Навіны
жарты пра Лукашэнку цяпер лічацца «тэрарызмам»
04 лютага 2025
Вядомага беларускага стэндап-коміка Славу Камісаранку, якога летась завочна асудзілі на 6 гадоў зняволення, уключылі ў «пералік арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
Адпаведнае рашэнне 3 лютага прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
Зараз у «тэрарыстычным спісе» рэжыму 1234 чалавекі, з іх больш за 500 — беларусы, паведамляе «Вясна».
Крыніца: Радыё Свабода
Акцыі беларусаў замежжа з нагоды бязвыбараў у Беларусі
03 лютага 2025
26 студзеня 2025 года ў Беларусі прайшлі так званыя прэзідэнцкія выбары, падчас якіх Лукашэнка чарговы раз незаконна ўзурпаваў уладу. Выбарчыя камісіі складаліся толькі з прыхільнікаў рэжыму, незалежнае назіранне было забаронена — вынікі такіх «выбараў» былі ўсім вядомы загадзя.
Каля 2 мільёнаў беларусаў і беларусак замежжа пазбавілі права голасу. Каб прыняць удзел у галасаванні нам прапанавалі прыехаць у Беларусь.
У адказ на гэтае ў шматлікіх гарадах і краінах свету адбыліся мерапрыемства супраць бязвыбараў.
Акцыі «Лукашэнка ў шрэдар» ад Народных амбасадаў Беларусі прайшлі ў Любляне, Варшаве, Ніцы, Тэль-Авіве, Сакрамэнта, Таліне , Балонні, Кёльне, Стакгольме, Аўстрыі (Вене, Грацы, Клагенфурце), Лондане, Шарлат. Да акцыі таксама далучыліся чальцы і чаліні Каардынацыйнай Рады.
Розныя бюлетэні з выявамі Лукашэнка з задавальненнем апускалі ў шрэдар і ў Вільні, Брусэлі, Філадэльфіі.
У Варшаве падчас маршу беларусы пранеслі па вуліцах горада вялізарны бел-чырвона-белы сцяг даўжынёй 330 метраў.
Акцыі і мерапрыемствы таксама адбыліся ў Кіеве, Вільні, Чыкага, Празе, Уроцлаве, Клайпедзе, Беластоку, Рызе, Швейцарыі, Любліне, Берліне і інш. гарадах і краінах свету.
Дзякуючы ўсім вам, кожнаму і кожнай, хто не здаецца і не перастае змагацца - галасы беларусаў замежжа чутныя!
Чутныя і ўсяляюць упэўненасць у дэмакратычных краінах, чутныя і грэюць веру вольных духам беларусаў і беларусак у Беларусі, а гэтак жа прымушаюць баяцца няўхільнасці кары за злачынствы дыктатарскага рэжыму і яго паслугачоў.
Пахне Чабор!
Жыве Беларусь!
Крыніца: Беларусы Замежжа
У ПАСЕ аднагалосна прынялі рэзалюцыю па Беларусі
31 студзеня 2025
У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) прайшлі дэбаты па тэме "Вострая неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі". Пасля іх ПАСЕ аднагалосна прыняла рэзалюцыю, у якой не прызнала апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, паведамляе "Люстэрка".
Падчас дэбатаў дакладчык ПАСЕ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Петру нагадаў пра тое, што ў самым сэрцы Еўропы — у Беларусі — існуе дыктатура Аляксандра Лукашэнкі.
— У мінулыя выходныя мы бачылі чарговы фарс пад выглядам выбараў, на якіх зноў выйграў Лукашэнка. Гэты працэс не можа называцца дэмакратычнымі выбарамі. У краіне 1200 палітвязняў, восем з іх знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада. У Лукашэнкі спыталі, чаму ягоныя апаненты або ў турме, або ў выгнанні, ён адказаў, што гэта быў іх выбар, бо яны казалі занадта шмат. І гэта найлепшая характарыстыка таго, што адбываецца ў Беларусі, — сказаў Петру.
Пасля дэбатаў адбылося галасаванне. Рэзалюцыя была прынятая аднагалосна: 79 парламентарыяў прагаласавалі "за", ніхто не выступіў супраць і не ўстрымаўся. Рэзалюцыя асуджае масавыя арышты, катаванні і пераслед грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і не прызнае вынікі выбараў 26 студзеня 2025 года.
ПАСЕ заклікае беларускія ўлады:
неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць рэпрэсіі;
абвясціць амністыю для ўсіх, арыштаваных па палітычных матывах;
спыніць прымяненне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання;
арганізаваць свабодныя і сумленныя выбары пад міжнародным наглядам;
увесці мараторый на смяротнае пакаранне з наступнай яе адменай.
Таксама Парламенцкая асамблея звяртаецца да дзяржаў-сябраў Савета Еўропы з заклікам:
не прызнаваць выбары 26 студзеня 2025 года і адмовіцца лічыць Лукашэнку законным прэзідэнтам;
пашырыць санкцыі супраць рэжыму і яго прыхільнікаў;
расследаваць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і прыцягваць вінаватых да адказнасці;
падтрымліваць беларусаў, вымушаных бегчы з краіны, і не высылаць іх назад, пакуль яны падвяргаюцца рызыцы пераследу;
прыняць меры для абароны беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў ад рэпрэсій рэжыму.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Краіны і міжнародныя арганізацыі, якія не прызналі #бязвыбары2025
30 студзеня 2025
Інфармацыя абноўленая: 30.01
Ужо больш за 30 гадоў Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, бо ўтрымлівае рэжым за кошт масавых рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека. Пасля фальсіфікацыі выбараў 2020 года і жорсткага падаўлення мірных пратэстаў, улада ў Беларусі страціла легітымнасць не толькі для беларусаў, але і для міжнароднай супольнасці. Таму #бязвыбары2025 сталі чарговай нагодай для асуджэння рэжыму з боку дэмакратычных краінаў і міжнародных арганізацыяў.
Вось спіс краінаў і міжнародных арганізацыяў, якія ўжо афіцыйна выказаліся супраць прызнання так званых «выбараў»:
🌍 Краіны:
🇺🇸 ЗША – Дзяржаўны сакратар Энтані Дж. Блінкен; Міжнародны Рэспубліканскі інстытут; Кангрэсмен Біл Кітынг;
🇵🇱 Польшча – Спікер польскага Сената Малгажата Кідава-Блоньска;
🇺🇦 Украіна – Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Георгій Ціхі; заява групы «За дэмакратычную Беларусь»;
🇳🇱 Нідэрланды – Міністр замежных справаў Каспар Вельдкамп;
🇱🇹 Літва – прэзідэнта Гітанас Наўседа, Міністр замежных справаў Кястуціс Будрыс; Прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас;
🇩🇪 Германія – Каардынатар Міністэрства замежных справаў Робін Вагенер; Міністарка замежных справаў Аналена Бербак;
🇨🇿 Чэхія – Палата дэпутатаў Парламента Чэшскай Рэспублікі;
🇪🇪 Эстонія – Міністэрства замежных справаў; Камітэт па замежных справах парламента;
🇮🇸 Ісландыя – Далучылася да заявы Рады міністраў АБСЕ;
🇱🇻 Латвія – Рэзалюцыя Парламента. Міністэрства замежных справаў;
🇳🇴 Нарвегія — Міністэрства замежных справаў;
🇫🇷 Францыя — Міністэрства замежных справаў;
🇨🇦 Канада;
🏢Міжнародныя арганізацыі, інстытуты і палітычныя дзеячы:
Спецыяльны дакладчык ААН (https://nashaniva.com/360028) па правах чалавека;
Еўрапейская народная партыя (ЕНП) Еўрапейскага парламента;
Раберта Метсола, старшыня Еўрапейскага парламента;
Кая Калас, вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, Віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскай камісіі.
Заява міністраў замежных справаў Паўночных і Балтыйскіх краінаў.
Спіс будзе дапаўняцца!
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Упершыню дэлегацыя Каардынацыйнай Рады прыняла ўдзел у сесіі ПАСЕ
30 студзеня 2025
Дэлегацыя Каардынацыйнай Рады Беларусі на мінулым тыдні ўдзельнічала ў сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Галоўнай задачай падчас першых дзён з’яўлялася ўстанаўленне двухбаковага супрацоўніцтва з усімі палітычнымі групамі ПАСЕ.
Дэлегаты правялі сустрэчы з SOC – Сацыялісты, дэмакраты і зялёныя, EPP/CD – група Еўрапейскай народнай партыі, EC/DA – група еўрапейскіх кансерватараў і дэмакратычны альянс, ALDE – Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу, і UEL – група аб’яднаных еўрапейскіх левых.
Падчас гэтых сустрэч спікерка КР і чаліня фракцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”» Анжаліка Мельнікава падкрэсліла важнасць дэмакратычных перамен у Беларусі з мэтай забеспячэння сапраўднай рэгіянальнай бяспекі і дасягнення міру ў рэгіёне. Спікерка таксама адзначыла, што Каардынацыйная Рада як прадстаўнічы орган дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці будзе садзейнічаць працы Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў дасягненні гэтай мэты, выкарыстоўваючы інструменты, якія знаходзяцца ў распараджэнні ПАСЕ.
Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух За Свабоду”» Павел Латушка падчас прэзентацыі акцэнтаваў увагу на прыярытэтным пытанні — садзейнічанні краін-удзельніц Савета Еўропы і іх парламентаў у прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці праз механізмы Міжнароднага крымінальнага суда за злачынствы супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага народа, учыненыя Лукашэнкам.
У сэсіі ПАСЕ таксама прынялі удзел кіраўніца дэлегацыі Аляксандра Мамаева («Еўрапейскі выбар»), Маргарыта Ворыхава («Моладзевы наступ»), Валер Мацкевіч («Еўрапейскі выбар») і Павел Церашковіч («Наша Справа / Беларускія хрысціянскія дэмакраты»).
Крыніца: Каардынацыйная Рада
Выбары*2025. Папярэдняя аналітычная справаздача паводле вынікаў назірання за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
28 студзеня 2025
Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2025 арганізаваная Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніц і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.
ВЫСНОВЫ:
Чарговыя, сёмыя, прэзідэнцкія выбары* у Беларусі адбыліся на фоне глыбокага крызісу правоў чалавека, выкліканага рэпрэсіямі, што пачаліся пасля мірных пратэстаў супраць фальсіфікацый на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах. Улады працягваюць адвольна пераследаваць паводле палітычных падставаў кандыдатаў, сябраў выбарчых штабоў ды ініцыятыўных груп, назіральнікаў, актывістаў і проста неабыякавых грамадзян, якія паставілі свой подпіс за вылучэнне незалежных прэтэндэнтаў у кандыдаты на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. Прызначэнне выбараў на 26 студзеня 2025 г., за 6 месяцаў да чаканай даты іх правядзення (і за 7 дзён да крайняга тэрміну рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты), сведчыць аб інструменталізацыі электаральных працэдур і маніпуляцыі заканадаўствам. Па сутнасці, улады падагналі дату выбараў пад палітычныя задачы, тым самым парушыўшы выбарчае заканадаўства з пункту гледжання роўнасці магчымасцяў кандыдатаў і прынцыпу прадказальнасці выбараў, прадугледжанага міжнароднымі стандартамі ў галіне выбараў.
Праведзены кампаніяй "Праваабаронцы за свабодныя выбары" маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі дазваляе зрабіць выснову, што выбары прэзідэнта не адпавядалі міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэннямі Выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Усе этапы выбарчага працэсу не проста кантраляваліся ўладамі адміністрацыйна, а былі імі арганізаваныя для ўтрымання Аляксандрам Лукашэнкам улады пры імітацыі яго шырокай народнай падтрымкі. Пра гэта сведчаць:
поўны ўціск права на свабоднае выказванне меркаванняў, свабоду мірных сходаў, свабоду асацыяцый ды іншых правоў чалавека, без [належнай рэалізацыі] якіх немагчыма казаць пра свабодныя і дэмакратычныя выбары;
непразрыстае фармаванне выбарчых камісій;
узгодненыя ўладамі кандыдаты, якія пабудавалі свае перадвыбарныя праграмы не на крытыцы палітыкі А. Лукашэнкі, а на яго поўнай падтрымцы (за выключэннем Г. Канапацкай);
збор подпісаў, накіраваны на стварэнне бачнасці падтрымкі толькі А. Лукашэнкі (заяўлены збор подпісаў больш за траціну ўсіх выбаршчыкаў), пры выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу, бо спісы адкрытыя і адмова ад подпісу магла стаць падставай для палітычнага пераследу;
агітацыя, пры якой усе кандыдаты акрамя А. Лукашэнкі былі практычна нябачныя ў інфармацыйнай прасторы, а ў падтрымку А. Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс для імітацыі палітычнай актыўнасці і шырокай падтрымкі, што практычна можна назваць абслугоўваннем культу А. Лукашэнкі;
працяг практыкі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні;
атмасфера запалохвання з забаронамі на фатаграфаванне і вынас бюлетэняў, дзяжурствам некалькіх супрацоўнікаў міліцыі на ўсіх участках для галасавання;
непразрыстая працэдура падліку галасоў;
заяўленыя рэкордныя лічбы яўкі (85,7%), у тым ліку на датэрміновым галасаванні (41,81%), якія перавышаюць дадзеныя 2020 г. (84,38% і 41,70% адпаведна), калі ўзровень палітызацыі і мабілізацыі грамадства быў значна вышэйшы, што было відавочна па чэргах на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасавання;
поўная адсутнасць незалежных назіральнікаў.
Правядзенне свабоднай і адкрытай выбарчай кампаніі немагчымае ў сітуацыі палітычнага тэрору: спіс палітычных зняволеных штотыдзень папаўняецца і ў ім стабільна больш за 1200 чалавек. Інфармацыйная прастора цалкам зачышчаная; практычна ўсе незалежныя СМІ выціснутыя з краіны, а распаўсюд іх матэрыялаў з-за мяжы значна ўскладнены палітычна матываваным злоўжываннем антыэкстрэмісцкім заканадаўствам. "Дзяржаўная ідэалогія" абслугоўвае культ аўтарытарнага праўлення А. Лукашэнкі. У публічным полі няма прызнання важнасці палітычнага плюралізму. Фактычна ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі ды палітычныя грамадскія арганізацыі, а іх лідары ды многія актывісты асуджаныя да пазбаўлення волі або былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз пагрозы адвольнага, палітычна матываванага пераследу. Рэпрэсіўны ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва на праваабарончыя арганізацыі, ды іх масавая ліквідацыя, выключаюць грамадзянскі кантроль за правядзеннем выбараў. Незалежнае грамадзянскае назіранне за выбарамі ўнутры краіны адсутнічае; з міжнародных назіральнікаў запрошаныя толькі палітычна ангажаваныя.
Выбарчыя камісіі
Агульныя ўмовы і рэальная працэдура фармавання тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій (ТВК і УВК), што з'яўляюцца важным механізмам выбарчага працэсу, прадэманстравалі дзяржаўны дырыжызм усіх выбарчых працэсаў пры імітацыі актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці, што дало поўны кантроль дзеючай выканаўчай уладзе над сфармаванымі камісіямі.
Фармаванне ТВК і УВК праходзіла ва ўмовах, калі сярод двух ключавых актараў грамадзянскай супольнасці – палітычных партый ды іншых грамадскіх аб'яднанняў – не засталося арганізацый, якія маглі б выявіць незалежную ініцыятыву. Успадкаваныя з савецкіх часоў "працоўныя калектывы" не з'яўляюцца палітычнымі суб'ектамі і выбарчыя працэсы ад іх імя арганізоўваліся адміністрацыйнымі метадамі. Грамадзяне, таксама надзеленыя правам удзелу ў фармаванні тэрытарыяльных выбарчых камісій, запалоханыя агульнай атмасферай тэрору; супраць людзей, якія паказвалі актыўнасць у мінулыя выбарчыя цыклы, ужываюцца прэвентыўныя рэпрэсіі.
Магчымасці грамадскага кантролю, незалежнага назірання за працэсам фармавання ТВК і УВК не проста зведзеныя да нуля, але з'яўляюцца дзейнасцю, якая пераследуецца.
На карысць адміністрацыйна-каманднага кіравання ўсім працэсам сведчыла і агульная спешка: 1,725 чалавек нібыта былі вылучаныя партыямі, грамадскімі аб'яднаннямі, працоўнымі калектывамі і грамадзянамі ўсяго за 1 тыдзень у колькасці, неабходнай для фармавання фактычна ўсіх ТВК у максімальным складзе.
Агулам было ўтворана 5325 УВК (на 86 менш, чым у адзіны дзень галасавання 2024 г., і на 398 менш, чым на прэзідэнцкіх выбарах 2020 г. (даныя без уліку ўчасткаў за мяжой у 2020 г.)). У іх склад увайшло 56 550 чалавек. Скарачэнне колькасці УВК пры невялікім павелічэнні сярэдняй колькасці сябраў камісій азначае, што скарочаныя малалікія ўчасткі, то-бок гэты працэс можна ахарактарызаваць як узбуйненне выбарчых участкаў; такая аптымізацыя адлюстроўвае дэмаграфічныя працэсы, але можа ставіць пытанне фізічнай дасягальнасці ўчасткаў;
Публічна дасягальная была толькі мінімальная інфармацыя як аб магчымасцях вылучэння ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, так і аб пасяджэннях органаў, якія ўтвараюць камісіі, а таксама іх выніках: працэс правядзення пасяджэнняў заставаўся непразрыстым і неканкурэнтным. Пайменныя спісы членаў камісій па-ранейшаму не публікаваліся.
Ключавым рэсурсам выканаўцаў, якія забяспечваюць правядзенне выбараў* на ўзроўні ТВК і УВК (акрамя пакінутых пасля перарэгістрацыі чатырох палітычных партый, усе з якіх падтрымліваюць курс дзеючай улады), застаюцца пяць найбуйнейшых грамадскіх аб'яднанняў (БРСМ, Белая Русь, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Фонд міру), 4 з якіх маюць з 2023 г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы, і прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ. Працэнт "праходнасці" кандыдатаў ад гэтых праўладных партый і грамадскіх аб'яднанняў, якія імітуюць грамадзянскую супольнасць, сумесна фармуюць 63% складаў усіх ТВК, імкнуўся да 100%; ва УВК прадстаўнікі грамадзян занялі 29,1% месцаў; прадстаўнікі 4 палітычных партый – 9,8%; прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў – 49,4%; прадстаўнікі працоўных калектываў – 11,7%;
Прыкметная асаблівая роля праўладных прафсаюзаў, якія атрымалі 15,7% месцаў ва УВК, што пацвярджае ролю прафсаюзаў як адной з асноўных крыніц "працоўных рук" для парушэння выбарчага заканадаўства і пры гэтым стварэння карцінкі дэмакратычнага працэсу.
Ненатуральна выглядалі паводзіны палітычных партый: лідары 3 з 4 партый, якія засталіся ў Беларусі, зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, і было б лагічна бачыць актыўную гатоўнасць запоўніць УВК сваімі прадстаўнікамі, але гэтыя 3 партыі сукупна вылучылі толькі 4,3% ад агульнай колькасці вылучаных прадстаўнікоў. Такія паказчыкі падкрэсліваюць імітацыйны характар удзелу палітычных партый ды іх лідараў у гэтых выбарах*; іх асноўная роля – забеспячэнне легітымацыі працэдуры праз стварэнне карцінкі альтэрнатыўнасці і дэмакратычнасці
У сітуацыі татальнай зачысткі грамадзянскай актыўнасці асабліва сумнеўнай з'яўляецца заяўленая нізавая актыўнасць грамадзян, якія нібыта вылучылі больш за 16,5 тысяч прадстаўнікоў у сябры УВК, якія сабралі подпісы як мінімум 10 чалавек у падтрымку свайго вылучэння.
