выкладчыцкай дзейнасці займаўся падрыхтоўкай вайсковых спецыялістаў на кафедры тактыкі.
У жніўні 2020 Кандыранда не падтрымаў гвалт на вуліцах Беларусі і паспрабаваў звольніцца. У звальненні па згодзе бакоў яму адмовілі, таму давялося ісці на канфлікт. У выніку ў яго атрымалася звольніцца з 29 кастрычніка, але па артыкуле. Пасля звальнення ён пайшоў у IT. Фёдара пазбавілі звання падпалкоўніка запаса асабістым указам Лукашэнкі ў шэрагу яшчэ 80 сілавікоў.
У верасні 2025 года яго асудзілі паводле арт. 361-4 КК да двух з паловай гадоў калоніі.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
04 лютага 2026
3 лютага ў Кіеве адбылася рабочая сустрэча прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі з Сакратарыятам Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека. У сустрэчы ўзялі ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Зазулінская і прадстаўніца дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне Святлана Шаціліна.
Бакі абмеркавалі:
– сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, з асаблівым фокусам на становішча палітычных зняволеных, якія незаконна ўтрымліваюцца ў месцах несвабоды на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх ёсць і грамадзяне Украіны.
– сітуацыю з беларусамі, якія зазналі пераслед за супрацьдзеянне рэжымам Лукашэнкі і Пуціна пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны, а таксама гуманітарным і праваабарончым падыходам да такіх кейсаў.
– практыку прымусовага вывазу беларускіх палітычных зняволеных за межы Беларусі ў 2025 годзе, у тым ліку праз тэрыторыю Украіны, і магчымую каардынацыю дзеянняў у выпадку працягу такіх практык.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях, адзначыў:
«Для нас прынцыпова важна выбудоўваць прамое і сістэмнае ўзаемадзеянне з украінскімі інстытуцыямі па абароне правоў чалавека. Мы гаворым не толькі пра салідарнасць, але і пра канкрэтныя механізмы рэагавання — у дачыненні да палітычных зняволеных, трансгранічных рэпрэсіяў і прымусовых перасоўванняў. У гэтых пытаннях каардынацыя з офісам Амбудсмана Украіны мае ключавое значэнне.
Мы ўдзячныя Сакратарыяту Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека за канструктыўную сустрэчу і гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
03 лютага 2026
2 лютага ў будынку парламента Чэхіі адкрылася выстава «30 гадоў дыктатуры. 30 плакатаў з яе наступствамі» Артура Вакарава. Выстава прысвечаная сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і ўпершыню прадстаўленая ў Чэхіі.
Кожны з 30 плакатаў — гэта асобная гісторыя, асобны наступства дыктатуры: знікненні людзей, палітычныя зняволеныя, знішчэнне незалежных медыя, ціск на культуру, мову і грамадзянскую супольнасць, вымушаная эміграцыя тысяч беларусаў.
Выстава арганізаваная Офісам дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы з дапамогай чальца чэшскай парламенцкай групы сяброў «За дэмакратычную Беларусь» Хаята Акамура.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
30 студзеня 2026
Святлана Ціханоўская: «Паводле ацэнак ААН за 2024 год, амаль 800 тысячаў беларусаў сёння жывуць за межамі краіны, а гэта — 8,7% насельніцтва. Уявіце — кожны адзінаццаты беларус цяпер жыве не дома.
Такая вялікая лічба — вынік палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Разлучаныя сем’і, дзеці, якія растуць без сваіх сяброў са двара, бабулі і дзядулі, якія бачаць унукаў толькі па відэасувязі. Гэта людзі, якія з’ехалі, бо не мелі іншага бяспечнага выбару.
Вяртанне дадому немагчыма без спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітвязняў, без сапраўднага нацыянальнага дыялогу, які вядзе да зменаў.
Але кожны, хто сёння не дома, застаецца часткай Беларусі. Часам можа здавацца, што нашая краіна ўжо не тая, як была, але менавіта беларускі народ робіць нашую краіну такой моцнай, упартай і годнай. І я ўпэўнена — нашая Радзіма чакае нас. І абавязкова дачакаецца».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
29 студзеня 2026
Беларуска-ўкраінскі валанцёрскі цэнтр «Сустрэча» разам з іншымі валанцёрамі адкрыў беларускі Пункт Нязломнасці ў Кіеве.
У выніку масіраваных расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны значная частка энергасістэмы пашкоджаная або знішчаная. У Кіеве і іншых гарадах адключэнні электраэнергіі могуць доўжыцца больш за 20 гадзінаў. У дамах без электрычнасці адсутнічае ацяпленне, сувязь, воданагрэў, а тэмпература можа апускацца да 5° і ніжэй.
У Пункце Нязломнасці можна сагрэцца, падзарадзіць тэлефон, выпіць гарачай гарбаты і проста пабыць у бяспечнай, цёплай прасторы.
Святлана Ціханоўская:
«У Кіеве ўжо некалькі дзён працуе Пункт Нязломнасці. Цяпер такія месцы становяцца жыццёва неабходнымі.
Я расказала пра гэтую ініцыятыву міністру замежных справаў Украіны Андрэю Сібігу.
Пункт Нязломнасці — прыклад таго, як беларусы гуртуюцца, каб дапамагчы ўкраінцам, якія годна трымаюцца і змагаюцца не толькі за свабоду Украіны, але і за нашую з вамі. Вялікі дзякуй усім валанцёрам і тым, хто падтрымаў ініцыятыву».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
25 студзеня 2026
У Вільні вечарам 25 студзеня Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў білатэральную сустрэчу са Святланай Ціханоўскай, кіраўніцай Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
Ціханоўская ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду і адзначыла выключнае асабістае лідарства прэзідэнта Зяленскага, і падзякавала за моцную прамову на цырымоніі ўшанавання паўстанцаў 1863 году.
Яна падзякавала Прэзідэнту за ягоную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, і за тое, што кіраўніцтва Украіны раздзяляе беларусаў і рэжым. Ціханоўская асобна згадала беларускіх добраахвотнікаў, валанцёраў, а таксама партызанаў, незаконна асуджаных за салідарнасць і падтрымку Украіны, а таксама беларусаў ва Украіне. Беларуская лідарка таксама асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў.
Ціханоўская падзякавала Прэзідэнту, а таксама ягонай камандзе (у прыватнасці Кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта — Кірылу Буданаву) за прыняццё апошняй групы вызваленых палітвязняў. Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, наступныя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падтрымку падобнага кшталту надалей.
Ціханоўская і Зяленскі таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку, супольную стратэгію з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі, і памагатых рэжыму, у тым ліку — за вываз украінскіх дзяцей.
Ціханоўская прапанавала прызначыць спецпасланніка па Беларусі, гэтак жа як гэта зрабілі шматлікія іншыя дэмакратычныя краіны. А таксама больш шчыльнае супрацоўніцтва з Місіяй дэмакратычных сілаў у Кіеве.Таксама абмеркавалі візіт Ціханоўскай ва Украіну: Прэзідэнт Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў.
Ціханоўская падкрэсліла, што лёсы вольнай Беларусі і Украіны ўзаемазвязаныя, і што яна, ейная каманда і АПК будуць радыя яшчэ больш шчыльнаму супрацоўніцтву з Украінай.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
24 студзеня 2026
Пра гэта паведаміла прадстаўніца будучага Народнага консульства Беларусі ў Ніцы (аб адкрыцці якога мы абвесцім у бліжэйшы час):
«Гэта першы вядомы нам выпадак падачы на грамадзянства з ужо пратэрмінаваным пашпартам і атрымання грамадзянства ў Францыі.
Беларус, які ўжо доўгі час жыве ў Францыі, нарэшце атрымаў станоўчы адказ пасля трэцяга запыту на грамадзянства. Першыя два разы ён падаваў яшчэ з дзеячым пашпартам, а на трэці раз новае дасье было падана на паперы пасля таго, як прэфектура згубіла папярэднія лічбавыя запыты.
На суразмове па грамадзянству ў прэфектуры агент дакладна распытаў пра абставіны немагчымасці замены пратэрмінаванага пашпарту РБ і атрымаў ад беларуса абгунтаваныя адказы і адпаведныя даведкі.
Справа была разгледжана менш за год і ў студзені ён стаў французкім грамадзянінам».
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
21 студзеня 2026
Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнародным брыфінгу «Ці здольная Расія падтрымліваць ваенную эканоміку?», які быў прысвечаны палітычным і бяспекавым наступствам расійскай ваеннай эканомікі для Еўропы. У брыфінгу таксама ўдзельнічалі прэм’ер-міністр Малдовы Аляксандру Мунцяну, міністрка замежных справаў Румыніі Оана-Сільвія Цойу.
Падчас дыскусіі асноўная ўвага была нададзеная эфектыўнасці санкцыяў, іх уплыву на здольнасць Расіі весці вайну і тым рашэнням, якія стаяць перад еўрапейскімі лідарамі.
Адказваючы на пытанне пра частковае змякчэнне санкцыяў ЗША, Святлана Ціханоўская адзначыла, што санкцыі ЗША накіраваныя на вызваленне людзей і могуць змякчацца пры спыненні рэпрэсіяў, у той час як санкцыі Еўрапейскага Саюза з’яўляюцца значна мацнейшымі і павінны заставацца ў сіле да дасягнення доўгатэрміновых зменаў — спынення ўдзелу рэжыму ў вайне, аднаўлення суверэнітэту Беларусі і яе ператварэння ў дэмакратычную краіну.
Святлана Ціханоўская:
«Без санкцыяў і міжнароднай ізаляцыі рэжым Лукашэнкі не пачаў бы вызваляць палітычных зняволеных. Ён робіць гэта не з гуманнасці — санкцыі б’юць, ізаляцыя б’е, і ён разумее, што апынуўся ў тупіку. Менавіта таму ён гатовы аддаваць нават сваіх самых небяспечных апанентаў у абмен на палёгку.
