Народныя амбасады Беларусі пры падтрымцы German Marshall Fund (GMF) рэалізавалі праект “Мэпінг праблем беларусаў за мяжой“ пра даследаванне праблем легалізацыі і дакументавання беларусаў і беларусак за мяжой і магчымых шляхоў іх вырашэння.
У межах праекта эксперты сабралі і прааналізавалі сітуацыю ў больш чым 20 краінах.
Цэнтральнае пытанне даследавання — што рабіць беларусам замежжа, калі іх беларускі пашпарт скончыўся, а атрымаць новы немагчыма.
Падчас даследавання былі зроблены параўнанні таго, якія рашэнні існуюць у розных краінах: выдача пашпартоў замежніка і іншых праязных дакументаў, прызнанне пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў, атрыманне міжнароднай абароны і іншыя механізмы легалізацыі. Дадаткова даследаваліся праблемы з дакументамі і даведкамі з Беларусі, апастылем, візамі, банкаўскімі рахункамі, пасведчаннямі кіроўцаў, грамадзянствам і бяспекай беларусаў за мяжой.
Для аналізу выкарыстоўваліся статыстыка Eurostat і нацыянальныя даныя, заканадаўства і адміністрацыйная практыка, рэальныя кейсы беларускіх арганізацый, а таксама інтэрв’ю з экспертамі і эксперткамі, якія непасрэдна працуюць з пытаннямі легалізацыі беларусаў.
Галоўная задача mapping — перайсці ад карты праблем да практычных рашэнняў: паказаць, якія механізмы ўжо працуюць у розных краінах і якія добрыя практыкі можна перанесці туды, дзе такіх рашэнняў пакуль няма.
Вынікам праекта сталі 20 краінавых аналітычных дакументаў з канкрэтнымі праблемамі і прапановамі па іх вырашэнні, а таксама параўнальны міжкраінавы даклад, у якім сабраныя лепшыя практыкі і рашэнні з розных краін.
Гэтыя матэрыялы можна будзе выкарыстоўваць для адвакацыі на нацыянальным і міжнародным узроўнях — з уладамі і парламентамі асобных краін, еўрапейскімі інстытуцыямі і міжнароднымі арганізацыямі. Імі таксама змогуць карыстацца беларускія арганізацыі і прадстаўнікі дэмакратычных сіл у сваёй адвакацыйнай працы.
Ніжэй прадстаўлена інфармацыя па асобных краінах даследавання: асноўныя праблемы, існуючыя механізмы і прапанаваныя рашэнні.