Такім чынам, улічваючы атмасферу агульнай запалоханасці, адсутнасць эфектыўнага інфармавання і вельмі сціснутыя тэрміны, можна канстатаваць, што ў актыўных грамадзян фактычна адсутнічала магчымасць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад ТВК і УВК. Мэта этапу фармавання выбарчых камісій была хутчэй супрацьлеглая: правесці яго як мага хутчэй і цішэй.
Захавалася гендарная дыспрапорцыя: доля жанчын (74,8%) у складзе УВК значна перавышае долю мужчын.
Трэцюю выбарчую кампанію заканадаўства дазваляе не публікаваць пайменныя спісы сябраў УВК. Гэта значна ўскладняе магчымасць ацаніць спецыфіку складу УВК, у прыватнасці тое, наколькі захоўваўся звычайна практыкаваны "вытворчы прынцып" фармавання выбарчых камісій, калі сябры камісіі лічацца прадстаўнікамі розных суб'ектаў (партыі, грамадзяне, грамадскія аб'яднанні), але набраныя з аднаго працоўнага калектыву, а іх непасрэдныя начальнікі з'яўляюцца кіраўнікамі гэтых выбарчых камісіяў;
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў
Захоўваецца рэпрэсіўная атмасфера пагрозаў, нагнятання страху, ціску і рэпрэсій у сувязі з любой несанкцыянаванай уладамі грамадзянскай актыўнасцю. "Прафілактычныя гутаркі", паўторныя затрыманні людзей, якія паказвалі актыўнасць у перыяд папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі 2020 г., спалучаюцца з дэманстрацыяй гатоўнасці жорстка задушыць любыя праявы нелаяльнасці ў дадзенай выбарчай кампаніі. Гэтая атмасфера страху негатыўна ўплывала на шанцы "здаровых" паводзін выбаршчыкаў – якія бачылі рэпрэсіўныя наступствы прастаўлення подпісаў за альтэрнатыўных А. Лукашэнку кандыдатаў у 2020 годзе і не хацелі рызыкаваць, ставіць подпісы за каго б там ні было ў перыяд збору подпісаў у канцы 2024 г.;
Заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты падалі 11 чалавек (у 2020 г. — 55). ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп Дзіяны Кавалёвай (у сувязі з недастатковай колькасцю сябраў ініцыятыўнай групы), Аляксандра Драздова і Віктара Куляша (у сувязі з невыкананнем патрабаванняў па спісе сябраў ініцыятыўнай групы), Юрыя Губарэвіча (у сувязі з накіраваннем дакументаў па электроннай пошце, што не прадугледжана выбарчым заканадаўствам).
ЦВК зарэгістравала 7 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты — Аляксандра Лукашэнкі (дзеючага прэзідэнта), Алега Гайдукевіча (старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі), Аляксандра Хіжняка (старшыні Рэспубліканскай партыі труда і справядлівасці), Вольгі Чамаданавай (начальніцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама), Ганны Канапацкай (індывідуальнай прадпрымальніцы), Сяргея Бобрыкава (старшыні Рэспубліканскага савета грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў"), Сяргея Сыранкова (першага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі). Пазней было абвешчана, што В. Чамаданава і С. Бобрыкаў падалі заявы аб спыненні працы сваіх ініцыятыўных груп. Ніхто з гэтых кандыдатаў не вылучыўся як відавочная альтэрнатыва А. Лукашэнку, хутчэй за ўсе яны былі запланаваныя як "спарынг-партнёры", якія мусілі забяспечыць фармальную альтэрнатыўнасць у бюлетэні.
Захаванне ў заканадаўстве дазволу збіраць подпісы на тэрыторыях прадпрыемстваў і ўстаноў ўмацавала механізм адміністрацыйна-каманднага прымусу да падпісання ў падтрымку А. Лукашэнкі і ў некаторых выпадках паралельна А. Хіжняка і, верагодна, іншых "спарынг-партнёраў". Зборшчыкі подпісаў часта не прад'яўлялі дакументы, інфармацыя для падпісных аркушаў падавалася аддзеламі кадраў бюджэтных устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў.
Збор подпісаў прайшоў з сур'ёзнымі парушэннямі стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, у атмасферы запалохвання і прымусу. Дэ-факта ўлады рабілі актыўныя дзеянні па папярэджанні любой патэнцыйнай не санкцыянаванай "зверху" грамадзянскай актыўнасці. Працэс збору подпісаў выключаў роўнасць кандыдатаў і быў накіраваны на забеспячэнне карцінкі падтрымкі толькі аднаго кандыдата, А. Лукашэнкі, з традыцыйным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і прымусу выбаршчыкаў да падпісання за яго вылучэнне кандыдатам. Дадзены этап з'яўляецца самым празрыстым для выканаўчай вертыкалі, калі ўсе прастаўленыя подпісы і адмова іх праставіць мог стаць падставай для палітычна-матываванага пераследу.
ТВК пацвердзілі збор неабходных 100 тысяч подпісаў усімі пяццю прэтэндэнтамі. Праверка подпісаў, як і раней, адбывалася непразрыста і ў вельмі сціснутыя тэрміны, што выклікае абгрунтаваныя сумневы ў праўдзівасці агучаных лічбаў.
Часткай фактычна агітацыйнай кампаніі, закліканай легітымаваць ідэю шырокай падтрымкі выбаршчыкамі А. Лукашэнкі ўжо на гэтым этапе, з'яўлялася рэкордна высокая колькасць заяўленых подпісаў і розніца паміж нібыта сабранымі подпісамі ў яго падтрымку (больш за 2,5 млн. подпісаў, каля 35% усіх выбаршчыкаў) і подпісамі, сабранымі іншымі кандыдатамі (у межах 112-134 тысячы). Асаблівая роля была адведзена дзяржаўным і праўладным медыя-рэсурсам, асабліва раённым газетам, якія факусаваліся на фактычнай агітацыі за А. Лукашэнку.
ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі і выдаў пасведчанні аб рэгістрацыі 5 прэтэндэнтам: Алегу Гайдукевічу, Ганне Канапацкай, Аляксандру Лукашэнку, Сяргею Сыранкову і Аляксандру Хіжняку на наступны ж дзень пасля пачатку этапу рэгістрацыі, то-бок гэта самая хуткая рэгістрацыя за гісторыю правядзення прэзідэнцкіх выбараў.
Агітацыя
У межах этапу агітацыі павінна была весціся палітычная барацьба паміж кандыдатамі ў прэзідэнты, аднак у сітуацыі імітацыі канкурэнтнасці (большасць кандыдатаў не пазіцыянавалі сябе як рэальную альтэрнатыву А. Лукашэнку, а хутчэй агітавалі за яго, што добра адлюстравана ў заяве С. Сыранкова: "Не вместо, а вместе"), дзеянні ўсіх кандыдатаў, акрамя А. Лукашэнкі, які карыстаўся адміністрацыйным рэсурсам, былі практычна не заўважныя для шырокай аўдыторыі.
Патрабаванні выбарчага заканадаўства па забеспячэнні публікацыі перадвыбарных праграм і вылучэння эфірнага часу на дзяржаўным радыё і тэлебачанні былі выкананыя, аднак не даводзіцца казаць аб роўнасці кандыдатаў у выкарыстанні СМІ; фармальна праводзіліся тэледэбаты (А. Лукашэнка, як заўсёды, адмовіўся ў іх удзельнічаць). Некаторыя выступы кандыдатаў (А. Гайдукевіч, С. Сыранкоў) утрымлівалі прыкметы распальвання варожасці, забароненай арт. 47 Выбарчага кодэкса.
Перадвыбарная агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: у падтрымку А. Лукашэнкі быў задзейнічаны адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і дзяржаўных СМІ. Мы можам вылучыць некалькі механізмаў такога злоўжывання: 1) выкарыстанне адміністрацыйных і інфармацыйных магчымасцяў, якія прыкладаюцца да пасады прэзідэнта, як частка агітацыйнай кампаніі А. Лукашэнкі; 2) акцыі ў межах "Марафону адзінства" і раскрутка лозунга "Время выбрало нас!"; 3) Кампанія (флэшмоб) "Надо!"; 4) інфармаванне аб выбарах агулам, якое выкарыстоўваецца для схаванай агітацыі на карысць А. Лукашэнкі; 5) сустрэчы давераных асоб А. Лукашэнкі, многія з якіх з'яўляюцца службовымі асобамі, з прадстаўнікамі працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, у тым ліку ў працоўны час.
Свядома падтрымоўваная невыразная мяжа паміж выкананнем дзяржаўных абавязкаў і агітацыяй дазволілі А. Лукашэнку сумяшчаць афіцыйныя мерапрыемствы з фактычнай агітацыяй, карыстаючыся прывілеямі шырокага інфармацыйнага абслугоўвання пасады прэзідэнта за дзяржаўны кошт; таксама прынятае А. Лукашэнкам ў афіцыйнай якасці прэзідэнта рашэнне аб павышэнні пенсій падчас выбараў, можа разглядацца як подкуп выбаршчыкаў і з'яўляецца формай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу.
Маштабная прапагандысцкая кампанія "Марафон адзінства", якая доўжылася 4 месяцы, забяспечаная дзяржаўным фінансаваннем (сума выдаткаў ацэньваецца ў больш чым 3,5 млн рублёў), фактычна была перадвыбарнай кампаніяй А. Лукашэнкі. Лозунг перадвыбарнай кампаніі А. Лукашэнкі "Время выбрало нас!" прасоўваўся з дапамогай УНС, "Марафону адзінства", штодзённага "гістарычнага" тэлепраекта "Время выбрало нас!" на тэлеканале Беларусь 1.
Імітацыя палітычнай актыўнасці і шырокай народнай падтрымкі, а таксама дадатковыя рэсурсы на агітацыю былі атрыманыя А. Лукашэнкам дзякуючы флэшмобу "Надо!", які падаваўся як стыхійная кампанія падтрымкі А. Лукашэнкі, але меў прыкметы арганізаванага мерапрыемства, больш за тое, мерапрыемства, да ўдзелу ў якім прымушаюць.
Гэтак жа як і на выбарах*2024, адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы пра выбары падмянялі сабой жывы палітычны працэс. Але нават у межах такіх "агульных" словаў пра важнасць выбараў і пра абавязак выбаршчыкаў узяць удзел у выбарах (з акцэнтам на датэрміновым галасаванні, які захоўваўся), знаходзілася месца для ўскоснай агітацыі за А. Лукашэнку (заявы аб правільнасці "абранага курсу" і неабходнасці падтрымліваць "нацыянальнага лідара").
У адсутнасць незалежных назіральнікаў і дастатковай празрыстасці працэсу паступлення і расходавання сродкаў у выбарчых фондах кандыдатаў, ажыццявіць паўнавартаснае назіранне за фінансавым бокам выбараў немагчыма. Пры гэтым, афіцыйна заяўленыя выдаткі ўсіх кандыдатаў (уключна з А. Лукашэнкам) істотна ніжэй вызначанага ліміту ў 420 000 руб. Нават сума, выдаткаваная з фонду А. Лукашэнкі (105.588,87 руб.), відавочна малая для разгортвання паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі па ўсёй краіне.
Галасаванне і вынікі
Пасля шырока аспрэчаных вынікаў папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, А. Лукашэнку было важна паказаць падтрымку выбаршчыкаў і тым самым легітымаваць сваё знаходжанне ва ўладзе. Яўка ў традыцыях аўтарытарнай дзяржавы разглядаецца як доказ легітымацыі нароўні з набранымі галасамі. Верагодна, важнай задачай дэманстрацыі "перагорнутай старонкі", г. зн. утрымання кантролю над краінай, з'яўляюцца паказчыкі і па яўцы, і па выніку больш, чым на выбарах 2020 г.
Улады прыкладвалі намаганні для арганізацыі рэальнай яўкі (выкарыстоўваючы адміністрацыйны ціск), але яшчэ больш інтэнсіўна арганізоўвалася інфармацыйная карцінка масавай актыўнасці выбаршчыкаў (інфармацыйныя мерапрыемствы вакол выбараў* ды іх медыйнае асвятленне актыўна стваралі "атмасферу свята" і масавай падтрымкі А. Лукашэнкі).
Як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, датэрміновае галасаванне мела адміністрацыйна-мабілізацыйны, прымусовы і справаздачны характар. Нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс вызначае датэрміновае галасаванне як экстраардынарныя захады, якія павінны выкарыстоўвацца пры немагчымасці выбаршчыка прагаласаваць у асноўны дзень, улады заклікалі і прымушалі галасаваць датэрмінова; афіцыйная яўка выбаршчыкаў на датэрміновае галасаванне склала рэкордныя 41,81% (48,8% ад усіх тых, хто прагаласаваў).
Выбары*2025 праходзілі ва ўмовах узмоцненай і відавочна празмернай прысутнасці сілавых структур: на ўсіх участках для галасавання знаходзілася некалькі супрацоўнікаў міліцыі, было ўстаноўлена відэаназіранне і "трывожныя кнопкі" для сябраў камісій, участкі былі абсталяваныя адкрытымі кабінкамі, якія дазваляюць сачыць за тым, што ў іх адбываецца.
Асноўнае парушэнне выбарчага заканадаўства, пра якое актыўна папярэджвалі ўсе задзейнічаныя ў інфармацыйным абслугоўванні выбарчай кампаніі, і факты якія актыўна агучваюцца — фатаграфаванне бюлетэня (менавіта фатаграфаванне бюлетэняў у 2020 г. дазволіла выявіць факты масавай фальсіфікацыі вынікаў выбараў).
Папярэднія вынікі галасавання па ўсёй краіне былі агучаныя ЦВК праз 6 гадзін пасля закрыцця ўчасткаў.
Падлік галасоў па-ранейшаму насіў непразрысты характар, даныя па выбарчых участках не апублікаваныя.
Пры нібыта вялікай адкрытасці ЦВК і наяўнасці інфармацыі па выбарах на яе сайце і аператыўнага інфармавання ў тэлеграм-канале, ніякія даныя не прадастаўляюцца ЦВК у машыначытальным выглядзе (усе табліцы пададзеныя ў выглядзе pdf файлаў); многія даныя ЦВК змяняе, не паказваючы на факт іх карэкціроўкі.
Файлы
spravazdacha_2025_papiaredniaja_by.pdf (1.15 Mb)
Крыніца: ПЦ "Вясна"
«Ізалюйце Лукашэнку, але падтрымлівайце беларусаў»
27 студзеня 2025
Святлана Ціханоўская выступіла перад міністрамі замежных справаў Еўрапейскага Саюза ў Бруселі па запрашэнні вярхоўнай прадстаўніцы ЕС па замежных справах Каі Калас і пры ўдзеле камісаркі ЕС па пытаннях пашырэння Марты Кос. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся непрызнанне бязвыбараў і Лукашэнкі, мірныя перамовы па Украіне, візавыя і легалізацыйныя пытанні, а таксама падтрымка грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сілаў Беларусі.
Ад імя ЕС Кая Калас і Марта Кос выступілі з заявай аб непрызнанні «выбараў» і легітымнасці Лукашэнкі. Асобныя заявы зрабілі больш за 15 краінаў ЕС, а супольную заяву апублікавала Паўночна-Балтыйская «васьмёрка» (NB8).
У выступе Ціханоўская заклікала:
📌 У выпадку мірных перамоваў па Украіне дамагацца вываду расійскіх войскаў і неўмяшання Расіі ў беларускія справы, каб Беларусь не стала «суцяшальным прызам» для Расіі. Лукашэнка прадстаўляе інтарэсы Расіі, а не Беларусі.
📌 Прыкласці ўсе магчымыя палітычныя і дыпламатычныя намаганні для вызвалення палітвязняў. Узмацніць ціск і санкцыі з патрабаваннем спынення рэпрэсіяў.
📌 Пашырыць і ўмацаваць санкцыі супраць арганізацыяў, якія аказваюць ваенную падтрымку Расіі і фінансуюць рэпрэсіі.
📌 Увесці пакет санкцыяў за парушэнні правоў чалавека, супраць суддзяў, прапагандыстаў, сілавікоў і чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі і арганізацыю «выбараў».
📌 Павялічыць дапамогу незалежным СМІ, праваабаронцам, грамадзянскай супольнасці, ахвярам рэпрэсіяў і іх сем’ям, а таксама культурніцкім ініцыятывам.
📌 Падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд і міжнародную платформу для збору доказаў злачынстваў рэжыму.
📌 Забяспечыць дакументы для падарожжаў для беларусаў, якія засталіся без пашпартоў. Спрасціць працэдуры атрымання візаў і дазволаў на пражыванне для беларусаў. Разглядзець магчымасць надання статусу новаму беларускаму пашпарту.
📌 Падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (ICC).
📌 Паказаць беларусам, што Еўропа прапануе альтэрнатыву «рускаму свету», і ўключыць дэмакратычную Беларусь у праграмы Усходняга партнёрства.
Падчас сустрэчы міністры замежных справаў выказаліся ў падтрымку беларускага народа і дэмакратычных сілаў, адзначылі неабходнасць рашучай і прынцыповай пазіцыі па Беларусі, а таксама падкрэслілі важнасць адрознівання Беларусі ад Расіі.
Сярод іх міністры замежных справаў:
🇱🇹Літвы – Кястуціс Будрыс;
🇵🇱Польшчы – Радаслаў Сікорскі;
🇸🇪Швецыі – Марыя Мальмер Стэнергард;
🇳🇱Нідэрландаў – Каспар Вельдкамп;
🇱🇻Латвіі – Байба Бражэ;
🇮🇪Ірландыі – Сайман Харыс;
🇧🇪Бельгіі – Бернард Квінтын;
🇪🇪Эстоніі – Маргус Цахкна.
Святлана Ціханоўская: «Мы вельмі ўдзячныя Каі Калас, Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіі і ўсім міністрам за паслядоўную палітыку ў дачыненні да Беларусі і падтрымку беларускага народа. Я ўпэўненая, што Беларусь можа стаць і стане гісторыяй поспеху, надзейным саюзнікам, партнёрам і суседам для ЕС».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Мы вернем сабе краіну і абавязкова вернемся дадому!»
26 студзеня 2025
У Варшаве адбыўся марш супраць #бязвыбары2025. Разам з беларусамі Святлана Ціханоўская прайшла па вуліцах польскай сталіцы, а пасля выступіла з прамовай, у якой падкрэсліла непахіснасць нашага народа ў барацьбе за свабоду і нагадала: пакуль мы разам – мы ўсё адолеем.
«Тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, называлі ўжо рознымі словамі. Фарс, камедыя, спецаперацыя.
Я думаю, што адно з самых трапных азначэнняў гэтага ўсяго – здзек. Здзек над выбарчай працэдурай і самой ідэяй выбараў. Здзек над беларускім народам і міжнароднай супольнасцю.
Мы ўжо сказалі яму сваё цвёрдае «не» чатыры гады таму. І сёння ў адказ на ягоную бязвыбарчую клаўнаду можам толькі гэта паўтарыць.
Пакуль мы разам – мы ўсё адолеем. Мы ўсе беларусы. Не дамо нас зняверыць. Мы вернем сабе нашую краіну і абавязкова вернемся дадому.
Жыве Беларусь!».
Падчас прамовы ўдзельнікі маршу разам ушанавалі памяць усіх беларускіх добраахвотнікаў і палітвязняў, якія загінулі ад рук лукашэнкаўскага і пуцінскага рэжымаў хвілінай маўчання.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
гістарычны дзень для дэмакратычнай Беларусі
22 студзеня 2025
Прыняцце Сенатам Рэспублікі Польшча Рэзалюцыі па пытанні аб несумленных выбарах у Беларусі — гэта падзея, якая ўвойдзе ў гісторыю нашай краіны і барацьбы нашага народа і дэмакратычных сіл, якія яго прадстаўляюць, за свабоду і дэмакратыю.