Але зняцце або істотнае змякчэнне санкцыяў супраць рэжыму небяспечнае, бо яно непасрэдна ўзмацняе Расію: беларуская эканоміка працуе на расійскую ваенную машыну, Беларусь выкарыстоўваецца як шлях абыходу санкцыяў, а яе прадпрыемствы ўдзельнічаюць у вытворчасці ўзбраенняў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
20 студзеня 2026
Апублікаваная інструкцыя, згодна з якой пашпарты грамадзян Беларусі, што знаходзяцца ў Іспаніі, будуць прызнавацца сапраўднымі нават пасля заканчэння тэрміну дзеяння — без неабходнасці атрымання cédula de inscripción
Гэта стала вынікам дамоўленасцяў Офіса Святланы Ціханоўскай з уладамі Іспаніі. 20 чэрвеня 2025 году Святлана Ціханоўская дамовілася пра гэта з міністрам замежных справаў Хасэ Мануэлем Альбарэсам, дамоўленасці былі фіналізаваныя ў студзені 2026 пры падтрымцы іншых міністэрстваў.
22 студзеня на палях Міжнароднага эканамічнага форуму Святлана Ціханоўская падзякавала міністру замежных справаў Іспаніі Хасэ Мануэлю Альбарэсу за важнае рашэнне для беларусаў: Іспанія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты грамадзянаў Беларусі. Гэта дазволіць людзям працягваць вырашаць адміністрацыйныя і міграцыйныя пытанні без дадатковых бар’ераў.
Святлана Ціханоўская:
«Шчыра дзякую ўладам Іспаніі за гэтае рашэнне. І асобна — беларускай дыяспары ў Малазе, Алікантэ, Барселоне, Валенсіі, Мадрыдзе і на Канарскіх астравах, Народным Амбасадам, асобна арганізацыі Associació RAZAM Bielorússos de Catalunya, якія паслядоўна дапамагалі яго прасоўваць. Гэта вялікая праца, і яна стала магчымай дзякуючы шматлікім людзям па абодва бакі. Дзякуй усім. Гэта той выпадак, калі доўгая праца дае вельмі канкрэтны вынік для беларусаў».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
20 студзеня 2026
Паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна", з 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны пераслед патрапілі мінімум 100 замежных грамадзян, з іх 27 — жанчыны. Вядома, што з іх найменей 75 чалавек адправілі ў калоніі па крымінальных справах. У выніку памілаванняў пры садзейнічанні ЗША і ўкраінскага абмену былі вызваленыя не менш за 29 замежнікі. Пры гэтым, 22 грамадзяніна іншых краін застаюцца ўтрымлівацца ў беларускіх месцах няволі. Гэта палітзняволеныя, якія маюць грамадзянства Расеі, Украіны, Літвы, Францыі, Латвіі, Польшчы. "Вясна" распавядае пра сітуацыю з палітычным пераследам замежнікаў у Беларусі на цяперашні момант і ўзгадвае гісторыі некаторых з іх.
З 2020 года ў Беларусі пад палітычны крымінальны пераслед патрапілі мінімум 100 замежных грамадзян. Па стане на 20 студзеня 2026 года, у месцах няволі ўтрымліваюцца мінімум 22 замежных грамадзяніна, якіх затрымалі паводле палітычных матываў. Сярод іх — адна жанчына, грамадзянка Расейскай Федэрацыі.
Замежныя грамадзяне цяпер утрымліваюцца з кратамі за "агентурную дзейнасць", "шпіянаж", "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці", "заклікі да санкцый", "удзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак", "дыскрэдытацыю Беларусі", "акт тэрарызму" і нават "міжнародны тэрарызм". На дадзены момант шэсць замежнікаў утрымліваюцца за кратамі ў Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаны ў так званы "спіс тэрарыстаў".
61 замежнік мае статус "былога палітвязня" ў Беларусі. Не менш за 29 замежнікаў былі памілаваны і дэпартаваны з Беларусі.
Сяргей Ботвіч ураджэнец Беларусі, але мае грамадзянства Літвы і Францыі. 61-гадовага бізнесоўца абвінавацілі ў 2022 годзе паводле двух артыкулах — "шпіянаж" (арт. 358 КК) і "агентурная дзейнасць" (арт. 358-1 КК). Яму прызначылі 13 гады пазбаўлення волі. Ён адбывае тэрмін у "Воўчых норах. Пра падрабязнасці ягонай справы стала вядома з ліста, які ён перадаў на волю з калоніі. З ліста вынікае, што Ботвіч настойвае на сваёй невінаватасці і лічыць сябе палітычным закладнікам.
"Людзі, будзьце пільныя! — паўтарае ён у канцы ліста зварот чэшскага антыфашыста часоў Другой сусветнай вайны Юліюса Фучэка. — У такой сітуацыі можа апынуцца кожны жыхар Еўрасаюза!" — засцерагае Ботвіч.
У снежні 2025 года адзін з вызваленых перадаў "Люстэрку", што палітвязень Сяргей Ботвіч абвясціў галадоўку. Галадоўка ўскладняецца наяўнасцю ў палітвязня сур’ёзных захворванняў.
"Лекаў, якія яму неабходныя, у Беларусі няма, а родным прынесці яму патрэбныя прэпараты не дазваляюць. Галадоўка для яго — гэта смяротная рызыка", — паведаміла крыніца, падкрэсліваючы: тое, што Ботвіч вырашыў пайсці на галадоўку, сведчыць пра тое, што іншых варыянтаў у яго не засталося.
У Беларусі асуджаны 45-гадовы грамадзянін Латвіі Дзмітрый Сіўко. У 2022 годзе ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля яго асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Мужчыне прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым наглядам. Далейшы яго лёс і дакладнае месцазнаходжанне праваабаронцам невядомыя.
Паводле інфармацыі "Вясны", мінімум шэсць грамадзян Украіны адбываюць тэрміны паводле палітычна матываваных прысудаў. Праваабаронцы фіксавалі, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўзмацніўся ціск на ўкраінцаў у Беларусі. На памежных пунктах іх дасканала дапытваюць, а некаторых не ўпускаюць у краіну без тлумачэнняў прычын нават да гэтага часу. У Беларусі затрымліваюць грамадзян Украіны за "агентурную дзейнасць", "шпіянаж" і "спробы дыверсій". Іх падазраюць у супрацы з украінскімі спецслужбамі. Нядаўна праваабаронцам "Вясны" распавялі сваю жудасную гісторыю сям'я з Украіны, якую ўтрымлівалі за кратамі ў невыносных умовах без прад'яўлення абвінавачвання. Катаваннямі ды ціскам у іх выбівалі прызнанні ў супрацы з замежнымі спецслужбамі.
Грамадзяніна Украіны Сяргея Бойку, які жыў у Нароўлі, судзілі ў Гомельскім абласным судом у чэрвені 2023 года паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць). Сутнасць абвінавачвання невядомая. Яму прызначылі сем гадоў калоніі. Свой тэрмін Сяргей адбывае цяпер у наваполацкай калоніі № 1.
Бацьку і сына Сяргея і Паўла Кабарчукоў праўладныя крыніцы называюць "дыверсантамі СБУ". У лютым 2024 года ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым "контртэрарыстычнай аперацыі". Пазней КДБ адсправаздачыўся пра затрыманне "тэрарыстаў", нібыта адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ. У кастрычніку 2024 году ў Гомельскім абласным судзе бацьку і сыну абвясцілі прысуд — па 20 гадоў пазбаўлення волі, а таксама штрафу 700 базавых велічыняў (28 тысяч рублёў). Іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).
Украінскага егера Вячаслава Бародзія затрымалі 1 верасня 2023 года ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей. У прапагандысцкім фільме, з якога і стала вядома пра затрыманне Вячаслава, распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны". Другога снежня 2024 году Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым Бародзія паводле арт. 295 КК, арт. 333-1 КК, арт. 358-1 КК, арт. 371 КК і арт. 371-1 КК. Суддзя Яўген Шаршнёў прызнаў яго вінаватым і прызначыў 10 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама яму прызначылі штраф памерам 550 базавых велічыняў.
Па "брэсцкай справе" да пяці гадоў калоніі асудзілі грамадзянін Украіны Станіслава Філімонава, які родам з Адэсы. Яго затрымалі 17 траўня 2021 года. Мужчына адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.
Івана Ліхалата затрымалі ў верасні 2023 года нібыта за падрыхтоўку тэракта чыгункі ў Талачынскім раёне і "агентурную дзейнасць". 18 снежня 2024 года Івана асудзілі на тэрмін 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пры гэтым першыя тры гады ён будзе адбываць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў турме.
Па памілаванні і абмене з 2020 года вызвалілі каля 20 грамадзян Украіны.
Чацвёртага верасня 2025 году дзяржаўныя прапагандысцкія медыя паведамілі пра затрыманне ў Лепелі 27-гадовага польскага манаха Гжэгажа Гавела з Кракава. Яго абвінавачваюць у "шпіянажы" (арт. 358 Крымінальнага кодэкса) — нібыта за атрыманне плана беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2025". Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі ў тэлевізійным эфіры ўвечары чацвёртага верасня паведаміў, што інфармацыя пра затрыманне Гжэгажа Гавела беларускім КДБ цяпер правяраецца. Ён падкрэсліў, што гэта можа быць правакацыя альбо сфальсіфікаваная гісторыя. Басацкі адзначыў, што Польшча і краіны NATO з трывогай назіраюць за вучэннямі «Захад-2025», дзе адпрацоўваюцца розныя маштабныя сцэнары. Паводле яго беларускія ўлады ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі правакацыі ў адносінах да Польшчы, таму і цяпер неабходна спакойна ацаніць сітуацыю. Дыпламат нагадаў таксама, што нядаўна спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа генерал Келаг наведаў не толькі Маскву, але і Мінск. Гэта, паводле Басацкага, можа сведчыць пра спробы наладзіць пэўны дыялог. Аднак калі на гэтым фоне адбываюцца такія інцыдэнты, то «гэта дрэнны сігнал».