Упершыню ў нашай сучаснай гісторыі верхняй палатай нацыянальнага парламента замежнай дзяржавы — Сенатам Польшчы — прадстаўнічы орган беларускіх дэмакратычных сіл — Каардынацыйная Рада — быў прызнаны беларускім парламентам на эміграцыі.
Гэта ўжо зафіксаваны факт. І гэты факт, гэтая падзея ўвойдзе ў падручнікі гісторыі дэмакратычнай Беларусі.
Акрамя таго, дадзенай Рэзалюцыяй польскі Сенат дэкларуе гатоўнасць да супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Каардынацыйнай Рады.
Для мяне асабіста няма лепшага адказу ўсім тым, хто абраў шлях барацьбы не з дыктатурай Лукашэнкі, а са створанымі, дзейнымі і прызнанымі дэмакратычнымі краінамі інстытутамі беларускіх дэмакратычных сіл.
Разам з тым, для ўсіх нас, прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і іншых арганізацый і структур беларускіх дэмсіл і грамадзянскай супольнасці, гэтая падзея павінна стаць велізарнай матывацыяй працягваць актыўную барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, развіваць і ўмацоўваць нашыя інстытуты, іх прызнанне і ўплыў на міжнароднай арэне.
І мы ўжо гэта робім і дабіваемся сур'ёзных поспехаў. Раней Каардынацыйная Рада як прадстаўнічы орган была прызнаная партнёрам для супрацоўніцтва Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы. І ўжо хуткім часам дэлегацыя Каардынацыйнай Рады, у якую я маю гонар уваходзіць, адправіцца ў Страсбург на першую сесію ПАРЕ 27-31 студзеня, каб таксама ўпершыню ў гісторыі прадстаўляць Беларусь на такім высокім узроўні.
Я віншую калег па Каардынацыйнай Радзе і ўсім дэмакратычным руху з гэтымі найважнейшымі падзеямі ў нашай гісторыі, якую мы ствараем разам. Не хачу гучаць пафасна, але нам сапраўды выпала гістарычная місія і мы абавязаны весці нашу барацьбу да дасягнення нашай агульнай мэты – свабоднай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі.
Жыве Беларусь!
Крыніца: НАУ
Літва пакінула выключэнні на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі на бестэрміновы час
17 студзеня 2025
Літва пакінула выключэнні на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі на бестэрміновы час. Згодна з новымі правіламі, беларусы з візамі ці відамі на жыхарства змогуць уязджаць у краіну на сваіх аўтамабілях. Уезд дазволены і грамадзянам Еўрасаюза на аўтамабілях, зарэгістраваных у Беларусі, але толькі для асабістага карыстання.
Юрыдычныя асобы і грамадзяне Беларусі, якія плануюць выкарыстоўваць аўтамабілі ў камерцыйных мэтах, абавязаныя перарэгістраваць транспарт і паставіць літоўскія нумары. За парушэнні гэтага рэгламенту прадугледжаны штрафы і канфіскацыя аўтамабіля.
Святлана Ціханоўская:
«Мы ўдзячныя ўраду Літвы, што пайшлі насустрач нашым прапановам і змякчылі абмежаванні. Для нас вельмі важна, каб пасажырскія злучэнні паміж Літвой і Беларуссю заставаліся, як заставаліся і кантакты паміж людзьмі. Варта памятаць, што ізаляваць трэба не людзей, а рэжым».
Акрамя таго, адтэрміноўку пракаментаваў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкаму супрацоўніцтву і Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька:
«Нашае супрацоўніцтва з Сеймам Літвы, спікерам Сейма Сквярнялісам і парламенцкай групай «За дэмакратычную Беларусь» дала вынік. Пакуль гэта прамежкавае рашэнне, але яно дазваляе працягваць кансультацыі з літоўскім бокам».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская абмеркавала сітуацыю з палітвязнямі з намеснікам дзяржсакратара ЗША
16 студзеня 2025
Увечары 16 студзеня беларуская лідарка правяла тэлефонную размову з намеснікам дзяржаўнага сакратара ЗША Куртам Кэмпбэлам.
Дыялог датычыўся апошніх навінаў пра беларускіх палітвязняў – і магчымых крокаў, якія могуць спрыяць іх вызваленню.
Акрамя гэтага, бакі абмеркавалі:
📌 працяг Стратэгічнага дыялогу паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і ЗША;
📌 супрацоўніцтва з новай адміністрацыяй ЗША;
📌 пашырэнне міжнароднага ўзаемадзеяння;
📌 праграмы абменаў і стыпендыяў для беларусаў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2024 годзе
15 студзеня 2025
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» на канец 2024 года вядома пра 6 550 асуджаных да розных відаў пакарання паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, 1 380 з іх — жанчыны. У мінулым годзе былі асуджаныя 1 721 чалавек, з іх 480 жанчын.
На канец снежня 2024 года ў Беларусі ў месцах зняволення знаходзіліся 1 265 палітвязняволеныя, з іх 168 — жанчыны. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3697 чалавек, з іх 680 жанчын.
У калоніі ўтрымліваецца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.
Па даных «Вясны», летась з рознымі відамі рэпрэсій, звязанымі з крымінальным ці адміністрацыйным пераследам (арыштамі, допытамі, ператрусамі) сутыкнуліся не менш за 8 895 чалавек. Чвэрць рэпрэсаваных — жанчыны. Судамі вынесена не менш за 5 890 адміністрацыйных пастановаў.
Палітычных зняволеных утрымліваюць у асабліва жорсткіх умовах, пад асабліва строгім кантролем, на іх накладаюцца не прадугледжаныя законам абмежаванні; у выніку многія палітвязні ў дысцыплінарным парадку пазбаўлены належных па законе пасылак, перадач, у тым ліку з лекамі, спатканняў з роднымі, мужам ці жонкай, а таксама адвакатамі; перапіска палітвязняў адвольна абмежавана. Больш за 10 палітвязняў утрымліваюць у рэжыме інкамунікада. Чацвёра палітвязняў памерлі ў калоніях і СІЗА.
Палітвязні падвяргаюцца прымусовай малааплатнай працы; пасля вызвалення па адбыцці пакарання, палітвязні трапляюць пад строгі кантроль, які выходзіць за межы звычайнага нагляду за вызваленымі асуджанымі; правы асуджаных дадаткова абмяжоўваюцца наступствамі ўключэння ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Суды працягваюць функцыянаваць у якасці інструмента рэпрэсій у дачыненні да фігурантаў палітычна матываваных адміністрацыйных, крымінальных і грамадзянскіх спраў.
Колькасць НДА ў Беларусі скарачаецца, дзейнасць многіх асацыяцый адвольна крыміналізуецца ўладамі.
Працягваецца пераслед за мірнае выказванне меркаванняў, а таксама пад выглядам барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам і абароны інтарэсаў нацыянальнай бяспекі.
Узмацніліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў.
Улады Беларусі па-ранейшаму здзяйсняюць катаванні і ўжываюць забароненае абыходжанне ў дачыненні да іншадумцаў і прадстаўнікоў апазіцыі; няма выпадкаў расследавання і прыцягнення да адказнасці на нацыянальным узроўні асобаў, вінаватых у шырокамаштабных катаваннях і іншых найгрубейшых парушэннях правоў чалавека ў жніўні 2020 года і ў наступныя гады.
Дыскрымінацыя ў розных сферах захоўваецца, дзяржава не робіць захадаў па яе недапушчэнні.
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прадставіла экспертную ацэнку выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя Саветы дэпутатаў, а таксама ажыццяўляе назіранне за выбарамі прэзідэнта, прызначанымі на 26 студзеня 2025 года.
Больш падрабязна па спасылцы.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Пашпарт Новай Беларусі: адказваем на самыя актуальныя пытанні
14 студзеня 2025
Падчас івэнту ў Варшаве 26 студзеня дэмакратычныя сілы плануюць зрабіць прэзентацыю пашпарта Новай Беларусі. Але ўжо сёння можна атрымаць адказы на самыя папулярныя пытанні, якія з’явіліся за час існавання праекта: хто і як будзе друкаваць пашпарты, колькі гэта будзе каштаваць і ці прызнаюць іх замежныя дзяржавы.
📌 Што з прызнаннем замежнымі дзяржавамі?
«Мы толькі атрымалі ўзоры ад пашпартнага цэнтра. Без гэтага мы не маглі весці перамовы пра статус пашпарта. Безумоўна, ёсць вялікая цікавасць з боку замежных палітыкаў: ужо размаўлялі з шэрагам міністраў, цяпер мае быць падрыхтавана дадатковае юрыдычнае абгрунтаванне. Пашпартны цэнтр ужо пераслаў узоры ва ўсе еўрапейскія краіны».
📌 Што з абаронай персанальных дадзеных?
«Беларускі пашпартны цэнтр будзе адказваць за захаванасць дадзеных. Усё будзе зроблена па вышэйшых міжнародных стандартах. Доступ да дадзеных будзе строга абмежаваны, і ніхто не зможа даведацца, у тым ліку прадстаўнікі рэжыму, ці ёсць у чалавека пашпарт ці не».
📌 Хто будзе адказваць за друк пашпартоў?
«Мы знайшлі пэўнае рашэнне па друку, і вельмі ўдзячныя літоўскаму ўраду за падтрымку і кансультацыі. Персаналізацыю і фінальны друк на дакументах мы будзем рабіць у самім пашпартным цэнтры. Замаўляць матэрыялы і бланкі – у падрадчыкаў».
📌 Колькі будзе каштаваць пашпарт?
«Збор за афармленне пашпарта – 97 еўра. Гэта мінімум, патрэбны для вырабніцтва дакументаў, верыфікацыі, друку, арэнды абсталявання, захоўвання дадзеных, працы цэнтра прыёму дакументаў».
Як падаць заяўку, якія дакументы патрэбныя, і ці можна будзе падарожнічаць з гэтым пашпартам – чытайце ў матэрыяле па спасылцы.
🔗Афіцыйны сайт пашпарта Новай Беларусі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Нідэрланды не прызнаюць #бязвыбары2025
14 студзеня 2025
Падчас першага дня візіту ў Гаагу Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі ўраду Нідэрландаў, грамадзянскай і экспертнай супольнасцю.
Што абмяркоўвала беларуская лідарка ў першы дзень візіту?
📌 з Прэм’ер-міністрам Нідэрландаў Дзікам Схофам:
— Непрызнанне рэжыму Лукашэнкі і так званых «выбараў», запланаваных на 26 студзеня.
— Прэм’ер запэўніў, што палітыка Нідэрландаў застанецца паслядоўнай і прынцыповай.
📌 з Міністрам замежных спраў Каспарам Вельдкампам:
— Пытанні вызвалення палітвязняў, уключаючы тых, хто ўтрымліваецца ў ізаляцыі.
— Рэгіянальную бяспеку – у тым ліку вывад расійскіх войскаў з Беларусі.
— Ролю Беларусі ў магчымых мірных перамовах па Украіне.
— Узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі.
— Падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці праз праграмы MATRA і Human Rights Fund.
— Павелічэнне падтрымкі незалежных медыя і праваабарончых арганізацыяў.
📌 з прадстаўнікамі НДА ў офісе Хельсінкскага камітэта:
— Кампанію па вызваленні палітвязняў, супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям.
— Супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю, праваабаронцамі і журналістамі.
— Падтрымку пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму Лукашэнкі.
📌 з экспертамі Інстытута Clingendael, які спецыялізуецца на міжнародных справах:
— Стратэгію Нідэрландаў і Еўрапейскага Саюза па Беларусі.
— Магчымыя сцэнарыі развіцця сітуацыі ў рэгіёне.
— Пытанні рэгіянальнай і нацыянальнай бяспекі.
— Рэкамендацыі па палітыцы для Нідэрландскага ўраду і міжнароднай супольнасці, якія рыхтуе Інстытут.
Святлана Ціханоўская:
«Радая, што Нідэрланды займаюць цвёрдую і паслядоўную пазіцыю па Беларусі і гатовыя дапамагаць беларусам. Важна, што ўрад у сваёй палітыцы адрознівае рэжым і беларусаў, а таксама Беларусь і Расію. Нельга класці нас у адзін кошык. Нідэрланды не прызнаюць «выбары» 26 студзеня, працягнуць падтрымку нашых журналістаў і грамадзянскай супольнасці, а таксама забяспечаць, каб пытанне Беларусі засталося на парадку дня Еўрасаюза».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Аб’яднаны пераходны кабінет падпісаў пагадненне з Супольнасцю дэмакратый
10 студзеня 2025
У Варшаве Святлана Ціханоўская падпісала мемарандум аб паразуменні з генеральным сакратаром Супольнасці дэмакратый Мантасам Адоменасам.
«Паважаны Генеральны сакратар Адоменас,
Паважаныя Вашыя Правасхадзіцельствы і сябры,
Для мяне вялікі гонар стаяць сёння тут, сярод саюзнікаў, якія падзяляюць аднолькавыя каштоўнасці і мары.
У гэтай зале я ведаю, што знаходжуся сярод сяброў – сяброў, аб’яднаных нашай верай у дэмакратыю, бяспеку і чалавечую годнасць.
Аднойчы Беларусь далучыцца да Супольнасці дэмакратыяў як свабодная, дэмакратычная і еўрапейская краіна. Але беларусы як народ ужо належаць да гэтай супольнасці.
Мы змагаемся за тыя ж ідэалы, на якіх была заснаваная гэтая Супольнасць. Мы супрацьстаім аўтакратыі і разам даказваем, што дэмакратыя вартая любых ахвяраў.
Для мяне было вялікім гонарам падпісаць мемарандум аб узаемаразуменні паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і Супольнасцю дэмакратыяў. Гэта не проста сімвалічны жэст. Гэта крок да вяртання Беларусі на шлях дэмакратыі, правоў чалавека і справядлівасці.
Я ведаю, што гэта нестандартны крок і для Супольнасці. Але мы жывём у нестандартныя часы. Такія часы патрабуюць нестандартных рашэнняў, і ім патрэбныя адважныя лідары.
Адной з тых, хто падтрымліваў ідэю стварэння Супольнасці дэмакратыяў, была Мадлен Олбрайт. Яна – мая асабістая гераіня. Але я таксама магу назваць яе настаўніцай. У самым пачатку маёй выпадковай палітычнай кар’еры мне пашчасціла сустрэцца з ёй. Мы сядзелі і размаўлялі пра палітыку, свабоду і жанчын. Менавіта яна натхніла мяне працягваць змаганне і заставацца моцнай перад любымі выпрабаваннямі. Я ўбачыла моцную жанчыну, якая хоча зрабіць свет лепшым і больш бяспечным, і я бачу ў ёй прыклад для пераймання.
Сёння я хачу падзякаваць усёй камандзе Супольнасці дэмакратыяў, вядома ж, Мантасу Адоменасу і Мілаславе Заглобе. Дзякуй вам за тое, што вы ўдыхнулі новае жыццё ў гэтую арганізацыю.
Вельмі сімвалічна, што мы сустракаемся ў Варшаве – горадзе, які як ніхто іншы ведае цану свабоды. Шлях Польшчы да свабоды натхняе ўсіх нас. Я хачу падзякаваць маім польскім сябрам, асабліва прадстаўнікам Міністэрства замежных справаў; амбасадару Адаму Халачыньскаму, спецыяльнаму пасланніку да дэмакратычнай Беларусі; Сенату і Сейму Польшчы; экспертам і журналістам, а таксама такім верным саюзнікам, як Міхал Каміньскі, які стаў сапраўдным сябрам усіх змагароў за свабоду.
І, вядома, вялікі дзякуй усім дыпламатам і амбасадарам, якія прадстаўляюць свае краіны, за тое, што яны абараняюць праўду.
Калі дыктатары аб’ядноўваюцца, мы таксама павінны быць адзінымі. Як дыктатары вучацца адзін у аднаго, так і мы павінны вучыцца. Змагацца з адной тыраніяй – значыць змагацца з усімі.
Дыктатары ненавідзяць дэмакратыю, бо яна ўстойлівая, інклюзіўная і паспяховая. Дыктатары ненавідзяць дэмакратыю, бо яна пагражае іх існаванню. А дыктатараў нельга прымірыць або перавыхаваць. Ім трэба супрацьстаяць. І прыйшоў час дэмакратыям паказаць зубы.
Дарагія сябры,
У першым пункце Варшаўскай дэкларацыі гаворыцца пра «права грамадзянаў выбіраць сваіх прадстаўнікоў шляхам рэгулярных, свабодных і справядлівых выбараў».
Змена ўлады – аснова любой дэмакратыі. На жаль, беларусы былі пазбаўленыя гэтага на працягу 31 года. Праз два тыдні дыктатар арганізуе чарговы фарс пад назвай «выбары», які больш нагадвае вайсковую аперацыю.
Без альтэрнатыўных кандыдатаў, без агітацыі, без падліку галасоў, без назіральнікаў і маніторынгу. Але з вялікай колькасцю войскаў і міліцыі. Пытанне толькі ў тым, якую лічбу дыктатар напіша ў выніковым пратаколе.
Знаходзячыся тут, я хачу папрасіць усе вашыя краіны не прызнаваць гэты фарс. Лукашэнка – нелегітымны дыктатар, які захапіў краіну, уцягнуў Беларусь у вайну і прадае яе Расіі па частках. І ўсё гэта адбываецца насуперак волі беларускага народа. Яго трэба ізаляваць, а не легітымізаваць.
Беларусы ўжо зрабілі свой выбар у 2020 годзе, адхілілі дыктатуру і прагаласавалі за дэмакратычныя сілы. Маючы мандат ад беларускага народа, дэмакратычныя сілы Беларусі сфармавалі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады: Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйную раду.
Гэтыя інстытуты прадстаўляюць беларускае грамадства і волю беларускага народа, а не нелегітымны рэжым. Мы адзіныя, мы абараняем інтарэсы беларускага народа і адказваем на яго патрэбы. Мы падтрымліваем Украіну і нашых людзей на месцах.
Мы таксама ствараем кааліцыі. Мы аформілі нашыя адносіны з Радай Еўропы, стварыўшы афіцыйную кантактную групу. Мы пачалі стратэгічныя дыялогі са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй і Канадай, падпісалі мемарандум з Еўрапейскім парламентам, а сёння – з Супольнасцю дэмакратыяў.
Мы верым, што для Беларусі адкрыецца новае акно магчымасцяў. Мы не ведаем, як і калі гэта адбудзецца, але мы ведаем адно: усе дыктатуры ў рэшце рэшт падаюць.
Магчыма, нам давядзецца прайсці праз «круглы стол», як гэта калісьці зрабіла Польшча. І калі гэта адбудзецца, мы павінны быць моцнымі, і нам спатрэбіцца падтрымка свабоднага свету, каб павярнуць Беларусь да дэмакратыі.
Мы ўжо працуем над рэформамі і распрацоўваем новую Канстытуцыю, каб гарантаваць, што, калі перамены наступяць, яны будуць незваротнымі. Я спадзяюся, што Супольнасць дэмакратыяў, як і Рада Еўропы, змогуць падтрымаць нас сваім досведам.
Нам таксама неабходна падрыхтаваць прафесіяналаў для Новай Беларусі, і мы заклікаем нашых партнёраў падтрымаць стажыроўкі, стыпендыі і абмены. Мы хочам вывучыць ваш досвед, асабліва досвед краінаў, якія перайшлі да дэмакратыі, такіх як Малдова, Чылі, Партугалія, Румынія, Паўночная Македонія, Польшча і, вядома ж, Літва.