Летам 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе разглядалі справу Томаша Бярозы, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) і арт. 358 (шпіянаж). Яму прызначылі 14 гадоў калоніі. Прапагандысты ў фільме "Контрвыведка КДБ Беларусі супраць спецслужбаў Польшчы. Агенты і здраднікі" паказалі напрыканцы 2024-га года яго затрыманне і распавялі падрабязнасці пераследу.
Нагадаем, у выніку памілавання 21 чэрвеня 2025 года пры садзейнічанні Дзярждэпартамента ЗША на волю выйшаў паляк Ежы Жывалеўскі, а 13 снежня быў вызвалены і выдвараны з краіны ў складзе 123 чалавек грамадзянін Польшчы Раман Галуза, які ўтрымліваўся за кратамі з ліпеня 2022 года.
Палова з арыштаваных замежнікаў за кратамі складаюць грамадзян Расеі — 11 чалавек. З 2020 года вядомая толькі адна гісторыя памілавання грамадзянкі Расейскай Федэрацыі — гутарка ідзе пра Сафію Сапегу, якую затрымалі разам з Раманам Пратасевічам у выніку вымушанай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску. Два грамадзяніна Расеі — Дзмітрый Шлетгаўэр і Андрэй Паднябенны — памерлі за кратамі.
Нагадаем, па "справе Ціханоўскага" да 16 гадоў калоніі быў асуджаны грамадзянін Расеі Дзмітрый Папоў, затрыманы яшчэ 4 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавацілі ў мадэрацыі сацыяльных сетак "Краіны для жыцця" і асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку 2022 года стала вядома, што палітвязня перавялі на турэмны рэжым.
"У лагерах яшчэ расеец Дзмітрый Папоў, блогер Уладзімір Цыгановіч і Арцём Сакаў. Ім таксама стварылі невыносныя ўмовы, іх пастаянна караюць штрафным ізалятарам, Цыгановіча ўжо тры разы "раскруцілі" па 411-м артыкуле, яго бясконца пераводзяць па новых калоніях. Іх затрымалі разам са мной задоўга да выбараў, яны абсалютна нічога не здзяйснялі і невінаватыя, але рэжым чамусьці працягвае з іх здзекавацца", — напісаў у сваім тэлеграм-канале днямі фігурант гэтай справы Ігар Лосік.
З 2021 года за кратамі ўтрымліваецца Ягор Дуднікаў. У Мінску яго асудзілі тады яшчэ 20-гадовага хлопца асудзілі да 11 гадоў калоніі за тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Пасля затрымання ён сутыкнуўся з катаваннямі. Летам 2022 года яго перавялі з бабруйскай калоніі на турэмны рэжым.
Па "справе падрыхтоўкі дыверсій у Гродне" 11 красавіка 2024 года да 23 гадоў калоніі асудзілі грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова. Па версіі КДБ, Аляксей здымаў на фота аб'екты ў Гродне для "ўкраінскіх спецслужб" — ваенкамат Гродна і Гродзенскага раёна, вайсковую частку 41780, нафтабазу раёна Аульс, нафтабазу раёна Дзевятоўка, генконсульства РФ. Кулікову выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) і ч. 2 арт. 126 (акт міжнароднага тэрарызму) Крымінальнага кодэкса. Апошняе слова Кулікоў вымавіў па-ўкраінску.
У чэрвені 2024 года да шасці гадоў калоніі асудзілі супрацоўніка стаматалагічнай паліклінікі і грамадзяніна Расіі Эдуарда Кашэцяна. Яго затрымалі ў верасні 2023-га за чат, у якім яны з сябрамі абмяркоўвалі розныя падзеі. Эдуарда абвінавацілі ў «распальванні варажнечы групай асобаў» (ч. 3 арт. 130 КК), «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК), «рэабілітацыі нацызму, здзейсненая групай асобаў або з цяжкімі наступствамі» (ч. 3 арт. 130-1 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК). Свой тэрмін мужчына адбывае ў магілёўскай калоніі № 15.
У кастрычніку 2024 года па "справе Мачулішч" да дзевяці гадоў калоніі быў асуджаны Алег Сычоў, які мае расейскае грамадзянства. Тэрмін адбывае ў калоніі № 22.
У верасні 2025 года грамадзянку Расіі Яраславу Храмчанкову асудзілі паводле арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэксу. Гомельскі абласны суд прызначыў ёй тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Верагодна, яе асудзілі па справе “Беларускага гаюна”.
Таксама за кратамі ўтрымліваюцца грамадзяне Расеі Айрат Халікаў, Аляксандр Смірноў, Аляксандр Мар'ясаў, Максім Гелясін, Павел Аляксееў.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
20 студзеня 2026
Падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Сымонам Мідэрам, генеральным дырэктарам PKO Bank Polski — найбуйнейшага дзяржаўнага банка Польшчы. Гэты банк з’яўляецца нумарам адзін у Польшчы па колькасці індывідуальных і карпаратыўных беларускіх кліентаў.
Паводле гендырэктара, іх банк заўжды імкнуўся і будзе падтрымліваць беларусаў. І наяўныя абмежаванні, не звязаныя з палітыкай ці рашэннямі ўласна банка, а банк кіруецца новымі рэгуляцыямі Еўрасаюзу, звязаных з вайной і накіраваных найперш на закрыццё лазеек у абыходзе санкцыяў рэжымамі ў Беларусі і Расіі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі найбольш вострыя праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў беларусамі, (https://news.zerkalo.io/economics/115197.html) якія пакуль не маюць ВНЖ ці дазволу на працы ў Польшчы, ці ў якіх пратэрмінаваных пашпартоў, і як можна іх вырашыць, у тым ліку на еўрапейскім узроўні.
Ціханоўская прапанавала варыянты рашэнняў і ў тым ліку ўвядзення выключэнняў для беларусаў, што патрабуе дадатковых кансультацыяў з еўрапейскімі рэгулятарамі. Таксама абмеркавалі магчымасці падтрымкі для дробнага беларускага бізнесу і правядзенне супольных мерапрыемстваў.
Святлана Ціханоўская:
«Мы абмеркавалі вострыя праблемы, з якімі сутыкнуліся тысячы беларусаў у Польшчы. Спадар Мідэра выдатна разумее, што гаворка ідзе пра людзей, якія легальна жывуць у Польшчы, плацяць падаткі, ствараюць бізнесы і ўносяць уклад у эканоміку. І для іх жыцця патрэбныя зразумелыя, празрыстыя і бяспечныя правілы. Менавіта такія рашэнні абараняюць і банкі, і людзей, і ўмацоўваюць еўрапейскую салідарнасць у час, калі Беларусь змагаецца за свабоду і незалежнасць».
Нядаўна Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік НАУ, накіраваў афіцыйныя звароты ў Komisja Nadzoru Finansowego і PKO Bank Polski, каб дамагчыся спынення празмерных блакаванняў і пацвердзіць права беларусаў, якія легальна знаходзяцца ў Польшчы, карыстацца банкаўскімі рахункамі на падставе часовых дакументаў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
18 студзеня 2026
Падчас візіту ў Мадрыд дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Міністэрства замежных справаў Іспаніі Дыега Марцінасам Беліа.
У ходзе сустрэчы бакі вызначылі ключавыя напрамкі супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, закранулі актуальныя міжнародныя і гуманітарныя пытанні, сітуацыю з палітычнымі зняволенымі і санкцыйную палітыку Еўрапейскага Саюза і Іспаніі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Асобнай тэмай сустрэчы стала пытанне адкрыцця Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Мадрыдзе, якая можа стаць важным цэнтрам каардынацыі дзейнасці беларускага прадстаўніцтва і падтрымкі беларусаў у Іспаніі.
Дзяніс Кучынскі перадаў дзяржаўнаму сакратару дакумент з апісаннем існуючых праблемаў і магчымых шляхоў іх вырашэння, які быў падрыхтаваны на аснове прапановаў беларусаў Іспаніі. Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзеная пытанням прызнання пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў для тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь для іх абнаўлення, а таксама распрацоўцы нацыянальных рэкамендацыяў для іспанскіх органаў пры разглядзе працэдураў легалізацыі.
Дзяржаўны сакратар пацвердзіў, што разумее складанасць узнятых пытанняў і надае ім асабістую ўвагу. Ён выказаў гатоўнасць падтрымаць іх вырашэнне і накіраваць адпаведныя звароты з мэтай падтрымкі беларусаў у Іспаніі.
Дзяніс Кучынскі:
«Я адмыслова прыляцеў у Мадрыд, каб правесці сустрэчу на высокім узроўні з першым намеснікам Міністра замежных справаў Іспаніі. Нашая размова доўжылася амаль тры гадзіны — і гэта паказвае, наколькі сур’ёзна іспанскі бок ставіцца да супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі, а таксама да праблемаў беларусаў. Мы дамовіліся пра канкрэтныя наступныя крокі па магчымасцям падтрымкі беларусаў, якія жывуць у Іспаніі. Дыега Марцінас запэўніў, што Міністэрства замежных справаў і надалей будзе дапамагаць у прасоўванні і вырашэнні гэтых пытанняў разам з іншымі дзяржаўнымі органамі».
У парламенце Іспаніі Дзяніс Кучынскі і будучая кіраўніца місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Мадрыдзе Таццянна Марыніч сустрэліся з дэпутатамі кангрэсу, каб абмеркаваць магчымыя шляхі далейшага супрацоўніцтва і падтрымкі беларускай супольнасці. Акрамя падтрымкі беларускай дыяспары ў Іспаніі, адным з фокусаў будучай працы Місіі будзе гуманітарная дапамога для рэабілітацыі былых беларускіх палітвязняў недалёка ад Алікантэ сумесна з Імагуру, фондам «Краіна для жыцця», Міжнародным гуманітарным фондам і іншымі арганізацыямі. Іспанія ўжо выдаткавала 50 тысячаў еўра ў Міжнародны гуманітарны фонд. На сустрэчы з віце-міністрам Дыега Марцінасам Беліа Дзяніс Кучынскі размаўляў у тым ліку пра працяг гэтай падтрымкі.
Асобная падзяка выказваецца ўсім арганізацыям і асобам за дапамогу ў зборы і перадачы важнай інфармацыі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
16 студзеня 2026
З 2020 года з месцаў няволі выйшлі больш за 3000 палітвязняў, у тым ліку па адбыцці тэрміна ці памілаванні. Але для многіх з іх свабода становіцца новым выклікам — з наступствамі зняволення, якое часта патрабуе доўгай рэабілітацыі і рэсацыялізацыі. Утрыманне ў халодным ШІЗА, псіхалагічны ціск і фізічны гвалт, невыносныя ўмовы ўтрымання, недахоп вітамінаў і якаснага харчавання пакідаюць след як на псіхіцы чалавека, так і на здароўі. Некаторыя палітвязні сутыкаюцца з рознага кшталту захвораваннямі яшчэ ў месцах зняволення, а ў некаторых праблемы са здароўем выяўляюцца ўжо на волі. Іншы чыннік, які пагаршае і без таго катастрафічную сітуацыю, — адсутнасць якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі ўнутры пенітэнцыярнай сістэмы. Наступствы такіх умоў ужо мелі фатальны вынік: праз праблемы са здароўем і ўмовы ў зняволенні памерлі дзевяць палітвязняў.
Чатыры былыя палітвязні, якія цяпер праходзяць працэс аднаўлення пасля доўгага зняволення, распавялі пра ўмовы ўтрымання, якія паўплывалі на іх псіхалагічны і фізічны стан, пра хваробы, якія ў іх з'явіліся або ўзмацніліся ў папраўчых установах, а таксама пра выправабаванні, з якімі яны сутыкнуліся ўжо на волі. Таксама праваабаронца Кацярына (імя зменена ў мэтах бяспекі), якая працуе з былымі палітвязнямі пасля іх вызвалення, распавяла пра агульную сітуацыю з медыцынскай дапамогай у зняволенні, і пра тое, як умовы ўтрымання могуць сказвацца на здароўі. На падставе сабраных сведчанняў і каментара “Вясна” падрыхтавала вялікі агляд наступстваў зняволення для былых палітвязняў.
"Большасць скаргаў на здароўе ігнаруецца, людзі не атрымліваюць амаль ніякай дыягностыкі і лячэння"
Крымінальныя палітычныя справы ў Беларусі з 2020 года пастаўлены на канвеер. Суды адпраўляюць людзей за краты, не прымаючы ва ўвагу іх стан здароўя і цяжкасць захворвання. Па стане на 15 студзеня 2026 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 163 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы, сярод іх — людзі с цяжкімі дыягназамі.
Так, напрыклад да трох гадоў зняволення быў асуджаны грамадскі актывіст Ігар Леднік, які памёр на 64-м годзе жыцця напрыканцы лютага 2024 году. Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі.
У ноч 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, негледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Вадзім хварэў у зняволенні. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
Пятага траўня 2023 года ў віцебскай калоніі памёр 61-гадовы Мікалай Клімовіч. Палітвязень меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Негледзячы на гэта, пінскі суд прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.
Агулам з 2021 года за кратамі памерлі ўжо дзевяць палітвязняў: кагосьці не паспелі выратаваць лекары, хтосьці скончыў жыццё самагубствам у камеры ШІЗА.
Многія былыя палітвязні адзначаюць, што ў беларускай пенітэнцыярнай сістэме атрымаць якасную, кваліфікаваную і своечасовую медыцынскую дапамогу амаль немагчыма. Але варта адзначыць, што ўзровень меддапамогі можа адрознівацца ў залежнасці ад канкрэтнай установы. Частка вязняў з хранічнымі або сур’ёзнымі захворваннямі атрымлівае лекі, праходзіць абследаванні і лячэнне, іх змяшчаюць у медчасткі або лякарні.
Аднак, паводле сведчанняў былых зняволеных, у многіх выпадках дапамогі атрымліваецца дамагчыся толькі ў крытычным стане, калі чалавеку выклікаюць хуткую і шпіталізуюць. Праз абмежаваныя магчымасці аказання медыцынскай дапамогі ўнутры папраўчай установы гэта не заўсёды дазваляе выратаваць жыццё. Смерці ў зняволенні, кажуць былыя палітвязні, не з’яўляюцца рэдкасцю.
Праваабаронца Кацярына працуе з былымі палітвязнямі, якія пасля вызвалення праходзяць абследаванні і лячэнне. Яна распавяла, як выглядае агульная карціна з аказаннем медыцынскай дапамогі ў месцах зняволення, па сведчаннях тых, хто з гэтым сутыкнуўся:
"У СІЗА з медыцынскай дапамогай вельмі дрэнна — большасць скаргаў на здароўе ігнаруецца, людзі не атрымліваюць амаль ніякай дыягностыкі і лячэння. У крайніх сітуацыях могуць памераць ціск і тэмпературу. З лекаў — звычайна можна дамагчыся толькі парацэтамолу, але і гэта няпроста.
У калоніях сітуацыя трошкі лепей і ўжо болей залежыць ад медыкаў на месцах. Некаторыя медыкі сумленна робяць сваю справу, дапамагаюць так, як могуць, але шмат і такіх, чыя праца не адпавядае нормам этыкі і дэанталогіі. У такіх выпадках палітвязні сутыкаюцца з абыякавым стаўленнем, нежаданнем сапраўды дапамагаць, а часам і з пагрозамі.
Пры гэтым усім, у калоніі людзі могуць даволі стабільна атрымліваць лячэнне сваіх сур'ёзных хранічных хваробаў, якія былі дыягнаставаныя раней і да якіх ужо былі падабраныя лекі, напрыклад артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет. Таксама ў турме людзі атрымліваюць хірургічную дапамогу – калі патрэбная аперацыя яе зробяць".
"Вясна" пагутарыла з чатырма былымі палітвязнямі, якія цяпер праходзяць рэабілітацыю пасля зняволення і аднаўляюць фізічнае і псіхічнае здароўе. У гэтым матэрыяле мы сабралі найбольш распаўсюджаныя праблемы, з якімі сутыкаюцца вязні, і размеркавалі іх па тэматычных блоках на аснове іх сведчанняў.
Былая палітзнявленая Марыя (імя зменена ў мэтах бяспекі), якая правяла за кратамі больш за два гады, адзначае, што ў гомельскай жаночай калоніі № 4 вельмі складана трапіць на прыём да лекара:
"У зняволенні наогул вельмі складана сачыць за сваім здароўем. У пэўныя дні ў атрадах на стол выкладваюць спецыяльныя паперкі для запісу да лекара. Дапусцім, табе трэба да тэрапеўта і гінеколага. Да аднаго лекара выдаюць два-тры талончыкі, гэта значыць для двух-трох чалавек. Таму не ўсе паспяваюць запісацца. Напрыклад, быў перыяд запаленняў ва ўсёй калоніі, літаральна ўсе атрады хварэлі. І ўявіце, да лекара могуць трапіць толькі два-тры чалавекі. Гэта ненармальна. Хворыя былі вымушаныя хадзіць на фабрыку, помсты гэты снег на вуліцы, дзяжурыць, мыць прыбіральні".
На момант затрымання ў Кірыла (імя зменена ў мэтах бяспекі) былі дыягнаставаныя некалькі хваробаў, на якія дрэнна паўплывала зняволення. Адна з іх — жоўцевакаменная хвароба (распаўсюджанае захворванне, пры якім у жаўцяку ўтвараюцца камяні, здольныя выклікаць востры боль і небяспечныя ўскладненні, — заўв. рэд.). У 2019 годзе ў мужчыны мусіла адбыцца планавая аперацыя па выдаленні жаўцяка, але здарыўся каранавірус і аперацыю адклалі. Нягледзячы на сур'ёзнасць захворвання, якаснай дапамогі пры прыступах мужчына не атрымліваў:
"У зняволенні абсалютна ніякай дыягностыкі не праводзілася. Дзесьці на дзявятым месяцы зняволення ў баранавіцкім СІЗА ў мяне здарыўся ноччу прыступ. Настолькі востры, што я ажно качаўся па падлозе. Я біў нагамі ў дзверы і патрабаваў выкліку хуткай дапамогу. Мне было адмоўлена. Начальнік змены сказаў: "Ты ў нас не першы, выклікаць не будзем". Прыкладна а 10-й раніцы мне далі нейкую таблетку ад болю і на гэтым усё. Пасля гэтага яно неяк само сабой прайшло. Я перастаў есці. Не тое, каб пачаў сябе абмяжоўваць, а проста фізічна не мог прымаць ежу. Таму стаў траціць вагу. Калі мяне затрымалі, я важыў 98 кілаграмаў, а пасля таго як я заехаў у калонію, я важыў менш за 80 кілаграмаў. Я лічу, што гэта наступствы гэтай хваробы".
З часам хвароба суцішылася, узгадвае Кірыл. Ён зноў пачаў прымаць ежу, а таксама лекі, якія дасылалі сваякі. Але другі прыступ усё роўна адбыўся. Гэтым разам — у папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах.