Мы таксама разлічваем на вашую падтрымку ў аднаўленні справядлівасці ў Беларусі. Недастаткова вызваліць нашых палітычных зняволеных, якіх налічваецца больш за 1300. Мы таксама павінны забяспечыць, каб усе вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці. Таму мы просім вас падтрымаць Літву ў яе звароце ў Міжнародны крымінальны суд са скаргай на беларускі рэжым за злачынствы супраць чалавечнасці. Пачуццю беспакаранасці павінен быць пакладзены канец.
Мы таксама просім прызначыць спецыяльных пасланнікаў пры беларускіх дэмакратычных сілах, як гэта ўжо зрабілі Польшча, Літва, Францыя, Нарвегія, Эстонія, Швецыя і многія іншыя краіны. Арганізуйце мерапрыемствы і дыскусіі пра Беларусь і дэмакратыю ў вашых амбасадах. Запрашайце нас у свае сталіцы і на міжнародныя мерапрыемствы, каб голас беларусаў быў пачуты.
Падтрымайце нашыя незалежныя СМІ, такія як «Белсат», «Зеркало» або «Наша Ніва», якія нясуць праўду і змагаюцца з дэзынфармацыяй. Дапамажыце нашым праваабаронцам і рэпрэсаваным. Нядаўна пры падтрымцы Нарвегіі, Швецыі і Даніі мы адкрылі Міжнародны гуманітарны фонд для ахвяраў рэпрэсіяў і просім іншыя краіны далучыцца да яго.
Падтрымка Беларусі – гэта не дабрачыннасць. Гэта інвестыцыі ў дэмакратыю і свабоду ва ўсім свеце.
Дарагія сябры,
Яшчэ адна рэч, якой я навучылася ў Мадлен Олбрайт, – гэта тое, што ніводнае змаганне нельга выйграць у адзіночку. Каб перамагчы, патрэбныя саюзнікі.
І мы, беларусы, рады, што ў нас ёсць такія рашучыя і прынцыповыя саюзнікі, як вы. Я ўпэўненая, што разам мы зможам зрабіць свет лепшым – для нас і нашых дзяцей.
Дзякуй вам вялікі».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Супрацоўніка дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі асудзілі да 4 гадоў калоніі
10 студзеня 2025
Напрыканцы снежня ў Мінску асудзілі 41-гадовага Мікалая Хілу. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў — ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы) і ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый). Суддзя Алена Ананіч прызначыла Мікалаю чатыры гады пазбаўлення волі, піша выданне Politico.
Мікалай — пратэстанцкі прапаведнік у царкве евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў "Дабравесце", а таксама супрацоўнік дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі. Яго затрымалі ў 24 кастрычніка 2023 года. Са слоў афіцыйнага прадстаўніка ЕС затрыманне адбылося каля будынку дэлегацыі ЕС супрацоўнікамі беларускага КДБ.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам
10 студзеня 2025
Анджэй Дуда прыняў Святлану Ціханоўскую і прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Бельведэры. Да сустрэчы таксама далучыліся намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі, кіраўнік апарату Кабінета Валерый Мацкевіч, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Арцём Брухан, спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава.
Святлана Ціханоўская: «Нас яднае Еўропа і свабода, жаданне жыць у бяспецы і міры… І нас сёння яднае агульны боль. Гэта і наш герой Анджэй Пачобут, і іншыя палітзняволеныя. І мы павінны змагацца, пакуль кожны і кожная не будуць на волі, пакуль кожны з нас не зможа бяспечна вярнуцца дадому».
Прэзідэнт Польшчы выказаў падтрымку беларускаму народу і пажадаў, каб у Беларусі як мага хутчэй адбыліся палітычныя змены, якія вернуць краіне свабоду, суверэнітэт і дэмакратыю.
У прамове Анджэй Дуда таксама згадаў пра рэпрэсіі, якія ўзмацняюцца напярэдадні «бязвыбараў». Асаблівы акцэнт прэзідэнт зрабіў на нядаўнім прысудзе ксяндзу Генрыху Акалатовічу, якога рэжым асудзіў на 11 гадоў зняволення ў калоніі. Анджэй Дуда адзначыў: гэты выпадак – яшчэ адзін сімвал таго, з чым даводзіцца сутыкацца ў сённяшняй Беларусі.
Прэзідэнт Дуда падкрэсліў сваю падтрымку свабоднай і незалежнай Беларусі:
«Нягледзячы на тое, што мая кадэнцыя набліжаецца да завяршэння, я назаўсёды застануся сябрам свабоднай і незалежнай Беларусі. Вы заўсёды можаце разлічваць на маю падтрымку, дзе б я ні знаходзіўся».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«З набліжэннем #бязвыбары2025 рэпрэсіі становяцца больш моцнымі. Лукашэнка па-ранейшаму паводзіць сябе так, быццам сотні тысячаў людзей стаяць у яго палаца»
09 студзеня 2025
Падчас візіту ў Варшаву Святлана Ціханоўская выступіла на супольным пасяджэнні Польскага Сейма, Сената і Камітэтаў па замежных і еўрапейскіх справах. Удзел у ім узялі як польскія дэпутаты, эксперты, палітыкі, так і прадстаўнікі беларускай супольнасці – Павел Латушка, Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Анжаліка Мельнікава, Маргарыта Ворыхава, Аліна Коўшык, Улад Кобец, Мацвей Купрэйчык.
Асноўнымі тэмамі прамовы сталі беларускія палітвязні, супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, пытанні рэгіянальнай бяспекі, а таксама падтрымка беларусаў у Польшчы і раздзяленне беларусаў і рэжыму. Ціханоўская падкрэсліла, што Польшча для беларусаў – гэта сімвал свабоды, салідарнасці і еўрапейскай будучыні, за якую беларусы працягваюць штодзённа змагацца.
«Пакуль дыктатары спрабуюць атруціць наш народ «рускім мірам» і ізаляваць яго ад свабоднага свету, мы павінны ўмацоўваць сувязі паміж людзьмі: выдаваць візы, клапаціцца пра бяспеку адно аднаго, ладзіць абмены і прадастаўляць стыпендыі. Я заклікаю вас не класці Беларусь у адзін кош з Расіяй. Нашыя грамадствы і ўмовы, у якіх яны існуюць, адрозніваюцца. Беларускае грамадства ўжо зрабіла свой выбар».
«Часам чую меркаванне, што, магчыма, варта дамовіцца з Лукашэнкам і абараніць яго ад Пуціна. Гэта памылка. Лукашэнка не абараняе незалежнасць Беларусі. Наадварот, ён з’яўляецца пагрозай для нашай незалежнасці. Яго адзіная мэта – захаваць уладу любымі коштамі».
«Сотні тысячаў беларусаў знайшлі ў Польшчы бяспечны прытулак. Яны ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, валанцёраць, робяць ахвяраванні на падтрымку Украіны і нашых добраахвотнікаў. Гэтыя людзі – скарб і важная частка нашага дэмакратычнага руху. Ім патрэбная падтрымка. Мы павінны спрасціць іх жыццё».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Год рэпрэсій і памілаванняў: сітуацыя з палітвязнямі Беларусі за 2024-ы ў лічбах
29 снежня 2024
Мінулы год для беларусаў прайшоў пад знакам масавага пераследу за салідарнасць. Год, у якім Лукашэнка ў чарговы раз паказаў, што з жанчынамі ён усё ж такі ваюе. Пенсіянеркі, непаўнагадовыя падлеткі, хворыя на анкалогію, шматдзетныя бацькі — для рэжыму няма розніцы, каго затрымліваць, калі ў дзеяннях беларусаў бачаць "экстрэмізм". 2024 год адзначыўся і некалькімі хвалямі памілаванняў, падчас якіх агулам на волю выйшлі 227 палітзняволеных. Пры гэтым штодзённа па ўсёй Беларусі працягваюцца затрыманні дзясяткаў чалавек. Выбары, якія пройдуць ужо ў студзені новага года, распачалі серыю новых прэвентыўных атак на грамадскі сектар. Акрамя гэтага, сітуацыя з палітвязнямі ў Беларусі застаецца на стабільна крытычным узроўні. Зняволеныя ўтрымліваюцца ў жудасных умовах без магчымасці атрымання якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі, зазнаюць катаванні і збіванні, утрымліваюцца месяцамі без сувязі са знешнім светам. "Вясна" ў лічбах распавядае, як за 2024 год змянілася сітуацыя з палітзняволенымі.
Па стане на 29 снежня 2024 года ў беларускіх месцах няволі ўтрымліваюцца 1 265палітвязняў. З іх 1097 — мужчыны, 168 — жанчыны.
Паводле "Вясны", мінімум 224 палітвязняў знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. За кратамі 104 чалавекі знаходзяцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 11 чалавек маюць інваліднасць, 46 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама 16 чалавек з ментальнымі разладамі. Сярод палітзняволеных — 29 шматдзетных маці і бацькоў.
Для людзей з пэўных уразлівых групаў зняволенне апынаецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для астатніх. Да таго ж, яно яшчэ больш пагаршае стан іх здароўя праз несвоечасова аказаную дапамогу, адсутнасць рэгулярных медабследаванняў, якія ім патрэбныя, недасяжнасць патрэбных медычных сродкаў.
На дадзены момант у месцах зняволення ўтрымліваюцца:
45 прадстаўнікоў медыя;
175 культурных дзеячаў;
6 праваабаронцаў;
17 лекараў;
7 адвакатаў;
20 вайскоўцаў;
10 святароў і вернікаў;
больш за 30 айцішнікаў.
Сярод сённяшніх палітзняволеных налічваецца мінімум 30 сямей, за апошнія некалькі гадоў гэта максімальная колькасць сямей за кратамі. У зняволенні апынуліся браты і сёстры, бацькі і дзеці, суджанцы.
Так, напрыклад, цяпер у зняволенні знаходзяцца Аляксей Зачапіла і яго жонка Людміла Ліхачэўская.Іх змясцілі пад варту, нягледзячы на тое, што ў пары трое дзяцей, адзін з іх — непаўналетні. У іх праз суд спагналі грошы на ўтрыманне дзяцей.
Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека. Гэта знаходжанне асуджанага без права перапіскі і спатканняў са сваякамі і адвакатам. На сённяшні дзень вядома як мінімум пра дзевяць палітвязняў у рэжыме "інкамунікада": Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Мікалай Банькоў, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Навіцкі і Уладзімір Кніга.
Марыя Калеснікава знаходзілася без сувязі са знешнім светам больш за 600 дзён, але ў лістападзе 2024 года ёй дазволілі сустрэцца з бацькам.
Адной з галоўных тэндэнцый апошніх двух гадоў можна назваць узмацненне пакарання палітвязням. Пасля пераводу ў месцы пазбаўлення волі на іх пачынаецца ціск з боку адміністрацыі калоніі: ім выпісваюць спагнанні па надуманых прычынах, пазбаўляюць перадач і спатканняў, адпраўляюць у ШІЗА і ПКТ.
Гэта становіцца падставай для пераводу на турэмны рэжым ці ўзбуджэння крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Паводле праваабаронцаў, з 2020 года як мінімум 95 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 66 распачалі новыя крымінальныя справы за "непадпарадкаванне адміністрацыі".
З чэрвеня 2024 года Лукашэнка падпісаў некалькі Указаў аб памілаванні палітвязняў. Агулам на волю па памілаванні выйшлі 227 чалавек. Сярод іх людзі з цяжкімі захворваннямі, шматдзетныя бацькі, пенсіянеры. У тым ліку былі памілаваныя 67-гадовы Рыгор Кастусёў, анкахворы палітвязень Павел Кучынскі і журналістка Ксенія Луцкіна
Акрамя гэтага, пяцёх палітзняволеных грамадзян Украіны вызвалілі па абмене як палонных. На волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец.
За апошні год статус "палітвязня" атрымалі агулам 589 чалавек.
З 2020 цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю не менш за 1385 палітзняволеных — удвая больш у параўнанні з мінулым годам. Адзначым, што некаторыя пасля вызвалення зазнаюць паўторны пераслед і затрымліваюцца па новых крымінальных справах.
Мінулы год адзначыўся трагічнымі датамі ў гісторыі сучаснай Беларусі — смерцямі чатырох палітвязняў, чыё сэрца спынілася за кратамі.
У ноч 9 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі № 3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітзняволены Вадзім Храсько. У жніўні 2023 года Мінгарсуд прызначыў яму тры гады зняволення за некалькі данатаў, нягледзячы на тое, што мужчына меў сур'ёзнае захворванне. У бальніцу мужчыну даставілі, калі яго ўжо нельга было выратаваць.
На 64-м годзе жыцця напрыканцы лютага 2024 году памёр палітзняволены грамадскі актывіст Ігар Леднік. Ён быў асуджаны да трох гадоў зняволення за "паклёп на Лукашэнку". Палітвязень меў інваліднасць другой групы праз праблемы з сэрцам, але яму ўсё роўна прызначылі пазбаўленне волі. У зняволенні стан здароўя Ігара Ледніка істотна пагоршыўся, яму была зроблена аперацыя на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай смерці палітвязня стала спыненне сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, аднак беспаспяхова.
9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч. Яго абвінавачвалі ў "абразе Лукашэнкі". Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка. У высновах аб смерці пазначана, што Аляксандр памёр праз ішэмічную хваробу сэрца. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся.
1 лістапада 2024 года стала вядома, што ў магілёўскай калоніі № 15 памёр грамадзянін Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Шлетгаўэр. Гэта здарылася 11 кастрычніка 2024 года. У пасведчанні аб смерці палітвязня паказаная прычына — "механічная асфіксія". Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах. Але сям'я не верыць у самагубства, бо Дзмітрый меў планы, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2024 года мужчына быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі за "шпіянаж" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Агулам з 2021 года за кратамі памерлі сем палітвязняў.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
"Пераслед беларусаў выйшаў за межы Беларусі". Як у 2024 рэжым рэпрэсаваў людзей у выгнанні
26 снежня 2024
У Беларусі сёння налічваецца больш за 1300 палітзняволеных. Перад чарговымі выбарамі* людзі ўнутры краіны зазнаюць неймаверны ціск і пераслед: затрыманні і вобшукі не спыняюцца ўжо пяты год. Праз палітычны пераслед усё больш і больш людзей вымушаныя пакідаць свой дом і з’язджаць з Беларусі, аднак і гэтага рэжыму недастаткова. У 2024 годзе на вымушаных уцекачоў аказваецца ўсё мацнейшы ціск: канвеер завочных судоў, вобшукі ў сваякоў, якія засталіся ў Беларусі, новыя пагрозы і абмежаванні — далёка не поўны спіс рэпрэсіўных практык, якія ўлады выкарыстоўваюць супраць іх.
Такім чынам улады ў тым ліку імкнуцца задушыць любую актыўнасць людзей у замежжы і прымусіць іх замаўчаць. І чым гучнейшыя іх галасы — тым мацнейшы прэсінг на іх. Сёння “Вясна” распавядае пра яго.
Выдача
У лістападзе 2024 году В'етнам выдаў Беларусі "каліноўца" Васіля Верамейчыка, затрыманага ў гэтай азіяцкай краіне. Паведамляецца, што мужчына апынуўся ў Азіі, бо Літва прызнала яго пагрозай нацыянальнай бяспецы і забараніла ўезд у Еўрасаюз. Мужчыну даставілі ў Беларусь увечары 14 лістапада пад канвоем з трох чалавек. За "ўдзел у пагромах і спробу падпалу аўтамабіля супрацоўнікаў пракуратуры" ў дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч.1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі) Крымінальнага кодэкса. Мужчына з'яўляўся сябрам Каардынацыйнай рады. Офіс Святланы Ціханоўскай выказаў рашучы пратэст у сувязі з гэтым.
З пачатку рэпрэсій у 2020 годзе вядомыя таксама выпадкі затрымання беларусаў у Расеі. Напрыклад, быў арыштаваны былы палітвязень Аляксей Коршун, а таксама палітвязеньЮрый Касцюк, якога збівалі падчас экстрадыцыі.
Завочныя суды
Крымінальныя справы ў парадку спевытворчасці ў 2024 годзе распачатыя ў дачыненні 110 беларусаў, якія з’ехалі з Беларусі праз рэпрэсіі. Паводле Следчага камітэта, яны “наносяць урон нацыянальнай бяспецы і інтарэсам дзяржавы”. Для параўнання, за чатыры месяцы 2022 годза было заведзена 17 завочных крымінальных справаў, за 2023 год — 18. Асобны акцэнт следчыя робяць на тым, каб знайсці ў гэтых беларусаў маёмасць, каб канфіскаваць яе і вярнуць у даход дзяржавы — нібыта ў якасці кампенсацыі нанесенай шкоды. Пад канвеер завочных судоў трапляюць палітыкі, грамадскія дзеячы, “каліноўцы”, журналісты, праваабаронцы і іншыя сацыяльна актыўныя людзі.
Найчасцей людзей судзяць паводле арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), 361-3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеянняў, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу), 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 361-5 (праходжанне навучання ці іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу. Шмат судоў адбываецца за ўдзел у мірных сходах і паводле дыфамацыйных артыкулаў — за “абразы” чыноўнікаў і Лукашэнкі.
Напрыклад, у траўні ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся самы масавы такі працэс – у справе “аналітыкаў Ціханоўскай”, паводле якой асудзілі адразу 20 асобаў — палітолагі, журналісты і сацыёлагі. Згодна з матэрыяламі справы, усіх іх абвінавачвацілі ў здзяйсненні "злачынстваў экстрэмісцкага характару" ў сувязі з кампаніяй па выбарах Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ў постэлектаральны перыяд. Іх асудзілі мінімум да 11 гадоў пазбаўлення волі кожнага і вялізных штрафаў.
Выносяць завочныя прысуды і праваабаронцам. У Гомельскім абласным судзе быў вынесенызавочны прысуд былому палітвязню, юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку. Пасля вызвалення Леаніда абвінавацілі паводле частак 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса і асудзілі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму і штрафу ў памеры 650 базавых велічынь. Завочна агучылі прысуд праваабаронцы "Вясны" Алене Маслюковай — тры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ёй інкрымінавана ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), але сутнасць абвінавачвання невядомая нават самой праваабаронцы.
Нагадаем, закон, які дазваляе судзіць беларусаў завочна, Лукашэнка падпісаў ў ліпені 2022 году. Гэта стала новым рэпрэсіўным інструментам супраць апанентаў рэжыму Лукашэнкі і грамадзянска-палітычных актывістаў, якія пакінулі Беларусь. Ён дазваляе заканчваць расследаванні і накіроўваць справы ў суд у адсутнасць абвінавачаных. Магчымасці ўдзельнічаць у такім працэсе самому абвінавачанаму практычна адсутнічаюць. Толькі кожны раз Следчы камітэт, пры публікацыі ў спецыяльным тэлеграм-канале навіны аб узбуджэнні справы, настойліва просіць фігурантаў з'явіцца ў аддзяленне.
Па інфармацыі "Вясны", з пачатку 2024 года па вяртанні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 з якіх узбудзілі крымінальныя справы. Пры гэтым лічба можа быць значна большай праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.
Пагрозы сілавікоў
Часам беларусам, якія вымушана з’ехалі з краінай, пішуць ці тэлефануюць сілавікі. Некаторым пішуць у месенджары і прапануюць “вярнуцца і схадзіць на допыт»” пераконваюць, што пакаранне не будзе звязанае з пазбаўленнем волі, а да суда можна будзе знаходзіцца дома. Некаторым прапаноўваюць вярнуцца, “атрымаць адміністратыўнае пакаранне і жыць спакойна”.
Супрацоўнікі КДБ пісалі і тэлефанавалі некаторым беларусам замежжа праз тое, што яны ахвяравалі ў розныя ініцыятывы. Яны прапаноўвалі вярнуцца і заплаціць “выкуп”. Сілавікі пішуць актывістам, якія дапамагалі палітвязням: іх пытаюцца пра тое, адкуль яны бралі грошы на дапамогу палітвязням, пра тое, ці знаёмыя з тымі, каму дапамагалі.