"У калоніі ёсць медчастка. Гэта таксама слабая медыцынская дапамога, але тым не менш: мне адразу далі ўкол ад болю, таблеткі і ўзялі аналіз крыві. Вынікі мне, канешне, не сказалі, але, мабыць, аналіз пацвердзіў хваробу. І зноў усё паступова прайшло".
Ужо пасля вызвалення і прымусовай дэпартацыі мужчына пачаў праходзіць медыцынскія абследаванні. Кірыл папрасіў праверыць жаўцяк, каб яго ў выніку выдаліць.
"Я прайшоў даследаванне ўльтрагукавое, дзе мне лекар паведаміў, што вельмі дрэнна бачыць гэты орган, таму нічога не можа сказаць пра яго. Пасля аперацыі аказалася, што пазітыўных вынікаў не дасягнулі, бо гэты орган абсалютна дэградаваў, ужо не працаваў, і нават спаяўся з іншымі органамі. Таму яго немагчыма было выдаліць тым спосабам і неабходна правесці іншыя даследаванні. І лекар сказаў, што стан органа — гэта вынікі прыступаў, якія я перанёс у зняволенні. То бок гэта вынік таго, што я знаходзіўся там і непрыняцце неабходных мераў".
Кірыл узгадвае, што аналагічны выпадак здарыўся і з іншым палітвязнем. З кожным днём яго стан станавіўся ўсё горш і горш, ён патрабаваў медыцынскую дапамогу, але яе не аказвалі. У выніку, калі сітуацыя стала зусім дрэннай, яго адвезлі ў бальніцу і правялі аперацыю па выдаленні жаўцяка. Па словах былога палітвязня, падчас аперацыі зняволеных прысцёбваюць кайданкамі да аперацыйнага стала.
Кірыл адзначае, што ў калоніі вельмі цяжка атрымаць дазвол на атрыманне вітамінаў, а апошнія паўгода яго зняволенні ўвогуле ў гэтым адмаўлялі. Лекары ў калоніі аргументавалі гэта тым, што вітаміны не з'яўляюцца лекавым сродкам. Паводле іх, у вязняў збалансаванае харчаванне, меню распрацаванае спецыяльнымі інстытутамі. Пры гэтым, узгадвае мужчына, вязням не выдаюць нават салаты з гароднінай, нібыта па санітарных патрабаваннях. У мясцовай краме таксама вельмі цяжка паспець купіць садавіну і гародніну, таму атрымаць вітаміны праз ежу ў зняволенні — амаль немагчыма.
У калоніі перыядычна можна было здаць аналіз крыві і мачы, а таксама раз на паўгода — флюараграфія. Апроч гэтага, вядзецца рэгулярны прыём у лекара-нарколага. Да яго ходзяць асуджаныя з алкагалічнай і наркатычнай залежнасцю, ці асуджаныя паводле адпаведных крымінальных артыкулаў. Таксама ім рэгулярна выдавалі і неабходныя лекі.
"За месяц ці два да вызвалення (сярэдзіна 2025 года — заўв. рэд.) абвастрылася сітуацыя з выдачай лекаў. Звычайна неабходныя лекі выдавалі раз на тыдзень: ты прыходзіш і табе выдаюць тваю неабходную дозу. Але незадоўга да майго вызвалення ўвялі новае правіла: выдаваць лекі дзень у дзень. І кожны дзень трэба было хадзіць да лекара. А людзей, патрабуючых лекі, даволі шмат. Таму ўтвараліся чаргі і па часе, адведзеным на кожны атрад, яны не ўпраўляліся. І таму апошнія атрады проста нічога не атрымлівалі. На наступны дзень ёсць шанец атрымаць, але можаш толькі за гэты ж дзень".
Таблеткі вязні могуць атрымліваць у першай або другой палове дня, таму праца гэтаму не перашкаджае.
Спыталі ў праваабаронцы Кацярыны, ці абмежаванне ў атрыманні неабходных лекаў з волі ў папраўчых калоніях носіць масавы характар:
"Залежыць ад калоніі. У некаторых дактары нават самі раяць, якія лекі варта перадаць з волі і медычныя перадачы ходзяць рэгулярна і добра. А ёсць такія, дзе цэлую бандэроль з лекамі могуць адправіць назад, таму што да закрытага пераліку лекаў з заявы сваякі дадаткова паклалі вітамін С. Таксама ёсць гісторыі, як сваякі носяць даведкі і даказваюць што ў чалавека хвароба і яму патрэбна медыцынская дапамога, і пасля гэтага ён атрымлівае права на медычныя перадачы і яны пачынаюць хадзіць. Гэта, напэўна, кажа пра тое, што рашэнні прымаюцца "на месцах" і таму варта спрабаваць дамагацца больш добрых умоваў для сваіх блізкіх".
Украінка Людміла Ганчарэнка — адна з палітзняволеных, якіх абмянялі як ваеннапалонных у чэрвені 2024 года. Праз год пасля вызвалення ў былой палітзняволенай знайшлі рак шчытападобнай залозы. Цяпер яна праходзіць лячэнне. Людміла распавядае, што праз антысанітарыю і дрэнныя ўмовы ў СІЗА ў яе з'явіўся вагінальны кандыдоз і цыстыт:
"Ужо на волі мне паставілі дыягназ "хранічны цыстыт". Раней у мяне яго ніколі не было. Не ведаю, звязана яно з турмамі ці не. У самой турме мяне турбаваў кандыдоз (малочніца). Да зняволення ў мяне ніколі яго не было. Натуральна, што лячэння там ніхто не прызначаў. Я сама купляла ў краме соду і ёй падмывалася. Таблеткі мне ніхто не даваў. У СІЗА я некалькі разоў прасіла адвесці мяне да гінеколага, але, вядома, не адвялі.
А там гэта ўсё ад жудаснай антысанітарыі. Колькі б той унітаз не праціралі, калі ў камеры 12 чалавек — самі разумееце. Тым больш, што да палітвязняў падсаджвалі недабрабытных. Напрыклад, жанчын, асуджаных па арт. 174 КК (нявыплата аліментаў). Ці, напрыклад, наркаманак, асуджаных па 328 КК. Там са мной сядзела жанчына з ВІЧ (вірус імунадэфіцыту чалавека). Адна сядзела з гепатытам, а мы пра гэта нават не ведалі — гэта ўсплыло толькі на каранціне ў калоніі. Нам там часам выдавалі па лыжцы бытавых сродкаў, часам самі нешта куплялі. І кожны раз перад паходам у туалет стараліся чысціць унітаз. У калоніі ўсё вельмі чыста, нават стэрыльна".
Паводле Марыі, у гомельскай калоніі № 4 працуе добрая гінекалагіня.
"Абязбольваючыя там ніякія, вядома. Але ў гінеколага там залатыя рукі. Там адна і па-чалавечы вельмі прыемная, і практыка ў яе ачмурэнная. Яна вельмі добры спецыяліст. Дапамога там аказваецца. У мяне канкрэтна з гэтым было ўсё ў парадку".
Актывіст, былы палітвязень Павел Вінаградаў, якога вызвалілі і прымусова дэпартавалі з краіны пасля амаль чатырох гадоў зняволення, кажа, што праблемы з ныркамі пасля халоднай камеры ШІЗА — распаўсюджаная праблема сярод зняволеных.
"Мяне гэтая праблема не закранула. Але ад сядзення на плітцы і бетоне ў мяне адзін раз адмарозілася прастата. Два тыдні пасля гэтага ў мяне былі непрыемныя. Але гэта ў мяне само сабой неяк прайшло.
У ШІЗА катэгарычна няма чаго рабіць. Таму асноўным маім відам дзейнасці было хаджэнне па камеры. Паколькі месцы мала, у асноўным ад чатырох да шасці крокаў можна зрабіць, то частыя павароты моцна б'юць па суставах у каленях".
У 2022 годзе ў ваўкавыскай ПК-11 у Паўла дыягнаставалі сухоты. Для лячэння яго перавялі ў спецыяльна прызначаную для гэтага калонію — ПК-12 у Оршы. Павел падзяліўся, як у яго выявілі сухоты:
"Калі я прыехаў у ПК-11 г. Ваўкавыска, усіх ізноў прыбылых, па правілах пенітэнцыярнай сістэмы, павінны адводзіць у санчастку з каранціну для абследавання. Куды прывялі мяне? Правільна, у ШІЗА. Я выпадкова выйшаў з ШІЗА праз пяць сутак, проста таму, што няма каму было даваць мне дадатковыя суткі. І вось мяне праз пяць сутак вярнулі ў каранцін, адкуль адразу адвялі ў санчастку. Там мне прасвяцілі лёгкія і высветлілі, што ў мяне там пляма. Пасля гэтага я быў змешчаны ў ізалятар санчасткі. Сам факт наяўнасці плямы яшчэ не значыць, што ў чалавека сухоты. Таму праводзіліся дадатковыя аналізы. У мяне праверылі кроў, якая ім не спадабалася. Таму мяне адправілі ў ПК-12 у г. Орша, дзе і ўтрымліваюцца хворыя на сухоты".
Там правялі дадатковыя абследаванні, якія пацвердзілі дыягназ. Пасля гэтага Паўлу далі падпісаць дакументы, што ён згодны на спецыяльнае лячэнне ў паскораным варыянце. Калі звычайна лячэнне праходзіць на працягу 18 месяцаў, то Паўлу прапанавалі прайсці яго за шэсць. Павел пагадзіўся. Прыкладна праз тыдзень пасля падпісання гэтай паперы палітвязня адправілі ў ШІЗА.
"Што цікава: калі ты не ў ШІЗА і ў цябе дыягнаставаныя сухоты, то ў цябе ёсць ціхая гадзіна, а ў ШІЗА — яе няма. Быццам ад змяшчэння ў ШІЗА ў цябе становіцца лягчэй дыягназ.
Я мяркую, што ціхая гадзіна неабходная, магчыма, з-за пабочнага эфекту ад лекаў. Я як такога туберкулёзу не адчуваў. Але мне было дрэнна паўтары-дзве гадзіны ў дзень ад прыёму лекаў. Таму што там рэальна ясі адразу жменю.
І вось у ШІЗА не было ціхай гадзіны, але было дрэнна ад таблетак. Я клаўся на падлогу, за што супраць мяне складалі новыя акты і дадавалі суткі ў ШІЗА.
Так мяне вылечылі таблеткамі ад туберкулёзу. Прэтэнзій да лячэння я не маю. Адзінае, калі я папрасіў "ціхую гадзіну" ў свайго лекара, мне адмовілі. Мне сказалі: "Вінаградаў, гэта ўсё вельмі цікава, але пытанні ціхай гадзіны ў вашым выпадку я вырашаць не магу — трэба звярнуцца да начальніка медчасткі". Далей я даведваўся ў начальніка, як мне можна легальна прылегчы, каб на мяне не складалі акты, таму што мне дрэнна, на што ён мне сказаў: "Вінаградаў, я гэтыя пытанні ў вашым выпадку не вырашаю і мне трэба параіцца з начальнікам установы". Той у гэты час быў у адпачынку, таму з ім параіцца не маглі. А калі ён выйшаў з адпачынку, у мяне ўжо скончыліся суткі ў ШІЗА. Усё, што тычыцца медычнай часткі, там пастаўлена добра. Мне нават зрабілі УГД усяго, чаго я хацеў, не звязанага з сухотамі. Там велізарная колькасць лекараў, яны ўсё рэагуюць на твае звароты".
Павел адзначае, што харчаванне ў ПК-12 было лепшым сярод тых устаноў, дзе ён паспеў пабываць. Паводле яго слоў, ён паправіўся там на пяць кілаграмаў за некалькі месяцаў, нават пры адсутнасці перадач.
Змяшчэнне вязняў у ШІЗА — распаўсюджаная практыка ў месцах няволі, якая выкарыстоўваецца адміністрацыяй установы за парушэнне вязнем правілаў унутранага распарадку. Але на практыцы, гэта адзін з улюблёных метадаў ціску як на палітычных вязняў, так і на звычайных. Асабліва жорсткія ўмовы ў ШІЗА, па словах былых палітвязняў, у міжсезонне, калі няма ацяплення і, такім чынам, людзей фактычна катуюць холадам, бо ім не дазваляюць мець ні цёплага адзення, ні коўдры. Апроч гэтага, праз пастаянны холад людзі не могуць спаць — гэта былыя палітвязні называюць "катаваннем холадам".
У ШІЗА гомельскай жаночай калоніі № 4, па адчуваннях Марыі, было прыкладна 16 градусаў. З-за моцнага холаду жанчыне даводзілася пастаянна сядзець каля батарэі. Але праз некаторы час ад пастаяннага трэння на ягадзіцах утвараліся вадзяністыя мазалі.
"Перад ШІЗА праходзіць камісія, якая вырашае, якое пакаранне вынесці. І перад ёй чалавека вядуць у паліклініку. Гэта ўжо паказчык таго, што адправяць у ШІЗА. А перад Новым годам уся калонія якраз хварэла. І мяне перад камісіяй усю ноч калаціла. На наступны дзень мяне павялі да тэрапеўта. Наша кіраўніца атрада зайшла першай. Мне адразу стала зразумела, што яна дае нейкія ўказанні лекару, таму што яны доўга шапталіся. Камісіі яшчэ не было, але было ўжо вырашана, што я адпраўлюся ў ШІЗА.
Я зайшла ў кабінет. Лекар шчыра, як я думала, вырашае праверыць маё здароўе. Накіроўвае на мяне бескантактавы тэрмометр. Потым глядзіць на вынік і ў яе пашыраюцца вочы. Напэўна, убачыла высокую тэмпературу. Потым наводзіць мне на шыю. Зноў здзіўляецца і кажа: "Вы, напэўна, моцна ўцяпліліся і па лесвіцы падымаліся, таму вам горача стала". Потым памерала на запясці. І запісала ў сябе ў дакументах, што ў мяне нармальная тэмпература. Тры разы мерала, было відавочна, што ў мяне тэмпература, а яна запісвае "нармальна".
Адразу ж вырашыла вымяраць ціск. Напампавала абшэўку, пачынае адпускаць і адразу практычна пачынае пульсаваць. Разумею, што ў мяне высокі ціск. Яна запісвае, што ціск добры. Я ўжо збіраюся выходзіць, а яна мне: "А што вы хочаце, я сама на працу з ціскам пад 170 хаджу". То-бок тут жа здала сама сябе. Разумееце, як там працуюць медыкі? Калі оперы сказалі, значыць наступіць на ўсе свае маральныя прынцыпы".
У ізалятар жанчыну змясцілі з моцным кашлем і тэмпературай:
"У ШІЗА, калі ў цябе дзве пары шкарпэтак, тонкія і тоўстыя, то другія забяруць. Узімку пакідалі ласіны, летам усе сядзяць з голымі нагамі. Я прыйшла туды хворая, з тэмпературай, кашляла як паравоз. А спяць там на голых дошках. І вось я ўсю ноч так моцна кашляла, што на раніцу ў мяне проста ад чагосьці знік кашаль. Мне было так страшна, што я проста памру.
Там усю ноч не спіш. Правальваешся ў сон і прачынаешся ад холаду. Гэта невыносна. Гэта катаванні сном і холадам, якія, вядома, адбіліся на маім здароўі. Я пасля ШІЗА не магла паўгода стаяць на левай пятцы. Можа я застудзіла сядалішчны нерв, не ведаю, абследаванняў мне ніхто не рабіў. У мяне была рэзкая і вострая боль у пятцы".
Па словах Паўла, умовы ў штрафным ізалятары адрозніваюцца ў залежнасці ад установы. Ён узгадвае, што "самая жэсць" была ў штрафным ізалятары ваўкавыскай ПК-11 да рамонту.
"Там у адной з камер я збіраў ураджай грыбоў пад ракавінай два разы. Там было так сыра, што, калі памыць падлогу, то яна высыхала толькі дзён за пяць. Акно (да рамонту) не зачынялася, на ім зімой утваралася намарозь. Калі ты знаходзішся ў такім ШІЗА, дзе ноччу спаць немагчыма і ты высыпаешся днём, то там ты ўвесь час адхаркваеш слізь. Ужо праз месяц утрымання там з цябе пачынае ўсё гэта выходзіць, пры ўмове, што ты нават не курыш. Ад жудаснага асвятлення там псуецца зрок. Недахоп свежага паветра (на прагулкі не выводзяць) пры ўмове цвілі і вільготнасці ў камеры таксама моцна пагаршае гэта.
Пасля 189 з 210 дзён знаходжання ў ваўкавыскім ШІЗА да рамонту, калі мяне ўбачыла жонка на кароткатэрміновым спатканні, яна плакала, таму што я быў зялёнага колеру".
У Паўла дыягнаставаны цукровы дыябет. Таму, кажа, у ШІЗА трэба сачыць за тым, каб не параніцца, бо раны ў такіх умовах вельмі цяжка гояцца. Зняволеныя з гэтым дыягназам на працягу ўсяго тэрміну атрымліваюць спецыяльную дыету.
Часта былыя палітвязні адзначаюць, што ў месцах зняволення зубы не лякуюць, а наўпрост выдаляюць. Праваабаронца Кацярына адзначае, што праблема з зубамі ў вязняў — бадай самая распаўсюджаная з'ява ў месцах зняволення:
"Жудасная праблема са стаматалагічным лячэннем. Зубы — гэта першае, што псуецца ў турме, і амаль кожны вязень хаця б адзін раз звяртаўся да стаматолага. Дантысты працуюць рэдка, чарга да іх вялікая, і часцей за ўсё яны нават не ставяць пломбы, а проста выдаляюць зуб. Тыя пломбы, якія ставяць, робяцца вельмі дрэнна. Абсалютна ніяк не лечаць парадантоз, што ў выніку прыводзіць да таго, што зубы проста выпадаюць. Таксама вельмі часта лячэнне праводзяць без абязбольвання. Вядома пра выпадкі, калі чалавек тыдзень мог хадзіць з абвастрэннем флюса — пякельным болем, тэмпературай, апухлым тварам — і мала таго што не мог атрымаць стаматалагічнае лячэнне і антыбіётыкі, так яшчэ і быў вымушаны працаваць на прамзоне".
Людміла Ганчарэнка пацвердзіла: замест лячэння зуба яго напроўст выдалілі.
"У турме ў мяне наогул вельмі пасыпаліся зубы. У СІЗА мне аднойчы моцна разбалеўся зуб. Там, вядома, ніхто табе зубы не лечыць. Таму мне яго проста вырвалі, таму што болі былі пякельныя".
Марыя цяпер таксама займаецца лячэннем і аднаўленнем зубоў, якія сапсаваліся праз зняволенне.
Пасля вызвалення і прымусовай дэпартацыі Павел Вінаградаў таксама ходзіць да стаматолага, каб вылечыць зубы. Паводле яго, лячэнне будзе доўгае.
"Я разумею, што яны ў мяне ад чагосьці разваліліся. Я не магу сказаць ад ШІЗА гэта, ці ад зняволення ў прынцыпе. Можа ў мяне проста генетыка дрэнная. Зрок таксама сеў. Можа ад ШІЗА, можа ад зняволення, а можа таму, што ў мяне дыябет".