Былым палітвязням тэлефануюць за мяжу, а таксама прыходзяць да іх сваякоў, нават калі дакладна ведаюць, што яны даўно не ў Беларусі. “Хімікам” прапануюць таксама сказаць, дзе яны жывуць і даслаць пацверджанне знаходжання за мяжой.
Так, напрыклад, ГУБАЗіК пагражаў блогеру Мікіту Мелказёраву. У сваім тэлеграм-канале сілавікі напісалі, што ператрусы і допыты родных Мелказёрава будуць праведзеныя “с особым пристрастием”. Таксама яму пагражаюць “квартирным вопросом” — гэта калі ГУБАЗіК граміць кватэры людзей і здымае гэта на відэа. Абурэнне ГУБАЗіКа выклікала тое, што Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку “кавалкам лайна”.
Ціск на сваякоў у Беларусі
З самага пачатку 2024 году працягнуўся ціск на сваякоў беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць за мяжу праз палітычны пераслед. Так, у студзені 2024 году адбыліся масавыя затрыманні сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных па ўсёй краіне. КДБ правёў рэйды, допыты і затрыманні супраць амаль 300 чальцоў сем’яў цяперашніх і былых палітвязняў, а таксама бенефіцыяраў ініцыятывы INeedHelpBY па абвінавачаннях у "экстрэмізме". Большасць з іх — маці і жонкі палітвязняў, у тым ліку Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, Тацяна Севярынец, маці Паўла Севярынца, і раней арыштаваная Дар’я Лосік, жонка Ігара Лосіка.
Пасля гэтага рэйду затрымалі маці былой палітзняволенай Вольгі Такарчук — Ірыну Такарчук. Жанчыну асудзілі да трох гадоў калоніі.
Восенню 2024 году адбылася новая хваля. 14 лістапада супрацоўнікі КДБ зладзілі чарговы рэйд па ўсёй краіне — пад затрыманні трапілі таксама і сваякі палітвязняў. Арышты і вобшукі прайшлі ў шматлікіх людзей праз атрыманне дапамогі. Пра трэцюю хвалю пераследу стала вядома ўзімку — людзей дапытваюць, забіраюць тэхніку і банкаўскія карткі. Імаверна, гэта ізноў звязана з атрыманнем дапамогі.
Часам са сваякамі запісвалі відэа, у якіх сваякі былі вымушаныя сказаць на камеру тое, што хацелі супрацоўнікі міліцыі. У ліпені 2024 году такія відэа запісалі з роднымі вядучых TikTok-акаўнтаў “Люстэрка”. У дачыненні да вядучых узбуджаны шэраг дадатковых крымінальных справаў — у Беларусі былі праведзеныя ператрусы і накладзеныя арышты на маёмасць.
Восенню 2024 году на працу да маці жыхара Гомеля Мікалая Стагурскага прыйшлі з ператрусам сілавікі: яны канфіскавалі ў жанчыны тэлефон і пагражалі "закрыць на суткі". Раней хлопец распавёў аб вярбоўцы КДБ пасля затрымання "за экстрэмізм" і вымушанага інтэрв'ю дзяржТБ. Каб спыніць кантакты са спецслужбамі, Мікалаю прыйшлося выехаць у бяспечную краіну на тэрыторыю Еўразвяза, аднак і пасля гэтага супрацоўнік КДБ працягваў аказваць на яго ціск.
Пасля такіх вобшукаў і затрыманняў сваякі часта самі вымушаныя з’язджаць замяжу. Напрыклад, пасля студзеньскага рэйду была вымушаная з’ехаць з трыма дзецьмі Аляксандра Семянюк — дачка палітзняволенай Алены Гнаук.
Пераслед за ўдзел у маршах за мяжой
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць беларусаў, што выйшлі на акцыі да Дня волі па ўсім свеце. Ведамства паведамляла, што спіс падазраваных па справе "Беларусаў замежжа" папоўніўся 104 прозвішчамі. Яны нібыта прымалі ўдзел у вулічных акцыях на тэрыторыі Варшавы, Вільнюса, Уроцлава, Беластока, Бруселя, Батумі, Прагі, Каліфорніі, Філадэльфіі і г.д. Гэтыя людзі прызнаны падазраванымі па крымінальнай справе — ім інкрымінаваныя арт. 361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) і арт. 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
У рамках расследавання крымінальнай справы ўжо атрымана інфармацыя аб аб'ектах нерухомасці і маёмасці на тэрыторыі Беларусі, якая належыць гэтым людзям. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя мерапрыемствы.
Так, напачатку сакавіка 2024 году ініцыятывы "Народные посольства" ("Беларусы зарубежья"/"Беларусы замежжа") былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі".
Разнастайныя спісы “непажаданых”
Штотыдзень у Беларусі папаўняюцца так званыя спісы “экстрэмістаў”, “тэрарыстаў” і “экстрэмісцкіх фармаванняў. Туды пастаянна трапляюць і беларусы, якія былі вымушаныя эміграваць праз палітычны пераслед — тыя, каго судзілі ў Беларусі ці завочна. Большасць абмежаванняў, якія накладаюцца на людзей у такіх спісах, тычацца дзейнасці ўнутры краіны.
Нагадаем, у спісе “экстрэмістаў” цяпер амаль пяць тысяч чалавек, у “тэрарыстычным” — 1220 чалавек, сярод якіх больш за 500 — беларусы.
Таксама беларускія арганізацыі прызнаюць “экстрэмісцкімі фармаваннямі” — разам з гэтым публікуюцца прозвішчы асобаў, якія нібыта маюць да іх дачыненне. Напрыклад, напрыканцы году прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем" тэатральная ініцыятыва "Вольныя купалаўцы". Паводле ведамства, дачыненне да яе маюць восем актораў і акторак.
За шэсць месяцаў у расійскай базе вышуку аказаліся 773 грамадзян Беларусі — усяго ў ёй больш за 3 500 чалавек. Нагадаем, у базу дадалі беларускіх праваабаронцаў: Наталлю Сацункевіч, Леаніда Судаленку, Ігара Казмерчака, Ірыну Траццякову, Паўла Левінава, Марыю Тарасенку, Уладзіміра Хільмановіча, Зміцера Салаўёва, Алену Маслюкова, Сяржука Сыса. Таксама сярод тых, хто знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку, — журналісты-раследвальнікі з праекта “БЮРО”.
Крыміналізацыя сувязі з людзьмі за мяжой
Ва ўмовах, калі агромністая колькасць людзей завочна асуджаная, унесеная ў “экстрэмісцкія” і “тэрарэстычныя” спісы, а арганізацыя прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі” фактычна крыміналізавана любая сувязь з людзьмі, якія маюць да гэтага дачынення. Вядома, што на беларусаў заводзяць крымінальныя справы за інтэрв’ю медыя, якія прызнаныя “экстрэмісцкімі”.
У верасні 2024 году стала вядома, што заведзеная крымінальная справа за ўдзел у тэлешоў “План:Б” на “Белсаце” за 25 сакавіка і 1 красавіка. Падазраваных у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК) – больш за дзесятак чалавек. Да сваякоў і родных падазраваных прыходзілі следчыя, цікавіліся пра месцазнаходжанне удзельнікаў праграмы, апытваюць суседзяў, праводзілі іншыя працэсуальныя дзеянні. Вядома таксама пра некалькі ператрусаў.
Фігурантам крымінальнай справы, распачатай супраць тых, хто даваў інтэрв'ю СМІ, унесеным у спіс “экстрэмісцкіх фармаванняў”, стаў аршанскі праваабаронца і рэдактар партала Orsha.eu Ігар Казмерчак.
Дакументальны ціск
Некаторыя з формаў ціску звязаныя з заканадаўчымі абмежаваннямі, якія былі накладзеныя ў 2023 годзе. Яны працягвалі дзейнічаць і ў 2024 годзе, ускладняючы жыццё беларусам замежжа. Па-ранейшаму забаронена атрымліваць пашпарты за мяжой, а таксама ажыццяўляць у Беларусі здзелкі з маёмасцю на падставе даверанасці, якая выдадзена за мяжой.
Апроч гэтага, працягваюць затрымліваць людзей, якія вярнуліся дадому пасля жыцця за мяжой.
Пераслед беларусаў за мяжой пракаментаваў юрыст "Вясны" Павел Сапелка:
"Пераслед беларусаў за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод, а таксама праявы дзяржаўнага тэрарызму з мэтай запалохаць іншадумцаў, апанентаў рэжыму і нават звычайных людзей выйшаў за межы Беларусі.
Спецыяльная дакладчыца Савета па правах чалавека ААН Анаіс Марэн у сваёй заключнай справаздачы адзначыла недапушчальнасць мер, накіраваных супраць грамадзян, якія пераязджаюць за мяжу, і членаў іх сем'яў, палітычна матываванага пераследу і парушэння гарантый справядлівага судовага разбору. Асобна яна паказала на неабходнасць прыняцця мер, у адпаведнасці з унутраным заканадаўствам дзяржаў — сябраў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб ліквідаваць рызыку масавай страты беларускімі грамадзянамі за мяжой пасведчанняў асобы і праязных дакументаў.
З лета 2020 года дзеянні беларускага рэжыму ўяўляюць сабой шырокамаштабны і сістэматычны напад на грамадзянскае насельніцтва. Улічваючы гэта, урад Літоўскай Рэспублікі, у адпаведнасці з артыкуламі 13 (а) і 14 Рымскага статута 30 верасня 2024 года, перадаў у Міжнародны крымінальны суд сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь для расследавання пракуратурай Суда. Урад адзначыў, што "у рамках гэтага нападу рэжым прымусова перамясціў сотні тысяч законных жыхароў Беларусі на тэрыторыі суседняй Літвы і іншых, без падстаў, дазволеных міжнародным правам. Такое перамяшчэнне, вядомае як дэпартацыя (паколькі яно ажыццяўляецца праз мяжу), адбылося з дапамогай розных асноўных дзеянняў/паводзін, названых вышэй, уключаючы высылку або іншыя прымусовыя дзеянні або іншыя звязаныя з гэтым злачынствы, і было здзейснена па палітычных матывах.
Дэпартацыя была ключавой мэтай атакі беларускага рэжыму — пазбавіцца любымі сродкамі ад усіх крытыкаў і апанентаў, каб умацаваць аўтарытарнае становішча рэжыму ва ўладзе. Усе непасрэдныя выканаўцы, іх камандзіры і начальнікі былі відавочна дасведчаныя аб атацы. Існуюць відавочныя сувязі паміж высылкамі, пагрозамі і іншымі ключавымі фактарамі, якія спрыяюць прымусоваму асяроддзю, і агульнай атакай, якая вядзе да незаконнай дэпартацыі". Юрысты мяркуюць, што ў сукупнасці гэтыя дзеянні ўяўляюць сабой злачынствы супраць чалавечнасці трох розных тыпаў: (а) незаконная дэпартацыя, (б) пераслед і (в) іншыя бесчалавечныя дзеянні і, магчыма, іншыя звязаныя з імі злачынствы".
Крыніца: ПЦ "Вясна"
рэкордная колькасць сем'яў, што трапілі пад крымінальны пераслед
16 снежня 2024
Праваабаронцы "Вясны" ў лістападзе фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу грамадзян паводле палітычных матываў. За мінулы месяц ахвярамі рэпрэсіяў у крымінальным парадку сталі не менш за 144 чалавекі, з якіх 35 жанчын і 109 мужчын. Яшчэ чатыры чалавекі былі асуджаныя ў межах працэдуры спецыяльнай вытворчасці.
У лістападзе ў Мінску асудзілі 78 чалавек
Рэгіянальная структура пераследу паводле палітычных крымінальных справаў у лістападзе выглядала наступным чынам:
Мінск – 78 чалавек;
Брэсцкая вобласць – 28 чалавек;
Гомельская вобласць – 9 чалавек;
Мінская вобласць – 12 чалавек;
Гродзенская вобласць – 8 чалавек;
Віцебская вобласць – 3 чалавекі;
Магілёўская вобласць – 6 чалавек.
Рэкордная колькасць сем'яў, што трапілі пад крымінальны пераслед
Цягам лістапада зафіксавана рэкордная колькасць сямейных пар або груп сваякоў, што трапілі пад палітычна матываваны крымінальны пераслед. У Мінскім гарадскім судзе разглядалася справа ў дачыненні да Генадзя ды Ірыны Саўрыцкіх, а таксама іх дачкі Віялеты Вярбіцкай – паводле часткі трэцяй арт. 130 КК, якая прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці. У Брэсцкім абласным судзе адбыўся разгляд справы паводле артыкула за здраду дзяржаве ў дачыненні да Уладзіслава і Таццяны Кашчэевых.
Яшчэ дзесяць груп сваякоў трапілі цягам лістапада пад пераслед паводле "народнага" 342 артыкула. У судзе Фрунзенскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Ігара і Кацярыны Грамовічаў, а таксама Андрэя, Ганны і Таццяны Вашчышыных. Суд Кастрычніцкага раёна Мінска слухаў справы ў дачыненні да Марка Куніцкага ды Ірыны Пратазанавай-Куніцкай, а таксама Сяргея і Анжэлы Сандалюкоў.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска слухаў справу ў дачыненні да Алега і Дзіяны Сіняўскіх. Суд Заводскага раёна Мінска разглядаў справу ў дачыненні да Ганны, Іны і Рамана Усманавых. У судзе Першамайскага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Аксаны і Андрэя Салавей. Суд Дзяржынскага раёна слухаў справы ў дачыненні да Дар'і ды Міхаіла Навошаў, а таксама Іллі ды Алесі Жыбурт. У судзе Пінскага раёна з інтэрвалам у адзін дзень былі разгледжаныя справы ў дачыненні да Аляксандра і Антона Невар.
Рост выпадкаў паўторнага і наступнага асуджэння
На працягу лістапада былі зафіксаваныя пяць выпадкаў паўторнага пераследу грамадзян, супраць якіх раней ужываліся палітычна матываваныя крымінальныя рэпрэсіі. У судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядалася справа ў дачыненні да Сяргея Арлова паводле артыкула аб супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў. Раней, у ліпені 2022 года, мужчына быў асуджаны судом Чавускага раёна паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады. Суд Фрунзенскага раёна Мінска разглядаў справу ў дачыненні да Цімура Хайруліна паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады. У жніўні 2022 года мужчына быў рэпрэсаваны Мінскім гарадскім судом паводле гэтыга артыкула і артыкула, які прадугледжвае адказнасць за распальванне варожасці.
Суд Мядзельскага раёна разглядаў справу ў дачыненні да экалагічнага актывіста Станіслава Таспаева паводле артыкулаў аб неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Роўна тры гады таму мужчына быў рэпрэсаваны гэтым жа судом паводле артыкула аб паклёпе – да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У судзе Маладзечанскага раёна слухалася справа паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу Лукашэнкі, у дачыненні да Антона Пугача, паўгода таму рэпрэсаванага судом Ленінскага раёна Магілёва на паўтара года пазбаўлення волі паводле гэтага ж артыкула і артыкула, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады.
Суд Кобрынскага раёна разглядаў справу паводле часткі першай і другой артыкула 342 КК РБ у дачыненні да Уладзіслава Насцюшкіна. Год таму ў гэтым жа судзе ён быў асуджаны паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасць за распрацоўку, выкарыстанне, распаўсюджванне альбо збыт шкоднасных кампутарных праграмаў або спецыяльных праграмных або апаратных сродкаў.
Далейшы пераслед палітычных зняволеных
На працягу лістапада выразна стала праглядацца тэндэнцыя адвольнага пераследу палітычных зняволеных, якія трапілі ў жорны рэпрэсій у самым пачатку палітычнага крызісу ў сярэдзіне 2020 года, тэрмін пазбаўлення якіх напрыканцы 2024 года падыходзіў мусіў скончыцца. Суд Бабруйскага раёна разглядаў справы ў дачыненні да Паўла Спірына і Дзмітрыя Казлова паводле артыкула 411, які прадугледжвае магчымасць неаднаразовага і адвольнага дадання тэрміну пакарання асуджанаму да пазбаўлення волі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі".
У гэтым жа судзе і паводле гэтага ж артыкула разглядалася справа ў дачыненні да Сяргея Канавалава, які ў верасні 2022 года быў асуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін у 15 гадоў паводле артыкулаў аб акце тэрарызму, наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін і распальвання варожасці.
Артыкул 411 КК у лістападзе быў ужыты для падаўжэння тэрміну турэмнага зняволення ў дачыненні да Аляксандра Арановіча, асуджанага да шасці гадоў пазбаўлення волі за падрыхтоўку да масавых беспарадкаў і арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Метсолай
13 снежня 2024
Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола прыняла Святлану Ціханоўскую перад пачаткам канферэнцыі высокага ўзроўню па Беларусі ў Еўрапарламенце.
Беларуская лідарка падзякавала Метсоле за падтрымку Дзён Беларусі ў Бруселі і запрашэнне больш за 150 беларускіх прадстаўнікоў: праваабаронцаў, актывістаў, журналістаў і дзеячаў культуры.
«Гэта сапраўды беспрэцэдэнтная падзея. Гэта дэманстрацыя вашай салідарнасці, падтрымкі», – адзначыла яна.
Падчас сустрэчы Ціханоўская і Метсола абмеркавалі планы паглыблення ўзаемадзеяння паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Еўрапарламентам. Новым магчымасцям для партнёрства спрыяе падпісаны сёлета мемарандум аб супрацоўніцтве.
Святлана Ціханоўская заклікала Еўрапарламент не прызнаваць выбары Лукашэнкі, працягваць прынцыповую і паслядоўную палітыку, дамагацца спынення рэпрэсіяў і вызвалення палітвязняў, а таксама спынення саўдзелу рэжыму ў вайне. Акрамя гэтага, былі абмеркаваныя магчымасці арганізацыі пленарных слуханняў па Беларусі ў Еўрапарламенце.
«Усе апошнія гады прэзідэнтка Раберта Метсола займае рашучую і прынцыповую пазіцыю па Беларусі. Яна пастаянна падтрымлівае нашую барацьбу і падкрэслівае адрозненне паміж рэжымам і беларусамі. Я ведаю, што яна перажывае за нашую краіну і, асабліва, за нашых палітвязняў. Раберта Метсола стала хроснай для Паліны Шарэнды-Панасюк і актыўна падымае пытанне вызвалення яе і ўсіх палітвязняў на міжнародных пляцоўках.
Я вельмі радая, што падтрымка Еўрасаюза для Беларусі застаецца нязменнай, і што тэма Беларусі аб’ядноўвае розныя групы і партыі ў Еўрапарламенце», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«ЕС будзе і надалей адыгрываць ключавую ролю ў фарміраванні будучыні Беларусі»
12 снежня 2024
Падчас Дзён Беларусі ў Бруселі беларуская лідарка правяла брыфінг для дэлегацыі Еўрапарламента.
Яна распавяла пра асноўныя выклікі, з якімі сутыкаецца Беларусь, падкрэсліла неабходнасць непрызнання «выбараў» 2025 і абвяшчэння іх нелегітымнымі, нагадала пра важнасць працы беларускіх незалежных СМІ і заклікала да падтрымкі беларускага грамадства. Акрамя гэтага, лідарка назвала дзейсныя спосабы дапамогі палітзняволеным і іх родным.
Вось што прапанавала Святлана Ціханоўская:
На #бязвыбары2025:
– Катэгарычна адмовіць гэтым «выбарам» легітымнасці.
– Падтрымаць намаганні па маніторынгу і дакументаванні парушэнняў, звязаных з «выбарамі».
– Узмацніць галасы дэмакратычных сілаў, каб супрацьпаставіць бачанне свабоднай Беларусі прапагандзе рэжыму Лукашэнкі.
Для падтрымкі
Незалежных СМІ:
– Аказваць пастаянную фінансавую і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку незалежным СМІ.
– Праводзіць трэнінгі па лічбавай бяспецы, журналісцкіх расследаваннях і прыцягненні аўдыторыі.
– Ствараць партнёрствы з еўрапейскімі СМІ для ўзмацнення беларускіх галасоў на міжнародных платформах.Грамадзянскай супольнасці:
– Падтрымліваць ініцыятывы, якія прасоўваюць дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі, супрацьстаяць расійскай агрэсіі і ідэалогіі «рускага свету».
– Спрасціць візавыя працэдуры і аблегчыць доступ да віду на жыхарства беларусам у эміграцыі.Палітвязняў:
– Павысіць дасведчанасць аб палітычных зняволеных з дапамогай міжнародных кампаніяў.
– Аказваць юрыдычную дапамогу зняволеным і іх сем’ям праз міжнародныя арганізацыі.
– Стварыць мэтавую групу пад кіраўніцтвам ЕС для дакументавання парушэнняў правоў чалавека.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Народныя амбасады Беларусі прыНЯЛІ Ўдзел у канферэнцыі высокага ўзроўню “Stand with People of Belarus”, якая ПраЙШЛА Ў Еўрапейскім парламенце
12 снежня 2024
Гэта важная падзея аб’яднала міжнародных партнёраў для падтрымкі беларускага народа ў яго барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека.
Падчас канферэнцыі прайшлі дзве панэльныя дыскусіі:
шляхі да дэмакратычнай будучыні Беларусі
правапарушэнні і лёс палітвязняў
Мерапрыемства было арганізавана супольна Еўрапейскай службай вонкавых дзеянняў і Еўрапейскім парламентам у супрацы з Еўрапейскай камісіяй у рамках Дзён Беларусі ў Бруселі.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Святлана Ціханоўская – пра самагубства беларускай актывісткі
11 снежня 2024
«10 снежня скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава. Жанчыну судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, падвяргалі вобшукам і псіхалагічнаму гвалту. Немагчыма нават усвядоміць, праз што прымусілі прайсці чалавека, што вырашыўся на такі страшны крок – крок адчаю і незваротнасці…
Рэжым знішчае людзей не толькі ў турмах. Ён руйнуе здароўе – як фізічнае, так і псіхічнае – цкаваннем, пагрозамі пераследу, бясконцымі маніпуляцыямі. У нейкі момант сэрцы нават загартаваных беларусаў не вытрымліваюць.
Такія навіны выклікаюць жудасць і боль. Рэпрэсіі і войны здольныя выбіць глебу з-пад ног і давесці да роспачы самых светлых людзей. Кожны з нас вымушаны змагацца з бясконцымі складанасцямі жыцця. Калі ласка, звяртайце ўвагу на вашых блізкіх і родных. Запытвайце пра іх справы, падтрымлівайце ў час небяспекі і заставайцеся побач адно з адным. Калі вы адчуваеце адзіноту і цяжар турбот, шукайце дапамогу сярод родных і дзяліцеся болем.
У гэты цяжкі момант я хачу выказаць шчырыя спачуванні родным Святланы. Страта блізкага чалавека – гэта неверагоднае гора, з якім не параўнаецца нішто».
Калі вы ці вашы блізкія адчуваеце праблемы з псіхічным здароўем, то можна звярнуцца па дапамогу да наступных арганізацыяў:
– еЗдоровье
– Belarus Women Fondation
– FENIKS
– Free Balarus Center
– Давер
– Служба Одно Окно
– Беларусский дом в Варшаве
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Выстаўляючы працы палітвязняў, мы нагадваем свету пра іх лёс
11 снежня 2024
Беларуская лідарка падчас візіту ў Брусель адкрыла выставу «Галасы з турмы: Мастацтва як супраціў». У праекце прадстаўленыя малюнкі і лісты, якія раскрываюць гісторыі палітзняволеных Беларусі, іх супраціў і нязломнасць нават за кратамі.
Падчас прамовы Ціханоўская падкрэсліла важнасць і сэнс праекта, а таксама падзялілася асабістымі эмоцыямі пасля прагляду выставы.
«Гэтая выстава аддае даніну шанавання нашым палітвязням. Сёння іх больш за 1300 афіцыйна прызнаных. Рэальная лічба куды большая.
Вы можаце здагадацца, што ўражвае мяне больш за ўсё на гэтай выставе – сілуэт рукі майго мужа. Немагчыма перадаць словамі ўсе мае пачуцці. Сяргей адпраўляў такія лісты да таго, як быў пазбаўлены сувязі з навакольным светам. Гэта здарылася больш за 600 дзён таму. З таго часу мы разам з дзецьмі не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак і не ведаем, ці жывы ён.
На шчасце, некаторыя з аўтараў выставы апынуліся на волі. Але многія творцы застаюцца за кратамі. Для іх напісанне вершаў ці маляванне – гэта бадай што спосаб захаваць чалавечнасць у нечалавечых умовах.
Праз выставы іх працы, мы напамінаем свету пра лёс нашых палітвязняў – і нагадваем, як важна вызваліць іх як мага хутчэй».
Выстава арганізаваная Еўрапейская службай знешніх сувязяў у супрацоўніцтве з беларускімі партнёрамі – Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, BySOL, «Краіна для Жыцця», Voices Across Borders, «Вольныя Паштоўкі».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
"Як могуць праходзіць свабодныя і справядлівыя выбары ў такім становішчы ў Беларусі?" Краіны АБСЕ выступілі з заявай
07 снежня 2024
Напярэдадні пасяджэння Савета міністраў АБСЕ 6 снежня 37 краін-удзельніц выступілі з тэматычнай заявай з нагоды выбараў у Беларусі. У ім адзначылі, што яны па-ранейшаму глыбока занепакоеныя пастаянна пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, паведаміў "Позірк".
Людзі, якія спрабуюць рэалізаваць свае правы і асноўныя свабоды ў Беларусі “працягваюць падвяргацца запалохванню, пераследам, абразам і адвольным затрыманням, уключаючы акты транснацыянальных рэпрэсій падчас выгнання”, адзначылі падпісанты.
Таксама асуджаецца ўдзел Беларусі ў “несправакаванай, неапраўданай і незаконнай вайне агрэсіі Расіі супраць Украіны, якая суправаджалася далейшымі парушэннямі правоў чалавека і садзейнічала рэгіянальнай і міжнароднай нестабільнасці”.
Зноў агучаны заклік да вызвалення ўсіх палітвязняў:
“Мы паўтараем, што беларускія ўлады павінны забяспечыць, каб да ўсіх асоб, пазбаўленых волі, ставіліся гуманна і з павагай да іх годнасці. Беларускія ўлады нясуць адказнасць за выкананне сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ, у тым ліку ў адпаведнасці з Рашэннем Савета міністраў у Тыране 2020 года аб папярэджанні і выкараненні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання”.
“Хоць мы прызнаем памілаванні, якія былі прадастаўлены з ліпеня 2024 года, мы падкрэсліваем, што беларускія ўлады працягваюць адвольна затрымліваць значна больш грамадзян па палітычных матывах, чым яны памілавалі”, — адзначаюць аўтары.
Таксама ў АБСЕ “ўважліва сочаць за расследаваннямі перамяшчэнняў украінскіх дзяцей у або праз Беларусь”: “Мы заклікаем беларускія ўлады забяспечыць, каб ні адно ўкраінскае дзіця не было прымусова перамешчана на яе тэрыторыю або праз яе”.
Падпісанты нагадваюць, што ў 1990 годзе ў Капенгагене і Парыжы дзяржавы — удзельніцы АБСЕ ўзялі на сябе абавязацельствы па дэмакратыі і палітычным плюралізме, падкрэсліўшы, што “воля народа, свабодна і справядліва выяўленая з дапамогай перыядычных і сапраўдных выбараў, з’яўляецца асновай улады і легітымнасці любога ўрада”, і пацвердзілі гэтыя абавязацельствы ў Стамбуле ў 1999 годзе.
“Як могуць праходзіць свабодныя і справядлівыя выбары ў такім становішчы ў Беларусі? Дзе няма свабоды выказвання меркаванняў ці свабоды СМІ? Дзе кожны, хто выказвае пункт гледжання, які супярэчыць уладам, аб’яўляецца “экстрэмістам”? Дзе асобы, якія спрабуюць рэалізаваць сваё права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый, сутыкаюцца з рэальнай пагрозай арышту і ўзяцця пад варту? У абстаноўцы абмежаванняў на палітычны ўдзел і фактычна не дапускаючай ніякай формы палітычнай апазіцыі ў краіне?” — гаворыцца ў дакуменце.
Падкрэсліваецца, што Мінск “павінен пакласці канец гэтым парушэнням правоў чалавека”.
Нагадаем, назіральнікі ад АБСЕ, як і на мінулыя выбарчыя кампаніі, у краіну не запрошаны.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Вынікі Стратэгічнага Дыялогу «Беларусь – ЗША»
05 снежня 2024
У Вільнюсе адбыўся другі раунд Стратэгічнага дыялогу з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Сустрэчу ўзначалілі намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт і лідарка Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская. У дыялогу прынялі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных інстытутаў Беларусі, грамадзянскай супольнасці, праваабарончых арганізацыяў і медыя.
Асноўныя тэмы і дамоўленасці:
Палітычныя зняволеныя:
ЗША падкрэслілі неабходнасць безумоўнага вызвалення палітычных зняволеных. Былі абмеркаваныя пашырэнне дапамогі іх сем’ям, праграмы рэабілітацыі і псіхалагічная падтрымка для вызваленых.
Грамадзянская супольнасць і медыя:
Працягнецца фінансавая падтрымка незалежных медыя і праваабаронцаў у выгнанні. Асаблівая ўвага будзе нададзеная беларускаму бізнесу, які дзейнічае за межамі краіны.
Расследаванні злачынстваў рэжыму:
ЗША падтрымліваюць міжнародныя расследаванні, якія ўключаюць збор сведчанняў і падрыхтоўку справаў для судоў па злачынствах супраць чалавечнасці.
Нацыянальная ідэнтычнасць:
Падтрымка беларускіх культурніцкіх ініцыятываў будзе ажыццяўляцца праз праграмы захавання мовы, перакладу літаратуры, культурніцкіх мерапрыемстваў і адукацыйных ініцыятываў.
Праграмы абменаў:
За мінулы год больш за 100 беларусаў прынялі ўдзел у адукацыйных і прафесійных абменах з ЗША. Плануецца павелічэнне колькасці ўдзельнікаў у 2025 годзе, асабліва сярод маладых лідараў, педагогаў і прадстаўнікоў медыя.
Санкцыі:
Працягнецца ўмацаванне існуючых санкцыяў. Новыя меры будуць скіраваныя на асобы і кампаніі, якія падтрымліваюць рэжым і ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны, уключаючы пастаўкі для расійскай абароннай прамысловасці.
Выбары 2025 года:
Абмеркаваная немагчымасць правядзення свабодных выбараў у цяперашніх умовах. «Выбары», якія адбудуцца ў студзені 2025 года, не могуць быць прызнаныя справядлівымі.
Сустрэча падкрэсліла важнасць далейшага ўмацавання партнёрства паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Наступным крокам стане стварэнне рабочых групаў для рэалізацыі прынятых дамоўленасцяў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2024
05 снежня 2024
Коратка:
Шырокамаштабныя адвольныя рэпрэсіі супраць палітычных апанентаў рэжыму і іншадумцаў у Беларусі ўзмацніліся на фоне абвешчаных уладамі прэзідэнцкіх выбараў. Праз адсутнасць значных пратэсных праяваў улады распаўсюджваюць рэпрэсіі на падазроныя з іх пункту гледжання сферы грамадскага жыцця і групы, успрыманыя як нелаяльныя. Гэта фармуе атмасферу страху, прыгнятае імкненне да аднаўлення апазіцыйных палітычных інстытутаў і незалежнага грамадзянскага сектара. Узмацненне праявы дзяржаўнага тэрору ўяўляе сабой патэнцыйную пагрозу для ўсіх, хто не падтрымлівае рэжым.
"Вясна" вітае працэс вызвалення палітвязняў, які працягваецца ў Беларусі, асабліва з ліку ўразлівых груп, раней заканчэння тэрміну пакарання і падтрымлівае ўсе намаганні па падтрыманні гэтага працэсу. Здабыццё свабоды кожным і кожнай – неацэннае і не супярэчыць выказанаму праваабаронцамі патрабаванню і стратэгічнай мэце – вызваленню ўсіх палітвязняў.
Нягледзячы на вызваленне вялікай колькасці палітвязняў па заканчэнні тэрміна і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца стабільна высокай: на канец лістапада 2024 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 296 палітвязняў, з іх 172 жанчыны. За месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 62 чалавекі. З лета 2020 года праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі 3 638 чалавек, з іх 669 жанчын.
Праваабаронцы: лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова,Андрэй Чапюк і Наста Лойка, адвольна асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях.
Вядома пра некалькіх палітвязняў, якія ўтрымліваюцца доўгі час у рэжыме інкамунікада: Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і іншыя больш за год пазбаўленыя кантактаў са знешнім светам, у тым ліку ўнутры калоній; іх сітуацыя таксама мае рысы гвалтоўных знікненняў, забароненых міжнародным правам.
У лістападзе падведзены вынікі крымінальнага пераследу ў Беларусі за кастрычнік: асуджаныя 172 чалавекі, з якіх 52 жанчыны і 120 мужчын. Яшчэ 12 чалавек былі асуджаныя ў межахпрацэдуры спецыяльнай вытворчасці.
З верасня да сярэдзіны лістапада ў судах разгледзелі не менш за 1 213 палітычных адміністрацыйных спраў, абсалютная большасць з якіх — за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Масавыя затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі, нават у маленькіх гарадах. За лістапад праваабаронцамі зафіксавана 671 фактаў рэпрэсій, з іх 377 судоў паводлеадміністрацыйных справаў. Траціна пераследуемых — жанчыны; больш за ўсё фактаў зафіксавана ў Брэсцкай і ў Гомельскай абласцях.
Спісы асоб і фармаванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама экстрэмісцкіх матэрыялаў, рэгулярна папаўняюцца. Такім чынам ствараюцца перадумовы для новых нападаў на грамадзянскую супольнасць і яе прадстаўнікоў. Таксама гэта спосаб дадатковага, часта несудовага, адвольнага абмежавання правоў і свабод грамадзян.
Па-ранейшаму праваабаронцамі «Вясны» рэгулярна выяўляюцца і дакументуюцца факты прымянення катаванняў і іншых забароненых відаў абыходжання ў ходзе расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, забароненых відаў абыходжання ў адміністрацыйным працэсе, а таксама ў месцах пазбаўлення волі.
Экспертная місія кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ "Вясна", апублікавала першую справаздачу з моманту пачатку выбарчай кампаніі аб сітуацыі перад прызначэннем выбараў, а таксама выпусціла аналітычную справаздачу аб утварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" запрашае 10 снежня на адкрыццё выставы "Пачуцці" ў Варшаве, дзе будзе прадстаўлена калекцыя малюнкаў, створаных палітычнымі зняволенымі Беларусі ва ўмовах турэмнага зняволення. Падчас мерапрыемства адбудзецца прэзентацыя музычнага альбома "Пазначаныя жоўтым".
25 лістапада ў Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў дачыненні да жанчын, традыцыйна пачаліся 16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту, якія скончацца 10 снежня — у Міжнародны дзень правоў чалавека.
Палітычна матываваны пераслед. Палітычныя зняволеныя
У пачатку лістапада стала вядома, што 11 кастрычніка ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15 памёр Дзмітрый Шлетгаўэр — сёмы палітвязень, які памёр у месцах пазбаўлення волі. У пасведчанні аб смерці палітвязня паказаная прычына — "механічная асфіксія". Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах. Паводле крыніцы "Люстэрка", сям'я не верыць у самагубства, бо Дзмітрый меў планы, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Улетку 2024 года мужчына быў асуджаны да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў "шпіянажы" (арт. 358 КК) і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч.1 арт. 361-4 КК).
На 30 лістапада ў месцах пазбаўлення волі ўтрымліваліся 1 296 палітычных зняволеных, з іх 172 жанчыны. Вядома пра 31 палітвязня з крытычным станам здароўя, не сумяшчальным з утрыманнем ва ўмовах пазбаўлення волі. За лістапад 62 чалавекі праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі.
На канец лістапада налічваецца 2 392 былых палітвязняў, з іх 499 жанчын. Стала вядома, што ў лістападзе цалкам адбылі свае тэрміны пазбаўлення волі як мінімум 24 палітвязні, а таксама мінімум 15 палітвязняў адбылі тэрмін у кастрычніку.
У лістападзе А. Лукашэнка падпісаў яшчэ два ўказы аб памілаванні 63 чалавек, асуджаных па палітычных матывах. Усяго з чэрвеня гэтага года ў выніку памілавання выйшлі на волю 178 чалавек.
Пры гэтым, агульныя паказчыкі палітычна матываванага пераследу працягваюць расці. Усяго вядома, што з 2020 года як мінімум 7 615 чалавек сутыкнулася з палітычна матываваным крымінальным пераследам, і ў дачыненні да не менш за 6 249 чалавек вынесеныяпалітычна матываваныя прысуды.
У лістападзе быў зафіксаваны мінімум 671 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій (затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.
Палітвязні, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі, працягваюць сутыкацца з ціскам з боку адміністрацый пенітэнцыярных установаў: змяшчэннем у ШІЗА і ПКТ, узмацненнем рэжыму адбыцця пакарання, новымі крымінальнымі абвінавачваннямі, адвольным абмежаваннем сувязяў са знешнім светам і інш.
У матэрыяле "Вясны" абагульнены звесткі аб пераследзе палітвязняў, які працягваецца пасля пазбаўлення волі.
Паводле наяўнай інфармацыі, у рэжыме інкамунікада (без якой-небудзь сувязі са знешнім светам, у існуючых умовах з'яўляецца разнавіднасцю катаванняў і змяшчае прыкметы гвалтоўнага знікнення) утрымліваюцца палітвязні Мікалай Статкевіч, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабрыка, Аляксандр Францкевіч, Андрэй Новікаў і Уладзімір Кніга. Марыі Калеснікавай пасля больш за 600 дзён у рэжыме інкамунікада была дазволенасустрэча з бацькам.
Абвінавачванне паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса — на падставе сумы дысцыплінарных спагнанняў — прад'яўленыя палітвязням Аляксандру Арановічу, Сяргею Канавалаву, Паўлу Спірыну, Зміцеру Казлову і Ігару Карнею. Пасяджэнні па іх крымінальных справах прайшлі ў лістападзе, іх вынік пакуль невядомы: суды, як правіла, праходзяць на тэрыторыі калоній, фактычна ў закрытым рэжыме.
З прад'яўленнем новых палітычна матываваных абвінавачванняў сутыкнуўся палітвязень Цімур Хайрулін, які раней выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну — яго абвінавацілі ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369 Крымінальнага кодэкса). Цяпер суд прызначыў яму паўгода пазбаўлення волі, мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда.
Стала вядома, што ў дачыненні да палітвязня Сяргея Маўшука суд разгледзіць пытанне аб яго пераводзе на турэмны рэжым.
Пераслед праваабаронцаў
За сваю праваабарончую дзейнасць больш за чатыры гады ў няволі знаходзіцца Марфа Рабкова іАндрэй Чапюк, і больш за тры гады — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч; больш за два гады — праваабаронца Human Constanta Наста Лойка.