Пра тое, што распаўсюджанай праблемай сярод зняволеных з'яўляецца адсутнасць якаснай стаматалагічнай дапамогі, кажа і Кірыл. Па яго словах, да затрымання рэгулярна хадзіў да стаматолага, але ў зняволенні з гэтым была праблема.
"У калоніі пры аглядзе ў стаматолага я спытаў: "А што, калі трэба будзе лячыць нейкі зуб"? Ён мне адказаў: "Лячыць будзеш на волі". Мне там балелі зубы, разбухалі дзясны, ніякага лячэння пры гэтым у мяне не было. А вырываць зубы я не хацеў, бо думаў, што іх яшчэ можна будзе вылечыць. І я лічу, што мне нанесеная вялікая шкода не аказаннем дапамогі на працягу трох гадоў. Я ведаю, што камусьці там і пломбы ставілі, але гэта не мой выпадак".
Паводле праваабаронцы Кацярыны, лад жыцця — гэта адзін з асноўных фактараў, які ўплывае на здароўе чалавека. Але ў жудасных умовах утрымання ў месцах няволі вязні не могуць весці правільны лад жыцця.
"У турме амаль усё, што павязана з ладам жыцця, парушана. З фізічных фактараў мы назіраем: адсутнасць паўнавартаснага харчавання, нармальнага асвятлення, нармальнага мікраклімату, нармальнай фізічнай нагрузкі — у СІЗА яна недастатковая, а ў калоніях часта празмерная і незбалансаваная. Перапоўненасць камер і скучанасць людзей у калоніях, дрэнныя санітарныя ўмовы — "цудоўны" фон для распаўсюджвання інфекцыйных хваробаў.
Такія ўмовы для арганізма чалавека не аптымальныя. Хтосьці за кошт маладога ўзросту і рэзерваў здароўя можа пэўны час пратрываць без асаблівых наступстваў, а хтосьці праз празмерныя фізічныя нагрузкі захварэе на гемарой ці грыжу. З гэтых жа прычынаў вельмі частыя праблемы з апорна-рухальным апаратам такія як артрыты, ці міжпазванковыя грыжы, што праяўляюцца рэгулярным болем. Хтосьці ў турме пачынае часта хварэць на бранхіты і пнеўманіі, таму што халодна, сыра і цесна. З астмай і алергіямі людзі моцна пакутуюць на прадпрыемствах, дзе ёсць драўляны і металёвы пыл, пары хімічных рэчываў, а сродкаў індывідуальнай абароны няма. Недахоп у ежы гародніны, бялку, карысных тлушчаў уплывае на страваванне і здароўе ў цэлым.
Агулам хранічныя захворванні маюць тэндэнцыю ў турме абвастрацца і пагаршацца. Хваробы, якія моцна звязаныя са стрэсам абвастраюцца амаль заўсёды – псарыяз, падвышаны артэрыяльны ціск, арытміі, гастрыт, разлады сну".
Пасля заключэння ў Марыі пачаў хварэць тазабедраны сустаў і калена. Акрамя гэтага, да затрымання ў яе быў дыягнаставаны гонартроз (дэгенератыўна-дыстрафічная паталогія каленнага сустава), але падчас зняволення хранічная хвароба прагрэсавала. На гэта паўплывала, па словах жанчыны, пастаянная фізічная нагрузка і ўмовы ўтрымання.
У калоніі Марыя схуднела на 20 кілаграм.
"Відаць праз гэта ў мяне пачаў падаць ціск, пры тым, што заўсёды быў высокім. У мяне аднойчы ціск быў 60 на 40. Яны нават мне некалькі разоў выклікалі хуткую. Лекары здзівіліся, як я жывая была пры такім ціску."
Пасля перанесенага кавіду ў Кірыла развіўся трамбоз (небяспечнае парушэнне працы крывяноснай сістэмы, калі ў сасудах утвараюцца згусткі крыві. Яны замінаюць вольнаму руху крыві і могуць выклікаць сур’ёзныя наступствы для здароўя, — заўв. рэд.). Пры рэгулярным медыцынскім абследаванні, прыёме прызначаных лекаў і выкарыстанні кампрэсійнай бялізны наступствы на волі ўдавалася мінімізаваць. Але ў калоніі праз неабходнасць прытрымлівацца правілаў унутранага распарадку, выконваць гэтыя парады немагчыма.
"Як мне раней казалі лекары, наступствы не вылечваюцца, але кампенсаваць іх можна гэтымі захадамі. Але ў калоніі ў мяне не атрымлівалася насіць гэтую кампрэсійную бялізну. Бо там строгі рэжым: а 6-й пад'ём, потым 15 хвілін на туалет і пачысціць зубы, абавязкова пагаліцца, а ў 6:15 ужо зарадка. А бялізну гэтую трэба надзяваць яшчэ да таго, як устанеш з ложку. А за 15 хвілін усё гэта не паспееш. Калі ты ўжо да таго туалету сто метраў прайшоў і павярнуўся, то эфекту такога не будзе. А сама працэдура дастаткова складаная і патрабуе фізічнага напружання. У тых умовах гэта было немагчыма".
Кірыл адзначае, што пры спазненні можна атрымаць спагнанне і трапіць у ШІЗА, дзе таксама немагчыма карыстацца спецыяльная бялізнай.
Па словах былога палітвязня, у івацэвіцкую калонію № 22 раз на паўгода прыязджаюць розныя профільныя лекары-спецыялісты. Яму ўдалося нават двойчы трапіць да хірурга, але прыём цягнуўся 25 секунд: "Казаў спусціць штаны, глядзеў на ногі, і адразу казаў, што ўсё нармальна". Мужчына таксама адзначае, што пры трамбозе важна мець зручны і лёгкі абутак. Але адміністрацыя ўстановы яму неаднаразова адмаўляла ў дазволе на перадачу сваякамі зручнага абутку, які амаль не адрозніваецца ад устаноўленага калоніяй. Толькі пазней усё ж яму змаглі перадаць крыху лягчэйшыя боты.
Па словах Кірыла, у ПК-22 нярэдка здараецца эпідэмія каросты. Ён таксама некаторы час правёў у медчастцы праз гэта. Кароста, у асноўным, перадаецца праз матрацы. Вязень з гэтым захворваннем праходзіць так званую "пражарку" — калі чалавека разам з усімі рэчамі і матрацам апрацоўваюць спецыялнымі сродкамі.
Стрэс суправаджае чалавека на працягу ўсяго тэрміну зняволення і пакідае глыбокі след у псіхіцы. Ён не толькі абцяжарвае штодзённае жыццё ў турме, але і пасля вызвалення можа прывесці да доўгатэрміновых псіхалагічных і фізічных праблем, якія патрабуюць працяглай рэабілітацыі.
"Стрэс выклікае, напэўна, самыя доўгатэрміновыя наступствы для здароўя – псіхалагічныя. Дэпрэсіўныя і трывожныя разлады, парушэнні сну ў той ці іншай ступені сустракаюцца ў вялікай колькасці былых палітзняволеных, таксама дагэтуль мы бачым выпадкі ПТСР. Калі чалавек пасля вызвалення быў прымусова дэпартаваны, то ягоны стрэс памнажаецца на два, як і рызыкі для псіхічнага здароўя. Небяспека такіх станаў у іх "нябачнасці", у тым, што яны часта адыходзяць на другі план і праблема паціху нарастае як снежны камяк. Такія разлады патрабуюць доўгай працы, часта — гэта псіхатэрапія плюс медыкаменты на працягу шмат месяцаў", — кажа Кацярына.
Паводле Марыі, у калоніі на нервовай глебе ў яе часта з'яўляліся фурункулы (вострае гнойна-некратычнае запаленне).
"Гэты гнайнік спее, потым пачынае выходзіць гэты стрыжань, а ты не можаш трапіць на перавязку. То няма каму завесці, то трэба стаяць дзяжурыць на брамцы. Памятаю, калі ішла да лекара, проста плакала. Таму што рана адкрытая, рукі ўвесь час брудныя, я гэтай туалетнай паперай выціраю гной. Да гэтага часу памятаю гэты стрэс".
Цяпер жанчына займаецца з псіхатэрапеўтам. У Марыі дыягнаставалі ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад) і дэпрэсію.
"Праз гэта ўбогае харчаванне ў людзей проста сыпаліся валасы. Мне заўсёды хацелася тлустага пірожнага. Таму што ежа была "пустая". Аднатыпнае ўбогае харчаванне".
Жанчына выйшла на волю год таму, але да гэтага часу вымушана праходзіць лячэнне, абследаванні, працаваць з псіхатэрапеўтам. Нядаўна ёй зрабілі аперацыю па выдаленні грыжы, якая павялічылася праз цяжкую працу ў калоніі.
"Ні ў якім разе нельга забываць пра страшныя наступствы калоніі для палітвязняў. Яно сніцца, сядзіць дзесьці далёка. Там жа ты 24/7 ва ўсіх навідавоку, нават паплакаць не можаш. Гэта жудасна цяжка для псіхалагічнага стану".
Анкалагічныя захворванні ў зняволенні
У Беларусі нярэдка змяшчаюць пад варту і пазбаўляюць волі людзей з дыягнаставаным анкалагічным захворваннем.
Так, напрыклад, восенню 2024 года затрымалі ўкраінку Надзею Нікалаюк амаль адразу пасля аперацыі па выдаленні лімфомы падпахай. Яна прайшла першы курс хіміятэрапіі і яе затрымалі наўпрост у паліклініцы, куды яна прыйшла да лекара. Паводле сведчанняў яе сукамерніцы, на Акрэсціна ў жанчыны нават разышліся швы. Больш за год Надзеюўтрымлівалі ў СІЗА па абвінавачванні ў "агентурнай дзейнасці". 22 лістапада 2025 года жанчыну памілавалі і вывезлі ва Украіну. Вядома, што медыцынская дапамога ў СІЗА жанчыне аказвалася.