Па даных праваабаронцаў "Вясны", за перыяд з верасня 2020 па 2024 год было затрымана больш за 50 актывістаў незалежных прафсаюзаў і арганізатараў стачкамаў на прадпрыемствах. Многія з іх за сваю дзейнасць па абароне працоўных правоў трапілі пад крымінальны пераслед.
Праваабаронцу "Вясны" Алену Маслюкову, у дачыненні да якой раней быў вынесенызавочны прысуд, Міністэрства ўнутраных справаў дадало ў "Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Таксама, шэраг імёнаў праваабаронцаў з'явіўся ў базе даных асоб, якія знаходзяцца ў вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі.
15 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень пісьменніка ў няволі. У 1981 годзе гэты дзень быў абвешчаны Міжнародным ПЭН-клубам у падтрымку пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі. Штогод Нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб прыцягнуць увагу да несправядлівага зняволення пісьменнікаў і пісьменніц у розных краінах. Паводле падлікаў Беларускага ПЭНа, цяпер у зняволенні як мінімум 38 людзей Слова. Агулам яны асуджаныя да 238 гадоў пазбаўлення і абмежавання волі.
Катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне
З 2020 года праваабаронцы "Вясны" задакументавалі больш за 1 850 пацярпелых ад катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання. У Відэа "Вясны" актывістка і студэнтка Ганна, былы палітвязень па "справе Зэльцэра" Арцём Задруцкі і асуджаны за самы вялікі Марш у гісторыі Беларусі Яраслаў, распавялі пра катаванні і жорсткае абыходжанне пры затрыманні і ў месцах няволі Беларусі.
Перажыўшыя акты жорсткага абыходжання і адвольнага пазбаўлення волі распавядаюцьправаабаронцам абставіны справаў.
Былыя палітвязні апісалі, як адміністрацыя калоніі адвольна абмяжоўвала ім магчымасць папоўніць існуючы недахоп харчавання пакупкамі ў краме калоніі.
Праваабаронцы "Вясны" і "Прававой ініцыятывы" апублікавалі справаздачу "Як успрымаюць справядлівасць людзі, якія перажылі катаванні і/або жорсткае абыходжанне", прысвечаную таму, як успрымаюць справядлівасць беларусы і беларускі, якія сутыкнуліся з дзяржаўным гвалтам падчас і пасля масавых пратэстаў 2020 года. Дакумент ўяўляе сабой унікальнае даследаванне справядлівасці з трох частак: прававы аналіз, псіхалагічныя аспекты і сацыялагічныя дадзенныя.
Дванаццаць найбуйнейшых праваабарончых арганізацый выступілі з адкрытым лістом аб падтрымцы перадачы Літвой у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыі, звязанай са злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі вышэйшым кіраўніцтвам рэжыму Лукашэнкі. Яны заклікаюць дзяржавы-удзельніц МКС далучыцца да звароту Літвы з просьбай аб расследаванні такіх злачынстваў.
Дэградацыя адвакатуры. Пераслед адвакатаў
Адвакатура па-ранейшаму палітызуецца і ўцягваецца ў абслугоўванне інтарэсаў рэжыму: старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў у інтэрв'ю дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву БЕЛТА, згадаў прававую працу адвакатаў у розных працоўных калектывах, установах адукацыі па адным з «самых актуальных пытанняў, якое цікавіць людзей» – выбары прэзідэнта, якія маюць адбыцца: «адвакаты не толькі тлумачаць асноўныя нормы заканадаўства, але і звяртаюць увагу на адказнасць кожнага за свой голас».
На перыяд выбараў у Мінску арганізавана дзяжурства прадстаўнікоў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў для правядзення бясплатных кансультацый у грамадскіх прыёмных Мінскай гарадской і раённых структур РГА «Белая Русь»; падкрэсліваецца, што «падчас прыёму грамадзян у грамадскіх прыёмных «Белай Русі» можна пакінуць подпіс у падтрымку вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі».
Падчас асветніцкіх мерапрыемстваў на прадпрыемствах і ў арганізацыях адвакаты паўсюдна тлумачылі «пытанні адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за парушэнне грамадскага парадку і бяспекі».
За тры месяцы восені 2024 года кваліфікацыйнай камісіяй пры Міністэрстве юстыцыі прынята рашэнне аб магчымасці спынення ліцэнзіі ў дачыненні да чатырох адвакатаў — А.Марозава, Ю. Марозава, М. Севярын, Е. Розавай.
Такая сітуацыя з найважнейшым інстытутам прававой сістэмы дзяржавы заканамерна негатыўна адбіваецца на правах людзей, якія маюць патрэбу ў кваліфікаванай прававой дапамозе і эфектыўнай абароне сваіх правоў. Знішчаная незалежнасць адвакатуры цягне за сабой безабароннасць адвакатаў перад прафесійнымі рызыкамі, страту даверу, самацэнзуру, зніжэнне агульнага прафесійнага ўзроўню.
Пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ
Па стане на 30 лістапада пазбаўленыя волі 36 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
У канцы лістапада стала вядома пра тое, што ў судзе Шклоўскага раёна 11 снежня пачнецца разгляд чарговай крымінальнай справы палітвязня журналіста і блогера Ігара Карнея, якога ў сакавіку гэтага года асудзілі да трох гадоў зняволення. Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Тараканаў. Журналіста абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Вядома, што адміністрацыя шклоўскай калоніі № 17 змяшчала журналіста некалькі разоў у ПКТ. Фактычна, цяпер яго будуць судзіць у крымінальным парадку за" парушэнні", за якія ён ужо атрымаў спагнанні ад адміністрацыі. Палітвязню могуць дадаць яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
Парушэнне свабоды мірных сходаў. Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў
У Беларусі па-ранейшаму ігнаруюцца міжнародныя абавязкі па павазе, абароне і забеспячэнні рэалізацыі правоў на свабоду мірных сходаў і выказвання меркаванняў: удзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў прыцягваюць да крымінальнай адказнасці як вочна, так і завочна, з сур'ёзнымі парушэннямі стандартаў справядлівага суда.
У прыватнасці, у судзе Ленінскага раёна Брэста 6 лістапада вынесены прысуд Артуру Трушко,Вадзіму Кутасевічу і Аліне Новікавай па ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Шурын. Звесткі пра прысуд апублікаваў у сваім прэс-рэлізе Брэсцкі абласны суд, заўважыла "Берасцейская вясна". Артуру Трушко і Вадзіму Кутасевічу суддзя прызначыў кожнаму па адным годзе і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Аліне Новікавай – два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
У судзе Лунінецкага раёна 28 і 31 кастрычніка разглядалі крымінальную справу супраць Артура Молчана і Артура Канапацкага паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса (здзек над дзяржсімвалам). Суддзя Святлана Братанава прызнала хлопцаў вінаватымі і прызначыла кожнаму па шэсць месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Працэс праходзіў у выязным судовым пасяджэнні ў прысутнасці студэнтаў Політэхнічнага і аграрнага каледжаў. Молчана і Канапацкага адразу ўзялі пад варту. Як паведаміла "Берасцейская Вясна", хлопцаў асудзілі за тое, што яны ў 2021 годзе знялі дзяржаўны сцяг з будынка крамы ў аг. Дзятлавічы і нібыта спалілі.
У судзе Рагачоўскага раёна 8 кастрычніка адбыўся суд над 46-гадовым мясцовым жыхаром Аляксандрам Акакіевым. Яго прызналі вінаватым у абразе А. Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 Крымінальнага кодэкса). Суддзя Ірына Прадун прызначыла Аляксандру адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведаміла "Гомельская Вясна".
"Вясна" распавяла, колькі людзей асудзілі з 2020 года за абразу і паклёп на А.Лукашэнку, а таксама пра самыя абсурдныя прычыны пераследу па гэтых артыкулах.
Пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам
Заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі выкарыстоўваецца выключна для палітычна матываванага пераследу грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, а таксама як інструмент дзяржаўнага тэрору, у прыватнасці – для стварэння фармальных перадумоваў для апраўдання арыштаў і працяглага пазбаўлення волі.
Унясенне розных суб'ектаў у "Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" закладвае аснову для пераследу грамадзян за стварэнне экстрэмісцкіх або ўдзел у іх дзейнасці. У лістападзе Пералік папоўніўся чатырма пазіцыямі; усяго за тры гады (першае рашэнне прынята 21 верасня 2021 года) было прынята 246 адпаведных рашэнняў КДБ і МУС. У ліку новых "экстрэмісцкіх фармаванняў", сярод якіх "дваровая кааліцыя "Ордэн", з дзейнасцю якой звязаныя шырокамаштабныя затрыманні, якія адбыліся ў канцы верасня ў Беларусі, якія закранулі не менш за 200 чалавек.
У Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, за лістапад унесена 120 чалавек, у тым ліку 37 жанчын. Сярод новых імёнаў – асуджаныя завочна праваабаронца Алена Маслюкова і грамадскія дзяячкі Вераніка Цапкала і Вольга Карач, адзначаныя ў пераліку як тыя, хто адбывае пакаранне. Усяго ў пераліку імёны 4 714 чалавек. Унесеныя ў Пералік на працяглы тэрмін (на тэрмін судзімасці і пяць гадоў пасля яе пагашэння) паражаюцца ў правах.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унесены прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе 107 судовага рашэння тэлеграм-каналы, Youtube і Tik-Tok каналы, старонкі ў сацыяльных сетках і іншыя крыніцы і носьбіты інфармацыі. Распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў", пад якім беларускія спецслужбы і суды як правіла разумеюць няпэўна шырокае кола дзеянняў, не толькі тыя, якія прама забароненыя законам і пераследуюцца па Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, цягнуць пазбаўленне волі ці буйны штраф. Некалькі захаваных у сацыяльных сетках забароненых спасылак становяцца падставай для няпэўна працяглага адміністрацыйнага арышту – паслядоўна за кожную з захаваных або "распаўсюджаных" спасылак.
Варта падкрэсліць, што паводле інфармацыі першага намесніка міністра інфармацыі Андрэя Кунцэвіча, спіс налічвае 6 565 матэрыялаў. Спіс вядзецца з верасня 2008 года. Юрыдычная служба "Вясны" распавяла, як інфармацыйная прадукцыя становіцца экстрэмісцкай па рашэнні суда.
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Упершыню пра злачынствы Лукашэнкі на Асамблеі дзяржаў-удзельніц МКС
02 снежня 2024
Выступ кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі на сайд-івэнце «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі дзяржамі-удзельніцамі» ў рамках 23-й сесіі Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда
2 снежня 2024 года, Гаага
Паважаны кіраўнік міжнароднага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы, спадар Дзіковіч, прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц МКС.
Паважаныя арганізатары і дакладчыкі, паважаныя госці,
Перш за ўсё, дзякуй за прыцягненне ўвагі да Беларусі і злачынстваў, якія здзяйсняюцца рэжымам як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта першае ў гісторыі мерапрыемства, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі, на Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда.
Прайшло чатыры з паловай гады з таго часу, як Беларусь стала арэнай масавых зверстваў... Чатыры гады цяжкіх міжнародных злачынстваў, такіх як масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўныя знікненні, адвольныя заключэнні і забойствы…
Усе гэтыя зверствы адбываюцца ва ўмовах поўнай беспакаранасці для злачынцаў.
Рэжым у Мінску стварыў неверагодна эфектыўную машыну для масавага пераследу і рэпрэсій супраць тых, каго яны лічаць «нелаяльнымі». Гэты рэжым распрацаваў і ўкараніў цэлую дзяржаўную палітыку пераследу, увёўшы заканадаўства, накіраванае на дыскрымінацыю так званых нелаяльных, з мэтай, як неаднаразова заяўляў сам Аляксандр Лукашэнка, «ачысціць беларускае грамадства».
Створаная атмасфера страху, тэрору і пераследаў вымусіла каля 300,000 чалавек пакінуць сваю радзіму. Гэта азначае, што кожны трыццаты жыхар пакінуў Беларусь. У іх проста не заставалася іншага выбару. Мы разглядаем усіх гэтых людзей як ахвяр злачынства дэпартацыі, злачынства супраць чалавечнасці.
Аднак беларускія ўлады не спыніліся на выгнанні часткі насельніцтва за межы Беларусі; яны працягваюць пераследаваць беларусаў за мяжой.
Беларусы за мяжой і ў выгнанні падвяргаюцца:
запалохванню і пагрозам гвалтам;
ціску і крымінальнаму пераследу іх сваякоў і сяброў;
судоваму пераследку, а менавіта: крымінальным справам, ініцыяваным па палітычных матывах, завочным судовым працэсам без выканання належных працэдур, канфіскацыі маёмасці;
пазбаўленню іншых фундаментальных правоў.
Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў сукупнасці ўяўляюць сабой злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу, здзейсненае высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму за межамі краіны супраць беларусаў у выгнанні.
Такім чынам, 30 верасня Літва стала першай краінай, якая, прытрымліваючыся ідэалаў міжнароднага правасуддзя, скарысталася сваім правам у адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута і перадала ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыю з трансгранічнымі злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.
Адно з найважнейшых пытанняў сёння:
Ці далучацца іншыя краіны да ініцыятывы Літвы ў будучыні?
Практыка паказвае, што далучэнне іншых дзяржаў-удзельніц да звароту мае вялікае значэнне для поспеху гэтага працэсу.
Мы таму заклікаем нашых партнёраў — асабліва Польшчу і Латвію, якія далі прытулак большасці беларускіх бежанцаў, — падтрымаць зварот Літвы, умацаваць гэтыя намаганні па забеспячэнні адказнасці. І я шчыра веру, што сённяшняя выдатная экспертная дыскусія прадаставіць удзельнікам пераканаўчыя аргументы.
Дзякуй!
Крыніца: НАУ
Сумесная заява Канады і Дэмакратычных сілаў Беларусі
01 снежня 2024
26 лістапада 2024 года ў Атаве адбыліся стратэгічныя кансультацыі Ураду Канады і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў: Святланы Ціханоўскай і яе Офіса, членаў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Сустрэча прайшла ўпершыню і была прысвечаная пытанням:
– абароны асноўных правоў чалавека;
– дэмакратычнай устойлівасці;
– мэтанакіраваным санкцыям;
– дэмакратызацыі;
– вяршэнства права;
– дзеянням па забеспячэнні адказнасці рэжыму Лукашэнкі.
Удзельнікі выказалі сур’ёзную занепакоенасць працяглым ігнараваннем волі беларускага народа, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2025 года ў Беларусі, якія, як чакаецца, не будуць свабоднымі і справядлівымі.
Бакі рашуча асудзілі сістэматычнае выкарыстанне катаванняў, нечалавечага і зневажальнага абыходжання або пакарання, утрымання без сувязі са знешнім светам і іншых формаў рэпрэсіяў у Беларусі. Яны заклікалі да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і аднаўлення дэмакратычных свабод у краіне.
Канада падкрэсліла прыхільнасць узмацненню міжнародных намаганняў па супрацьдзеянні ўплыву Расіі і абароне правоў грамадзянаў Беларусі, уключаючы іх права на самавызначэнне. Бакі адзначылі важнасць усталявання сувязяў паміж беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі інстытутамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі, а таксама ўмацавання міжнародных сетак, якія падтрымліваюць беларусаў у барацьбе за свабоду, правы чалавека і незалежнасць.
Урад Канады пацвердзіў прыхільнасць да выкарыстання мэтанакіраваных санкцыяў супраць асобаў і арганізацыяў, якія парушаюць правы чалавека або падтрымліваюць, наўпрост ці ўскосна, агрэсіўную вайну Расіі супраць Украіны.
Улічваючы важную ролю незалежных СМІ, абодва бакі пагадзіліся падтрымліваць беларускіх журналістаў і медыяарганізацыі – асабліва тыя, што забяспечваюць дакладную інфармацыю аўдыторыі як унутры Беларусі, так і за яе межамі.
Кансультацыі Канады з беларускімі дэмакратычнымі сіламі пацвердзілі агульнае бачанне свабоднай і дэмакратычнай Беларусі: вольнай ад прыгнёту, карупцыі і замежнага ўмяшання. Бакі выказалі гатоўнасць працягваць адстойваць агульныя дэмакратычныя каштоўнасці і свабоды, паглыбляючы партнёрства праз узмоцненае супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных ініцыятываў, накіраваных на будаўніцтва будучыні, дзе Беларусь будзе свабоднай ад прыгнёту і знешняга ўмяшання.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Польскі суд адмовіў рэжыму Лукашэнкі ў экстрадыцыі беларускага актывіста Дзмітрыя Плескачова
28 лістапада 2024
28 лістапада акружны суд Познані пастанавіў адмовіць у экстрадыцыі беларуса Дзмітрыя Плескачова. Суд прызнаў, што запыт на экстрадыцыю актывіста, якога пераследуе рэжым Лукашэнкі, з’яўляецца палітычна матываваным.
«Экстрадыцыя стала б грубым парушэннем прынцыпаў міжнароднага права. Мы ўдзячныя польскім уладам за іх паслядоўную падтрымку ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці і абарону правоў беларусаў і беларусак», – адзначыў па заканчэнні пасяджэння Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях.
Варта падкрэсліць: прадстаўнік польскай пракуратуры таксама заявіў аб незаконнасці патрабаванняў рэжыму Лукашэнкі аб экстрадыцыі.
Адмова ў экстрадыцыі стала магчымай дзякуючы зладжанай працы дэмакратычных сілаў і польскага адваката, які прадстаўляў інтарэсы Дзмітрыя ў судзе. Офіс Святланы Ціханоўскай загадзя атрымаў інфармацыю пра гэтую справу ад прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай і праваабарончай арганізацыі «Dissident.by». Юрыдычная каманда Офіса аказала неабходную падтрымку і дапамогу Дзмітрыю і прысутнічала на пасяджэнні.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Дэмакратычныя сілы Беларусі і Канады далі старт стратэгічным кансультацыям у Атаве
27 лістапада 2024
У Атаве адбыліся першыя стратэгічныя кансультацыі паміж урадам Канады і беларускімі дэмакратычнымі сіламі – аналаг Стратэгічнага дыялогу з ЗША. Пра правядзенне кансультацыяў было вырашана на сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністаркай замежных справаў Канады Мелані Жалі.
Кансультацыі праходзілі па наступных напрамках:
Палітыка, бяспека і палітвязні.
Дэмакратызацыя і падтрымка беларускіх медыя.
Прыцягненне рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці.
Непрызнанне «бязвыбараў-2025».
Інтарэсы беларускага боку адвакатавалі Святлана Ціханоўская і яе Офіс, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Уладзімір Астапенка, прадстаўнікі НАУ, БелПол, а таксама журналісты незалежных беларускіх медыя. З канадскага боку бралі ўдзел прадстаўнікі ўраду, амбасадарка Канады ў Польшчы Кэтрын Годзін, МЗС, дырэктары дэпартаментаў, якія займаюцца санкцыямі і міжнародным правасуддзем.
Асноўная ўвага падчас кансультацыяў была прысвечаная падтрымцы незалежных СМІ, прыцягненню рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, «бязвыбарам» 2025 году і ваенна-палітычнай сітуацыі ў рэгіёне.
Святлана Ціханоўская адзначыла:
«Кансультацыі адкрылі новую старонку ў адносінах паміж Беларуссю і Канадай. Мы будзем працаваць разам для вызвалення палітвязняў, падтрымкі незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці Беларусі. У наступным годзе Канада пачынае старшынства ў G7, і мы спадзяёмся, што Беларусь будзе адным з прыярытэтаў».
Мэта падобных камунікацыяў – выпрацоўка супольных пазіцыяў і прыярытэтаў па ключавых пытаннях і паляпшэнне праграмаў падтрымак. Правядзенне такіх кансультацыяў спрыяе прызнанню суб’ектнасці дэмакратычных сілаў.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская заклікала Парламенцкую Асамблею НАТА падтрымаць дэмакратычную і суверэнную Беларусь
24 лістапада 2024
Падчас працоўнага візіту ў Канаду Святлана Ціханоўская выступіла перад Парламенцкай асамблеяй НАТА, якая сабрала больш за 260 парламентарыяў з краінаў-чальцоў Альянсу і партнёрскіх дзяржаваў. Асноўныя тэмы асамблеі ўключалі вайну ва Украіне, трансфармацыю НАТА перад пагрозамі з боку аўтарытарных рэжымаў, а таксама шырокі спектр пытанняў бяспекі, з якімі сутыкаецца Альянс.
Тэмы, якія Ціханоўская акрэсліла ў прамове:
📌 Важнасць пераменаў у Беларусі.
📌 Неабходнасць падтрымкі дэмакратычных сілаў. Ціханоўская заклікала разглядаць дапамогу Беларусі не як дабрачыннасць, а як інвестыцыю ў бяспеку і стабільнасць рэгіёну.
📌 Перамога Украіны – ключ да свабоды Беларусі.
📌 Супраціў рэжыму. Беларусы працягваюць змагацца за перамены, нягледзячы на рэпрэсіі.
📌 Аўтарытарныя рэжымы не вечныя. Дыктатура выглядае моцнай, але яна крохкая.
📌 Заклік да дзеянняў. Лідарка дэмакратычных сілаў папрасіла міжнародную супольнасць адназначна асудзіць фальшывыя выбары ў Беларусі і падтрымаць ініцыятывы па прыцягненні рэжыму да адказнасці.
Святлана Ціханоўская: «Рэжым сам сябе не зменіць. Дыктатуру трэба замяніць дэмакратыяй, бо без гэтага палітвязні не будуць вызваленыя, правакацыі на мяжы не спыняцца, і Лукашэнка застанецца пагрозай для ўсяго рэгіёну. Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна. Давайце змагацца за будучыню, дзе Беларусь і Украіна свабодныя, а Еўропа аб’яднаная».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Заява Офіса Святланы Ціханоўскай у сувязі з экстрадыцыяй Васіля Верамейчыка з В’етнама
21 лістапада 2024
З В’етнама экстрадавалі грамадзяніна Беларусі Васіля Верамейчыка, былога байца палка Каліноўскага, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, а затым пераехаў ва Украіну, дзе служыў намеснікам камандзіра батальёна «Волат». У 2024 годзе, пасля заканчэння службы, Васіль быў абраны ў Каардынацыйную раду і стаў сузаснавальнікам Асацыяцыі беларускіх ветэранаў.
Экстрадыцыя Васіля Верамейчыка – гэта прамое наступства рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, які працягвае пераслед апанентаў, выводзячы ўзровень рэпрэсіяў на міжнародны ўзровень. Офіс Святланы Ціханоўскай падкрэслівае неабходнасць узмацнення міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Гэтая абарона неабходная не толькі беларусам і беларускам, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў, але і тым, хто абараняе будучыню Еўропы, змагаючыся на баку Украіны.
Заклікаем міжнародную супольнасць:
– змяніць падыходы да разгляду справаў па прадастаўленні міжнароднай абароны, акцэнтуючы ўвагу на індывідуальным аналізе абставінаў кожнага асобнага выпадку;
– разарваць супрацоўніцтва з сілавымі структурамі Рэспублікі Беларусь;
– прыпыніць двухбаковыя пагадненні аб экстрадыцыі і прававой дапамозе з Рэспублікай Беларусь.
Настойліва рэкамендуем усім беларусам, якія знаходзяцца за межамі краіны, быць максімальна ўважлівымі і асцярожнымі, улічваючы магчымыя дзеянні спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі. Каб мінімізаваць рызыку экстрадыцыі, звярайцеся з сайтам pashpart.org і правярайце спіс краінаў, куды небяспечна накіроўвацца беларусам, якія падпалі пад пераслед рэжыму.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
«Для трывалага міру ў Еўропе нам трэба вызваліць Беларусь не толькі ад дыктатуры, але і з расійскіх кіпцюроў»
20 лістапада 2024
Падчас працоўнага візіту ў Вену беларуская лідарка далучылася да мерапрыемства Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ). Падзея сабрала амбасадараў і дыпламатаў, якія прадстаўляюць краіны-чальцы АБСЕ, а таксама сяброў групаў за дэмакратычную Беларусь.
Ціханоўская ўзняла актуальныя пытанні ў дачыненні да Беларусі, якія АБСЕ важна трымаць на парадку дня:
Рэгіянальная бяспека
«Без дэмакратычнай Беларусі ў рэгіёне не будзе трывалага міру. Калі б рэжым Лукашэнкі скончыўся ў 2020 годзе, поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, магчыма, і не пачалося б. Такім чынам барацьба за перамены ў Беларусі не з’яўляецца ўнутраным пытаннем».
Беларусь на карце Еўропы
«Нашыя незалежнасць і існаванне знаходзяцца пад пагрозай. Магчыма, перамовы аб спыненні вайны ва Украіне пачнуцца найбліжэйшым часам. Баюся, што Беларусь будзе аддадзеная Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза».
Не дазволіць рэжыму перагарнуць старонку
«26 студзеня Лукашэнка правядзе так званыя «выбары», на якіх не будзе ні кандыдатаў, ні падліку галасоў, ні назіральнікаў. Былыя кандыдаты застаюцца ў турме, як і тысячы іншых беларусаў. Сотні тысячаў грамадзянаў – у выгнанні і пазбаўленыя выбарчых правоў. Пасля гэтага фарсу палітыка заходніх краінаў у дачыненні да Беларусі не павінна мяняцца».
Пасярэдніцтва АБСЕ ў правядзенні пераходнага перыяду
«Мы распрацавалі план на выпадак непрадбачаных абставінаў: што робім мы і што павінна зрабіць міжнародная супольнасць, калі адкрыецца акно магчымасцяў. Дэмакратычныя сілы будуць гатовыя скіраваць Беларусь на еўрапейскі шлях развіцця. Але для гэтага спатрэбіцца пасярэдніцтва і падтрымка АБСЕ».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Падтрымка беларускіх палітвязняў, стыпендыі для беларускіх студэнтаў, інструкцыі па беларусах у міграцыйныя органы
19 лістапада 2024
Беларуская лідарка падчас візіту ў Эстонію сустрэлася з міністрам замежных справаў Маргусам Цахкнам, міністаркай адукацыі Крысцінай Калас, міністаркай культуры Хэйдзі Пургай і міністрам унутраных справаў Лаўры Ляэнэметсам.
З міністрам унутраных справаў Лаўры Ляэнэметсам Ціханоўская ўзняла наступныя пытанні:
легалізацыя беларусаў у Эстоніі;
стварэнне і адпраўка інструкцыяў у міграцыйныя органы Эстоніі пра тое, як працаваць з беларускімі кейсамі;
выдача візаў і відаў на жыхарства студэнтам;
пашпарты замежніка.
З міністаркай адукацыі абмеркавалі:
дадатковыя стыпендыі для беларускіх студэнтаў;
магчымасць увядзення беларускай мовы і гісторыі ў некаторых школах Таліна;
адкрыццё Хола Луцкевіча, першага прэм’ера БНР, якія вучыўся ва ўніверсітэце Тарту.
З міністрам замежных справаў:
так званыя «прэзідэнцкія выбары» ў Беларусі – Эстонія загадзя не прызнала «выбары 2025»;
падтрымку пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці;
узмацненне ціску на рэжым, комплекс санкцыяў за парушэннеі правоў чалавека;
падтрымка дэмакратычных сілаў;
падтрымка Міжнароднага гуманітарнага фонду – эстонскія ўлады прынялі рашэнне выдзеліць сродкі на беларускіх палітвязняў.
З міністаркай культуры:
пераклад беларускай літаратуры на эстонскую мову;
правядзенне сумесных мерапрыемстваў у галіне культуры;
праграмы падтрымкі для беларускіх актораў і студэнтаў;
выстава Уладзіміра Цэслера ў Эстоніі.
Акрамя таго, Святлана Ціханоўская ўручыла міністру замежных справаў Эстоніі «Крыж добрасуседства» – вышэйшую ўзнагароду дэмакратычных сілаў Беларусі.
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Мінімум 1213 адміністрацыйна асуджаных: у Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі ўзмацніліся рэпрэсіі
14 лістапада 2024
Чарговыя выбары прэзідэнта ў Беларусі, якія пройдуць 26 студзеня 2025 года, суправаджаюцца традыцыйнымі рэпрэсіямі. Штодзённа ў дамы дзясяткаў людзей урываюцца ўзброеныя сілавікі. Людзей брутальна затрымліваюць, некаторых збіваюць і катуюць. Сітуацыя перад новымі выбарамі толькі пагаршаецца. З верасня па сярэдзіну лістапада ў судах разгледзелі не менш за 1 213 палітычных адміністрацыйных справаў, абсалютная большасць з якіх — за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Масавыя затрыманні адбываюцца па ўсёй Беларусі, нават у маленькіх гарадах. "Вясна" распавядае, як улады "зачышчаюць" краіну ад "экстрэмістаў" перад выбарамі-2025.
Прэвентыўная "зачыстка" актывістаў перад выбарамі — традыцыйная практыка рэжыму. Але цяпер пад яе трапляюць і тыя, хто чытае незалежныя СМІ, нават калі артыкул тычыцца здароўя, слухае беларускія "экстрэмісцкія" гурты ці выказвае салідарнасць з палітвязнямі. Жорсткія рэпрэсіі не спыняліся ні на дзень з пачатку перадвыбарчай кампаніі ў 2020 годзе, але цяпер сітуацыя толькі пагаршаецца. Праваабаронцы "Вясны" прааналізавалі, як у параўнанні з летнімі месяцамі павялічылася колькасць палітычных адміністрацыйных судоў за верасень, кастрычнік і палову лістапада.
Агулам за апошнія два з паловай месяцы праваабаронцы зафіксавалі 1 452 факты рэпрэсій (затрыманні, ператрусы, адміністрацыйныя суды і г.д.). За гэты перыяд беларускія суддзі разгледзелі 1 213 справаў паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне): 488 — у верасні, 537 — у кастрычніку, 188 — за першыя два тыдні лістапада. Пры гэтым цягам трох летніх месяцаў было разгледжана толькі 975 справаў. Асобна адзначым, што ўсе лічбы могуць быць значна большымі праз тое, што праваабаронцы не валодаюць усімі звесткамі пра рэпрэсіі.
У рэгіёнах Беларусі фіксуецца больш фактаў пераследу, чым у Мінску. Так, самай рэпрэсіўнай вобласцю з'яўляецца Гомельская — мінімум 337 чалавек былі асуджаныя ў адміністрацыйным парадку. Толькі ў Рэчыцы былі асуджаныя не менш за 98 чалавек. На другім месцы — Брэсцкая. Там адбыліся мінімум 278 судоў, большасць з якіх разглядалася ў Брэсце. Менавіта там судзяць тых, каго затрымліваюць на мяжы па вяртанні ў Беларусь. Апроч гэтага, масава судзяць і жыхароў Баранавічаў — 56 выпадкаў. Таксама людзей масава судзяць у Барысаве, Ваўкавыску, Глыбокім, Добрушы, Жлобіне, Лепелі, Мазыры, Наваполацку, Оршы, Пінску і іншых гарадах.
Падчас апошняга вядомага масавага рэйду сілавікоў 31 кастрычніка і 1 лістапада па ўсёй Беларусі былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Супрацоўнікі КДБ прыходзілі да людзей у межах крымінальнай справы, узбуджанай паводле арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытанні наконт дваровых чатаў. 4 лістапада КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" шэраг дваровых чатаў — меркавана, гэта і стала прычынай масавых затрыманняў.
Калі вы сутыкнуліся з палітычна матываваным пераследам, былі асуджаныя па адміністрацыйнай ці крымінальнай справай, адбывалі пераслед у ІЧУ, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo. Дапамажыце зафіксаваць усе факты рэпрэсій, каб паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі!
Крыніца: ПЦ "Вясна"
Стала вядома адразу пра два першыя вядомыя выпадакі атрымання пашпартоў іншаземцаў беларусам і беларускай у Аўстрыі
13 лістапада 2024
Як паведамілі ў Народнай амбасадзе Беларусі ў Аўстрыі:
«Раней такая практыка ў адносінах да беларусаў і беларусак не ўжывалася. Таму што была магчымасць звярнуцца ў амбасаду і атрымаць новы пашпарт (што стала немагчымым пасля ўказу, які спыніў аказанне консульскіх паслуг для беларусаў замежжа), або ў рэдкіх выпадках праверанага пераследу беларусы атрымлівалі статус уцекачоў.
Аднак, як падкрэсліў суддзя, хадайніцтва аб міжнароднай абароне з'яўляецца правам кожнага грамадзяніна, а не неабходнай ўмовай, каб даказаць небяспеку вяртання ў краіну паходжання».
І вось сёння стала вядома, што адразу двум грамадзянам Беларусі ў Аўстрыі былі выдадзены пашпарты іншаземцаў.
«У кожным індывідуальным выпадку неабходна даказваць небяспеку паездкі ў Беларусь для прадаўжэння нацыянальнага пашпарта, а працэдура падачы на пашпарт іншаземца не прадугледжвае глыбокай праверкі.
Магчыма адмова ў першай інстанцыі, але не варта апускаць рукі, можна пісаць абскарджанне ў зямельны суд. Народная амбасада Беларусі ў Аўстрыі гатова аказаць кансультацыйную дапамогу».
Падрабязней пра тое, як атрымаць пашпарт замежніка 👉 тут. Калі ёсць пытанні — звяртайцеся на пошту austria@belarusabroad.org
Народная амбасада Беларусі ў Аўстрыі будзе працягваць лабіраваць тэму пашпартоў замежніка, каб пашырыць магчымасці атрымання для тых, хто пакуль не падпадае пад прынятыя крытэры, напрыклад, студэнты і студэнткі альбо тыя, хто жыве ў краіне менш за 5 гадоў. Вельмі важна, што быў створаны такі прэцэдэнт, які дае магчымасць атрымання праязнога дакумента беларусам і беларускам у Аўстрыі.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Першы вядомы выпадак выдачы пашпарта іншаземца беларусу ў Швецыі
13 лістапада 2024
У верасні 2023 года незаконны рэжым Лукашэнкі спыніў аказанне консульскіх паслуг для беларусаў і беларусак, якія пражываюць за мяжой. Гэтае рашэнне паставіла тысячы беларусаў і беларусак у вельмі складанае становішча: каб падоўжыць свае дакументы ім заставаўся толькі адзін шлях — вярнуцца ў Беларусь. Аднак там ім пагражалі рэпрэсіі, праверкі сацыяльных сетак і рызыка крымінальнага пераследу, калі высветліцца, што яны калі-небудзь крытыкавалі рэжым або падпісваліся на апазіцыйныя рэсурсы.
У адказ на гэтыя абставіны Народныя амбасады Беларусі распачалі перамовы з уладамі іншых краін, каб абараніць беларусаў і беларусак, якія апынуліся ў гэтай уразлівай сітуацыі. У шэрагу краін удалося дамагчыся канкрэтных рашэнняў. Адна з такіх краін — Швецыя.
У сакавіку 2024 года Міграцыйнае ведамства Швецыі абвясціла, што беларусам і беларускам, якія афіцыйна пражываюць у Швецыі і баяцца за сваю бяспеку на радзіме, не варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэння дакументаў. Замест гэтага Швецыя гатова выдаваць так званыя «пашпарты іншаземцаў» тым, хто мае права на пражыванне ў краіне.
Хаця прававая пазіцыя ўступіла ў сілу яшчэ вясной гэтага года, пра рэальныя выпадкаі выдачы пашпартоў іншаземцаў нічога не было вядома. І вось учора стала вядома, што аднаму з грамадзян Беларусі ў Швецыі быў выдадзены пашпарт іншаземца.
Народная амбасада Беларусі ў Швецыі спадзяецца, што гэты выпадак стане першым у шэрагу паспяховых прыкладаў, якія пацвердзяць эфектыўнасць новай сістэмы.
Крыніца: Народныя амбасады Беларусі
Cвятлана Ціханоўская – да чацвёртай гадавіны смерці Рамана Бандарэнкі
12 лістапада 2024
«Чатыры гады таму загінуў Раман Бандарэнка – і я добра памятаю той дзень. Жах і абурэнне ад гэтай трагедыі адгукнуліся ў сэрцы кожнага беларуса. Забойства Рамана – гэта не проста смутак адной сям’і: гэта агульны боль, які мы ўсе носім у сабе.
Тое, што здарылася той ноччу, на жаль, не адзінае злачынства. З-за помслівасці рэжыму цягам дзесяцігоддзяў у Беларусі бясследна знікалі людзі. У 90-я гады знішчаліся палітыкі, ваенныя, актывісты, журналісты – людзі, якія мелі мужнасць казаць праўду. Усе яны былі пазбаўленыя жыцця проста за тое, што кінулі выклік дыктатуры – і не збаяліся супрацьстаяць Лукашэнку. На жаль, і сёння метад захавання ўлады ў рэжыму і яго памагатых той жа самы – гвалт.
Кожны дзень мы бачым новыя арышты і палітычныя пераследы, сутыкаемся з жудаснымі гісторыямі зняволенняў і катаванняў. Рэпрэсіі не спыняюцца – яны сталі страшнай часткай штодзённасці. І, як раней, забіраюць свабоду і жыццё тых, хто мае адвагу адстойваць сваё меркаванне. Кожны палітвязень, кожная ахвяра рэжыму – гэта разбураная сям’я, пакінутыя бацькі, жонкі і дзеці. Толькі за апошнія 4 гады мінімум 18 чалавек было забіта або закатавана рэжымам.
Нам нельга забываць пра тых, хто загінуў ад пераследу рэжыму. Гэта памяць не толькі пра мінулае, але і пра тое, што злачынствы працягваюцца. Нашая задача – дамагчыся справядлівасці і зрабіць усё, каб такія трагедыі больш ніколі не паўтарыліся».
Крыніца: Святлана Ціханоўская
Беларускі дзень у Страсбургу
07 лістапада 2024
Падчас працоўнага візіту ў Страсбург Святлана Ціханоўская сустрэлася з Генеральным сакратаром Рады Еўропы Аленам Берсэ і прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэадорасам Русопуласам. Таксама беларуская лідарка выступіла на Сусветным форуме за дэмакратыю.
У дыялогах абмяркоўваліся:
спосабы вызвалення і шляхі дапамогі палітвязням;
паляпшэнне мабільнасці беларусаў праз выдачу візаў і спрашчэнне працэдураў легалізацыі;
непрызнанне еўрапейскімі партнёрамі «выбараў» 2025 года;
падтрымка культуры і незалежных медыя ў Беларусі;
далейшыя крокі супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і структурамі Рады Еўропы.
Вынікі візіту:
Стварэнне Інфармацыйнага офіса Рады Еўропы па Беларусі ў Вільні. 6 лістапада Камітэт міністраў Рады Еўропы прагаласаваў за гэтае рашэнне, цяпер чакаецца галасаванне ў Сейме Літвы.
Запуск праграмы стажыровак для беларусаў у Радзе Еўропы – беспрэцэдэнтнае рашэнне, бо Беларусь не з’яўляецца фармальным сябрам арганізацыі.
Напрыканцы студзеня беларуская дэлегацыя ад Каардынацыйнай Рады ўпершыню афіцыйна прыме ўдзел у сесіі ПАРЕ.
Працяг працы Кантактнай групы паміж дэмакратычнымі сіламі і Радай Еўропы. Наступнае пасяджэнне запланавана на 2 снеж