Марыя адзначае, што вялікую ролю ў аказанні медыцынскай дапамогі адыгрываюць родныя зняволеных, якія дамагаюцца абследаванняў і лячэння.
"У адной жанчыны была анкалогія, яна сказала, што ўжо памерла б, калі б не яе муж. Таму што ён увесь час патрабаваў. Там вельмі складана, калі сваякі не аказваюць падтрымку і не тузаюць пастаянна адміністрацыю і медыкаў. І вось пакуль зусім дрэнна не стане, ніхто нічога рабіць не будзе".
У Людмілы дыягнаставалі анкалогію ўжо пасля вызвалення. Лекары выявілі ў жанчыны рак шчытападобнай залозы. Ёй выдалілі пухліну, і цяпер Людміла праходзіць рэабілітацыю. У гэты ж самы час знайшлі рак шчытападобнай залозы і ў сястры Людмілы — Наталлі, якая амаль паўгода правяла ў Гомельскім ІЧУ. Жанчыне таксама зрабілі аперацыю па выдаленні пухліны.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
14 студзеня 2026
13 студзеня беларуская лідарка сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Каролем Наўроцкім. Гэта першая двухбаковая сустрэча ў Варшаве пасля абрання Наўроцкага прэзідэнтам, раней лідары сустракаліся на палях Генеральнай Асамблеі ААН.
Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту і Польшчы за падтрымку Беларусі і беларусаў, за паслядоўную і прынцыповую пазіцыю, падтрымку вызваленых палітвязняў, рэпрэсаваных і дэмакратычнага руху. Адзначыла, што беларускае пытанне ў Польшчы аб’ядноўвае і ўрад і апазіцыю, і ўсе палітычныя партыі. Ціханоўская распавяла пра прыярытэты дэмакратычных сілаў, як за мяжой, так і ўнутры краіны.
Ціханоўская і Наўроцкі абмеркавалі працэс вызвалення палітвязняў, сітуацыю з Анджэем Пачобутам, адносіны з адміністрацыяй ЗША, а таксама бяспекавую сітуацыю ў рэгіёне. Ціханоўская выказала спадзяванне, што вызваленні працягнуцца і Польшча, як і раней, акажа неабходную падтрымку вызваленым, як гэта адбывалася цягам году, у тым ліку з пытаннямі легалізацыі і афармлення дакументаў. Ціханоўская падзякавала, што Польшча працягвае прымаць беларусаў, якія цярпяць пераслед на радзіме.
Ціханоўская прапанавала прэзідэнту некалькі супольных ініцыятываў у падтрымку беларускай супольнасці ў Польшчы, у сферы гістарычнай спадчыны, культуры, літаратуры, запрасіла ўзяць удзел у беларускіх фестывалях і аматарскіх спартовых спаборніцтвах, якія ладзяцца беларусамі, а таксама далучаць Беларусь да мерапрыемстваў у рэгіянальных фарматах, як «Люблінскі трыкутнік».
Ціханоўская перадала прэзідэнту праект канцэпцыі Беларускага інстытута нацыянальнай памяці, распрацаваны дэмакратычнымі сіламі, які дапаможа людзям даведвацца праўду пра рэпрэсіі савецкага часу і апошніх гадоў праз доступ да архіваў і сведчанняў, а таксама дапамагаць дзяржаве ачысціць сваю бюракратычную сістэму ад заганных практык мінулага. Ціханоўская адзначыла, што дэмакратычныя сілы працуюць над Візіяй новай Беларусі, распрацоўваюць пакеты рэформаў, і карыстаюцца ў тым ліку досведам польскай трансфармацыі.
Напрыканцы Ціханоўская прэзентавала прэзідэнту набор кніг Сяргея Пясецкага ў перакладзе на беларускую. Сяргей Пясецкі — адзін з улюбёных пісьменнікаў Наўроцкага, народжаны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, быў дысідэнтам і пісаў пра жыццё беларусаў і палякаў у міжваенны час, а таксама пра супраціў беларусаў і палякаў савецкай акупацыі.
Таксама 14 студзеня ў Бельведэрскім палацы адбылася сустрэча з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Удзел узялі больш за 150 чалавек, у тым ліку журналісты, блогеры, дзеячы культуры, праваабаронцы, палітыкі, акцёры і музыкі, спартоўцы.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
13 студзеня 2026
12 студзеня Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з віцэ-прэзідэнткай Еўрапейскага парламента Пінай Пічэрна ў Офісе ў Вільні.
Падчас размовы бакі абмеркавалі бягучую сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі, бяспеку ў рэгіёне і ролю Еўрасаюза ў супрацьстаянні аўтарытарызму.
Асобна абмеркавалі трэці міжпартыйны форум «8+100», які адбудзецца 3–4 сакавіка ў Еўрапейскім парламенце. Плануецца ўдзел прадстаўнікоў 8 беларускіх і 100 еўрапейскіх партыяў. Святлана Ціханоўская заклікала Піну Пічэрна далучыцца да форуму і падтрымаць прыцягненне большай колькасці дэпутатаў Еўрапарламента.
Ад Ціханоўскай прагучала прапанова працягнуць практыку «хроснага бацькоўства» палітвязняў, а таксама арганізаваць Кангрэс хросных палітвязняў у Берліне, каб зрабіць гэты механізм больш эфектыўным.
Акрамя таго, абмяркоўвалася падтрымка еўрапейскай перспектывы для Беларусі і падрыхтоўка дарожнай карты збліжэння з ЕС і Радай Еўропы.
Святлана Ціханоўская падзякавала Піне Пічэрна за паслядоўную падтрымку Беларусі, у тым ліку за ўдзел у адкрыцці офіса і шэлтара ў Фларэнцыі, а таксама за асабістую салідарнасць з палітвязнямі.
Святлана Ціханоўская:
«Падтрымка такіх партнёраў, як Піна Пічэрна, дапамагае трымаць Беларусь у фокусе еўрапейскай палітыкі і нагадваць: без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
09 студзеня 2026
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца нязменна цяжкай: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да іншадумцаў, удзельнікаў пратэсных ініцыятыў, журналістаў і праваабаронцаў;
аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі вызначаныя грубыя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавецтва, учыненыя ўладамі Беларусі;
нягледзячы на імкненне ўладаў Беларусі схаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, у ПЦ "Вясна" працягваюць паступаць даныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных падставах: "Вясне" вядома пра больш чым 8 000 асуджаных (у тым ліку 39 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года, сярод іх не менш за 1963 — жанчыны;
летась былі асуджаныя не менш за 1 254 чалавекі, з іх 355 жанчын;
колькасць палітвязняў па-ранейшаму крытычна высокая: на канец снежня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіўся 1 131 палітвязень (з іх 167 — жанчыны). Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 339 чалавек. 3 208 чалавек, з якіх 659 — жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
паводле звестак "Вясны", летась з рознымі відамі рэпрэсій, звязанымі з крымінальным або адміністрацыйным пераследам (затрыманнямі, допытамі, ператрусамі) сутыкнуліся не менш за 2 384 чалавекі. Амаль 30% рэпрэсаваных — жанчыны. Важна адзначыць, што гэтая колькасць не варта параўноўваць са звесткамі папярэдніх гадоў, бо з пачатку 2025 года кардынальна змяніліся ўмовы збору звестак пра рэпрэсіі: улады прыхоўваюць звесткі пра палітычна матываваны пераслед і перашкаджаюць дзейнасці збору такіх дадзеных;
палітычных зняволеных у месцах няволі ўтрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад строгім кантролем, на іх накладаюцца не прадугледжаныя законам абмежаванні; у выніку многія палітвязні ў дысцыплінарным парадку пазбаўленыя дазволеных па законе пасылак, перадач, у тым ліку медыцынскіх, спатканняў з роднымі, мужам і жонкай, а таксама адвакатамі; перапіска палітвязняў адвольна абмежаваная. Не менш за трох палітвязняў працягваюць утрымліваць у рэжыме інкамунікада. На працягу года два палітвязні – Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны — загінулі ў калоніях. Агулам дзевяць палітвязняў памерлі ў калоніях і СІЗА;
палітвязні падвяргаюцца прымусовай малааплочванай працы; пасля выхаду на волю па адбыцці пакарання яны трапляюць пад стражэйшы кантроль, які выходзіць за межы звычайнага нагляду за вызваленымі асуджанымі; правы асуджаных дадаткова абмяжоўваюцца наступствамі ўключэння іх у Пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці;
суды працягваюць функцыянаваць у якасці інструмента рэпрэсій у дачыненні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў. Незалежнасць судовай сістэмы страчаная;
дзейнасць НДА і ініцыятыў па-ранейшаму рэгулярна адвольна крыміналізуецца;
працягваецца пераслед за мірнае выказванне меркаванняў, а таксама пад выглядам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам;
цягам года працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў;
у Беларусі па-ранейшаму ажыццяўляюцца катаванні і прымяняюцца забароненае абыходжанне па палітычных матывах; няма выпадкаў расследавання і прыцягнення да адказнасці асоб, вінаватых у шырокамаштабных катаваннях і іншых найгрубейшых парушэннях правоў чалавека ў жніўні 2020 года і ў наступныя гады, на нацыянальным узроўні;
дыскрымінацыя ў розных сферах захоўваецца, дзяржава не прадпрымае крокаў па яе недапушчэнні; улады дэманізуюць прадстаўнікоў ЛГБТК+, выяўляюць прававыя падставы для пераследу па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасці, рэпрадуктыўнага выбару;
фальшывымі выбарамі ў лютым 2025 года ўлады працягнулі паўнамоцтвы А. Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на новы пяцігадовы тэрмін.
Крыніца: ПЦ "Вясна"